Среда, 19 сентября 2018

Как повлияет поздняя весна на будущий урожай?

1 189

Сёлетняя вясна не на жарт спазняецца. У мінулым годзе ў пачатку красавіка ў гаспадарках раёна практычна была завершана сяўба яравых збожжавых і зернебабовых культур. Сёння яе нават не пачыналі. Аб гэтым карэспандэнт гутарыць з начальнікам сектара вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама  Д.А.Кулешам.

— Сапраўды, — кажа спецыяліст, — каляндарныя тэрміны сельгасработ сёлета вельмі запазніліся. Пасля рэзкага пацяплення, якое прагназуюць сіноптыкі, неабходна будзе за 4-6 дзён пасеяць яравыя збожжавыя культуры і без перадышкі прыступаць да сяўбы кукурузы і пасадкі бульбы.

Дзяніс Антонавіч, ці ёсць у вас парады, як дзейнічаць кіраўнікам, агранамічным службам гаспадарак, каб не дапусціць зніжэння ўраджаю?

— У кожнай гаспадарцы раёна распрацаваны мерапрыемствы па правядзенні веснавых палявых работ, дзе знайшлі сваё адлюстраванне ўсе пытанні арганізацыі пасяўной, у тым ліку эканомнага расходавання гаруча-змазачных матэрыялаў.

А ўвогуле, паводле меркаванняў вучоных, красавіцкія тэрміны сяўбы самі па сябе не прыводзяць да зніжэння ўраджаю. Можна з ўпэўненасцю сказаць, што ўсе надзеі на атрыманне высокіх ураджаяў застаюцца, нягледзячы на познюю вясну. Усё будзе залежаць ад тэхналагічнай дысцыпліны і ўмоў надвор’я ў ходзе вегетацыі раслін.

Тут важна звярнуць увагу на своечасовасць закрыцця вільгаці ў глебе і якасць правядзення сяўбы. Як заўсёды, зразумела, сачыць за эканомным расходаваннем гаруча-змазачных матэрыялаў.

— Не сакрэт, што сельскім працаўнікам нашага раёна, як нікаму іншаму ў вобласці, трэба выканаць вялікі аб’ём работ.

— На першым этапе неабходна пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 17,9 тысячы гектараў. Самыя вялікія плошчы адводзяцца пад кукурузу. Гэта культура размесціцца на плошчы 17,3 тысячы гектараў, з якіх 2,8 тысячы будзе пасеяна па зерневай тэхналогіі. Бульбу неабходна пасадзіць на 1,3 тысячы гектараў, цукровыя буракі пасеяць на плошчы 1,4 тысячы, лён — на 2,3 тысячы гектараў.

У параўнанні з мінулым годам павялічваюцца на 400 гектараў плошчы пад зернебабовымі і скарачаюцца пад яравымі збожжавымі за кошт пашырэння плошчаў азімых збожжавых.

— Будучы ўраджай у значнай ступені залежыць ад запраўкі глебы арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Як будзе сёлета?

— На пачатак красавіка забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі склала 83% да патрэбнасці. У тым ліку азотных мелі 70%, фосфарных — 52%, калійных — 107%. У сувязі з гэтым іх неабходна ўносіць з улікам урадлівасці глебаў, згодна з планам прымянення ўгнаенняў.

Арганічных угнаенняў нарыхтавана амаль 900 тысячы тон, што значна больш, чым летась. Прыкладна трэць з іх была ўнесена пад яравыя культуры яшчэ восенню.

— Дзяніс Антонавіч, як паказвае практыка на пасяўной галоўную ролю мае так званы чалавечы фактар. Як справы з кадрамі?

— Па механізатарскіх кадрах у нас пытанне практычна вырашана. Будуць прыцягвацца на перыяд палявых работ механізатары з арганізацый горада і раёна, а таксама абласнога цэнтра. Найбольш востра пытанне з забеспячэннем квалі-фікаванымі механізатарскімі кадрамі стаіць у ААТ «Ружаны-Агра» і філіяле РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы».

Усе ўдзельнікі пасяўной будуць забяспечаны гарачым харчаваннем, арганізавана спаборніцтва, па выніках якога лепшыя атрымаюць граматы і грашовыя ўзнагароды.

Гутарыў Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *