Здаецца, зіма мінула, на вуліцах няма ўборачнай тэхнікі і праблем з прыпаркаванымі аўтамабілямі павінна стаць менш. Аднак, як зазначаюць супрацоўнікі ДАІ, з пацяпленнем павялічыўся паток скаргаў на «замашыненыя» двары. Сапраўды, аўтааматары не хаваюць цяпер свае аўто ў гаражы і пакідаюць пад вокнамі дамоў, каля пад’ездаў. І на газонах. Асабліва гэта відавочна ў Новых Засімавічах, дзе мы разам з інспектарамі ДАІ днямі пабывалі з рэйдам.
За паўгадзіны былі выяўлены дзясяткі машын, прыпаркаваных не належным чынам. Як расказвае старшыня сельвыканкама І.А.Казакевіч, каля дамоў хапае стаяначных месцаў, ды і гаражоў тут значна больш, чым транспарту. Але кожны імкнецца пакінуць машыну перад домам, нягледзячы на тое, што заняў газон або дзіцячую пляцоўку.
— Зараз наводзіць парадак з дапамогай штрафных санкцый стала значна лягчэй,— расказвае старшы інспектар ДПС А.А.Краснакуцкі.— Калі раней мы маглі складаць пратакол толькі пасля вызначэння асобы ўладальніка, з яго подпісам, то цяпер дастаткова сфатаграфаваць аўтамабіль на газоне і выклікаць вадзіцеля ў інспекцыю. За першае такое парушэнне прадугледжаны штраф у адну базавую велічыню — 100 тысяч рублёў, за паўторнае на працягу года — у 200 тысяч рублёў. Для вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў штрафы адпаведна ўзрастаюць у пяць разоў.
Аднак, разам з гэтым інспектар зазначае, што «рублём» праблему не вырашыць. Асабліва востра яна стаіць апошнія пяць гадоў менавіта ў райцэнтры. На ўсе Пружаны сёння дзейнічаюць восем стаянак. Гэта без уліку новага мікрараёна, дзе пытанне з наяўнасцю стаяначных месцаў вырашалася на стадыі праектавання забудовы. Відавочна, што звыш пяці тысяч адзінак тэхнікі на васьмі стаянках не размесціш.
Выйсцяў са склаўшайся сітуацыі некалькі. Першае і самае відавочнае — стварэнне неабходнай колькасці стаяначных месцаў у дварах дамоў. Але простае, на першы погляд, рашэнне наўрад ці магчыма з-за патрэбнасці на гэта вялікіх грошай. Прасцей дазволіць паркавацца на газонах. Гэта таксама можа ўспрымацца як выйсце, бо ў дварах зялёных зон пакуль хапае і іх крыху можна было б «падціснуць». Аднак зноў жа, гэта неабходна выконваць на заканадаўчым узроўні: распрацоўваць адпаведныя змяненні ў Правілы дарожнага руху.
— Ёсць яшчэ адно выйсце, якое абгрунтавана рэальнымі прыкладамі,— зазначае А.А.Краснакуцкі.— Аўтааматары па адрасах Інтэрнацыянальная, 10 і Заводская, 1 таксама доўга пакутавалі ад недахопу стаяначных месцаў і вырашылі самастойна справіцца з праблемай. Стварылі ініцыятыўныя групы, якія заняліся вырашэннем юрыдычных пытанняў, сабралі неабходную суму грошай (выйшла прыкладна па 100 тысяч рублёў — адзін штраф— з кожнага вадзіцеля на набыццё асфальту і аплату паслуг адпаведнай арганізацыі). Стаянкі ў гэтых дварах былі пашыраны, і цяпер ад жыльцоў гэтых дамоў скаргаў не паступае. Такое рэальна зрабіць у многіх дварах.
Улічваючы вастрыню пытання, такую ініцыятыву, мяркуем, падтрымаюць і гарадскія ўлады. А тое, што вырашаць гэта неабходна ўжо зараз, відавочна ўсім: мяркуючы па тэндэнцыі апошніх гадоў росту колькасці аўтамабіляў, сумы штрафных санкцый таксама будуць узрастаць. Толькі за першыя тры месяцы бягучага года да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 124 аўтаўладальнікі, некаторыя з якіх — не першы раз.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).
Интересно ….что власти предложат по поводу парковки? Или как обычно……НЕ ДОПУЩАТЬ !!!
Рейтинг комментария:
0
0
Как парковались так и паркуются , этот закон в Засимовичах не работает
Рейтинг комментария:
0
0