Суббота, 22 сентября 2018

Необычное хобби жителя Пружан: от мотоцикла до музея

2 148

Захапленняў у людзей не злічыць. Нехта збірае маркі, грашовыя знакі, паштоўкі, значкі, гузікі… Нехта стварае ўласную калекцыю дарагіх аўтамабіляў ці яхт (калі грошы дазваляюць, зразумела). А жыхар нашага горада Сяргей Мазець вырашыў збіраць… матацыклы. Гэтым відам транспарту Сяргей «захварэў» з дзяцінства. Цяга да ўсяго, што гудзе і спажывае бензін, перадалася хлопцу ад бацькі, які ўсё жыццё прарабіў механікам. Неаднаразова тата браў  сына на сваю работу, дзе малы гадзінамі гуляў з рознымі «жалезкамі», корпаўся ў рухавіках і шасі. Нават давялося пасядзець за рулём шматтоннага «ЗІЛа».

Ён марыў сабраць уласны картынг. Зрабіў у другім класе раму для міні-аўтамабіля, збіраў уласнаручна шасі…

Тая мара  не ажыццявілася, але на захапленне хлопца ўвогуле гэта не паўплывала. І любоў да «жалезных коняў» стала неабмежаванай, калі ў шостым класе бацькі падарылі Сяргею мапед «Верхавіна». Тры гады хлопец быў улюбёны ў свайго двухколавага сябра, часцяком корпаўся ў яго ўнутранасцях, імкнуўся ўдасканаліць цягу. Аднак захапленне знікла, калі апрабаваў больш хуткую «Яву». Мінула некалькі гадоў і, апантаны гэтым матацыклам, ён займеў уласны.

— З таго часу, а мне тады стукнула шаснаццаць, я, напэўна, больш за дзесяць гадоў ад’ездзіў толькі на «Явах»,— расказвае калекцыянер.

Але да рэальнага калекцыяніравання тэхнікі было далёка. Яно пачалося з таго, што Сяргей убачыў у аднаго з жыхароў раёна  ІЖ-49 1951 года выпуску. Гэта было дзесяць гадоў таму. Ён угаварыў уладальніка прадаць яму гэты «металалом». Потым знайшоў яшчэ адну такую мадэль, а там і трэцюю. І тады вырашыў аднавіць па запчастках гэты знакаміты матацыкл.

Калекцыя Сяргея Мазеця збіраецца марудна, бо ён абраў самы складаны шлях: не проста аднаўляе знешні выгляд матацыклаў, а поўнасцю рамантуе іх, каб яны зноў сталі прыгоднымі да язды.

Перашкаджаюць і чыста аб’ектыўныя прычыны. Справа ў тым, што адшукаць запчасткі на гэты від транспарту вельмі складана. Матацыклы часцей за ўсё выкарыстоўвалі падлеткі, якія не вельмі пяшчотна адносяцца да тэхнікі. Акрамя таго, часта двухколавы «жалезны конь» выкарыстоўваўся на дрэнных дарогах, дзе аўтамабіль нават не здолеў бы праехаць. У выніку, калі і засталіся рэшткі рарытэтных цяпер матацыклаў, то яны маюць непрывабны стан.

Асобныя ўмельцы аднаўляюць некаторыя запчасткі, але і кошт іх адпаведны. Напрыклад, Сяргей працяглы час шукаў выхлапную трубу для свайго Іжа. У інтэрнэце знайшоў адпаведную продажную прапанову, але коштам… у восем з паловай тысяч долараў ЗША! Таму большасць запасных частак калекцыянер вырабляе ўласнаручна. Не ўсё атрымліваецца і не адразу, бо часам даводзіцца разбіраць па спіцах, каб нават маленькі вінцік давесці да фабрычнага выгляду. Здаралася, што прыходзілася пачынаць усю работу спачатку. Але ў тым было больш задавальнення, калі ўсё пачынала атрымлівацца як належыць.

Першы экспанат калекцыі практычна даведзены да толку. Такая ж мадэль, але чорнага колеру, гатова прыкладна   на дзве трэці. Пасля яе Сяргей мяркуе заняцца набытым «Мінск К-1» 1965 года, пра якога нават у інтэрнэце не знайшоў гістарычных звестак, хаця некаторыя ўладальнікі выстаўляюць адноўленыя мадэлі па вялікім кошце. А потым дойдуць рукі і да Іж-56… Паралельна Мазець працягвае пошук амаль разбураных рэштак гэтых транспартных адзінак, закінутых па хлявах і смеццязвалках. З гэтай мэтай ён аб’ехаў нямала гарадоў і вёсак па Беларусі, пабываў і ва Украіне.

Дарэчы, рарытэтныя матацыклы ва ўсім свеце збіраюць толькі адзінкі. Большасць імкнецца набываць дарагія і рэдкія мадэлі з апошніх выпускаў. У Беларусі такіх аматараў таксама няма. Ёсць уладальнікі рэдкіх экземпляраў у штучным варыянце, але ніхто пакуль не імкнуўся ствараць уласную калекцыю. Таму Сяргей мяркуе збіраць калекцыю не для сябе, а каб у будучым прадставіць іх шырокай публіцы. Асабліва яму хочацца паказаць сваё захапленне дзецям, якія і ў сучаснасці часта захапляюцца двухколавымі «жалезнымі конямі».

На здымку: вось ён — першы экспанат музея Сяргея Мазеця.

Даведка «Аўтабудняў»:

Іж-49 — дарожны матацыкл сярэдняга класа. Выпускаўся Іжэўскім машынабудаўнічым заводам з 1951 па 1958 год.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны з Германіі ў якасці рэпарацый было вывезена абсталяванне завода DKW, Іжэўскі завод атрымаў у сваё распараджэнне станкі. У 1946 годзе пад кантролем запрошанага галоўнага канструктара DKW Германа Вэбера і іншых інжынераў пачаўся выпуск матацыкла Іж-350, на базе нямецкага матацыкла DKW NZ 350. У 1951 годзе вытворчасць была пераведзена на масавы выпуск матацыклаў Іж-49, які заваяваў вялікую папулярнасць у савецкіх людзей. За кошт ужывання пярэдняй вілкі тэлескапічнага тыпу, задняй падвескі з гідраўлічнымі амартызатарамі і іншых удасканаленняў павялічылася камфартабельнасць язды, палепшылася праходнасць матацыкла ў дрэнных дарожных умовах. Аднак праз сем гадоў выпуск Іж-49 быў спынены, бо з 1955 года ўжо выпускалася новая мадэль — Іж-56. Усяго было сабрана 507 603 матацыклаў Іж-49.

Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *