Воскресенье, 23 сентября 2018

Африканская чума свиней: мифы и реальность

3 396

На тэрыторыі рэспублікі зафіксаваны выпадкі захворвання свіней афрыканскай чумой. Пэўныя каранцінныя мерапрыемствы праводзяцца і ў Пружанскім раёне. З гэтай нагоды ў рэдакцыю тэлефануюць вяскоўцы: растлумачце, што рабіць?  На пытанні карэспандэнта адказала галоўны ветэрынарны ўрач раёна Н.В.Кот. — Адразу хачу супакоіць чытачоў газеты: на тэрыторыі нашага раёна захворванняў свіней афрыканскай чумой не зафіксавана, — гаворыць Надзея Васільеўна.

— Але яшчэ ў маі мінулага года было прынята рашэннне райвыканкама №901, дзе зацверджаны комплексны план мерапрыемстваў па недапушчэнні афрыканскай чумы свіней на тэрыторыю раёна. Згодна з ім, свінакомплексы ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Ружаны-Агра» працуюць у закрытым рэжыме.

Акрамя гэтага, рэкамендавана жыхарам, якія трымаюць свіней у радыусе 5 кіламетраў ад свінакомплекса, пазбавіцца ад іх: забіць для ўласнага спажывання ці прадаць жывой вагой. У зону трапляюць некаторыя населеныя пункты Хараўскога, Мокраўскага, Пружанскага сельсаветаў і Ружанскага пассавета. Людзі павінны з разуменнем аднесціся да падобнага мерапрыемства. Паверце, лепш страшнае захворванне папярэдзіць, чым потым пажынаць плады нашай абыякавасці.

— Якіх правілаў па-вінны прытрымлівацца ўладальнікі асабістых падсобных гаспадарак?

— Неабходна ўтрымліваць свіней у закрытых памяшканнях, не дапускаць іх свабоднага выгулу. Таксама непажадана наведванне іх пабочнымі асобамі. Не трэба набываць кармы і кармавыя дабаўкі невядомага паходжання. Патрэбна апрацоўваць свіней і памяшканне для іх утрымання ад крывасосных насякомых, пастаянна весці барацьбу з грызунамі.

Аб усіх выпадках захворвання свіней жыхары раёна павінны неадкладна паведамляць спецыялістам дзяржаўнай ветэрынарнай службы.

— Што з’яўляецца крыніцай узбуджальніка хваробы?

— Крыніцай узбуджальніка хваробы з’яўляюцца хворыя свінні. З арганізма заражоных жывёл вірус выдзяляецца з фекаліямі, мачой, слінай, а таксама з крывёю пры насавых і іншых відах кровацёкаў. Асабліва небяспечнымі з’яўляюцца прадукты забою заражоных свіней(мяса, сала, косці, скура і інш.). Вірус могуць распаўсюджваць людзі, хатнія і дзікія жывёлы, насякомыя, грызуны, якія знаходзіліся на інфіцыраваных тэрыторыях.

—Нагадайце, калі ласка, пра асноўныя клінічныя прыкметы захворвання свіней афрыканскай чумой.

— Яны праяўляюцца на 2-6 дзень пасля заражэння. Цячэнне захворвання падраздзяляецца на маланкавае, вострае, падвострае і радзей хранічнае. Пры маланкавым цячэнні жывёлы гінуць без якіх-небудзь прыкмет. Пры вострым — у жывёл павышаецца тэмпература цела да 42 градусаў, адзначаецца адышка, кашаль, з’яўляюцца прыступы ванітавання, паралічы задніх канечнасцяў. На скуры ў вобласці ўнутранай паверхні бёдзер, на жываце, шыі, ля вушэй бачны чырвона-фіялетавыя плямы. Хворыя жывёлы больш ляжаць, зарыўшыся ў падсцілку.

Пакуль у свеце нідзе няма ні сродкаў для лячэння афрыканскай чумы, ні вакцыны для прафілактыкі захворвання.

Гутарыў

Мікола Архуцік.

P.S.У газеце «Советская Белоруссия» №125 ад 10.07.2013 года надрукаваны артыкул «Людям надо говорить правду», дзе ўзнімаецца пытанне распаўсюджання афрыканскай чумы свіней у рэспубліцы. У прыватнасці, гаворыцца, што пераносчыкамі хваробы могуць быць дзікі, якія мігрыруюць з памежных абласцей Расіі, таму паляўнічым неабходна быць уважлівымі да сваіх трафеяў.

Першы намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Юрый Піваварчык просіць не паддавацца панічным настроям і не спяшацца забіваць свіней у асабістых падсобных гаспадарках. А калі рабіць гэта, то цывілізавана і пад кантролем работ-ніка ветэрынарнай службы, які павінен пераканацца, што жывёла здаровая.

Звярніце ўвагу на змяненні ў заканадаўстве!

Пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 2013 г. №23 унесены дапаўненнні ў пастанову ад 4.01. 2013 г. №1 «Аб зацвярджэнні ветэрынарна-санітарных правіл утрымання прадуктыўных жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян».

Згодна з імі, дапускаецца да 1 студзеня 2014 года самастойна рабіць забой буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней і іншых жывёл для наступнай рэалізацыі мяса і прадуктаў забою ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян пад кантролем спецыяліста ветэрынарнай службы з абавязковай ветэрынарна-санітарнай экспертызай туш і органаў, а таксама ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і мясных прадуктаў.

*

Згодна з указаннямі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду, перавозка свіней і прадуктаў свінаводства ў межах раёна дапускаецца па ўзгадненні з галоўным дзяржаўным ветэрынарным урачом раёна; перавозка паміж раёнамі ў межах адной вобласці — па ўзгадненні з галоўным дзяржаўным ветэрынарным інспектарам вобласці.

Дэпартамент паведамляе, што з 28 чэрвеня 2013 года міжабласныя перавозкі свіней і прадуктаў свінаводства ў межах Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца толькі з дазволу галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектра Рэспублікі Беларусь або яго намесніка.

Один комментарий

  • Анастасия

    С 25 июля по 5 августа приказано уничтожить всех свиней на подворьях «буферной зоны»….Это превышение полномочий Райисполкома!Даже в дополнениях МинСельХоза нет разрешения на проведение во второй зоне(или как они сейчас называют «буферной» зоне)таких же как в первой.Они только должны вести наблюдение и разъяснительную работу среди населения.Люди не ВЕДИТЕСЬ на это!Они действуют вопреки закону…НА ЛОХА ,так сказать…Просто ПЕРЕСТРАХОВЫВАЮТСЯ!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *