Вторник, 18 сентября 2018

«Як на Масленку ў нядзелю на сталы бліны ляцелі»

1 156

Нягледзячы на тое, што для нас свята Масленіцы стала ужо традыцыйным і ладзіцца яно па тыпавым сцэнарыі, усё роўна ў мінулую нядзелю на цэнтральную плошчу прыйшло шмат гараджан і гасцей горада. Цудоўны настрой дарыла і надвор‘е — у гэты дзень тут сабраліся моладзь і састарэлыя грамадзяне, сябры, дзеці і сямейныя пары.

Кожнаму знайшлося баўленне часу па яго жаданні. Нехта купляў розныя прысмакі, дарэчы, было вельмі шмат страў нацыянальнай кухні. Відавочна, што пераважалі бліны: з разынкамі, тварагом, мёдам, курагой, сырам і іншымі начынкамі. Ахвотна разбіраліся дранікі, каўбаса «пальцам пханая» і многае іншае.

Панавала на плошчы і вясёлая атмасфера, хаця гандаль спіртным быў забаронены, акрамя дарагіх напояў, у радыусе 500 метраў вакол месца правядзення мерапрыемства. Аб гэтым не было паведамлена загадзя, што, безумоўна, стала прычынай некаторых непаразуменняў. Але ўвогуле ўсё было прыстойна, за парадкам сачылі і супрацоўнікі міліцыі.

Асабліва шмат людзей сабралася вакол сцэны, дзе выступалі лепшыя самадзейныя калектывы раёна. Гучалі  мілагучныя беларускія песні, жартоўныя прыпеўкі, паказваліся гумарыстычныя сцэнкі. Шмат конкурсаў, у якіх удзельнічалі дарослыя і дзеці, уздымалі настрой і весялілі гледачоў. З такім жа поспехам жадаючыя спрабавалі свае сілы ў розных спаборніцтвах: дартсе, гіравым спорце і перацягванні каната.

Але цэнтральнай падзеяй стаў слуп і падарункі на ім. Было шмат спроб залезці на сяміметровую вышыню, каб забраць усё, што там было падрыхтавана арганізатарамі свята. Першыя тры прызы хлопцы знялі вельмі хутка, а вось другая палова магла так і застацца на вышыні: усе далейшыя спробы залезці на слуп аказаліся марнымі. У рэшце рэшт было агучана, што той, каму гэта ўдасца зрабіць, можа забраць усе падарункі (спачатку іх здымалі строга па адным). Пашанцавала навучэнцу аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксею Коцюлю: хлопец, як пасля сам прызнаўся, не чакаў ад сябе такога спрыту.

Да позняга вечара гучала музыка ў цэнтры Пружан. Магчыма, гледзячы на такое свята, зіма, нарэшце, зразумее, што яе час скончыўся.

Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *