Вторник, 23 января 2018

В Пружанском районе снизилось число абортов, а количество родов увеличилось. 4 женщин уговорили не совершать ошибку прихожане Свято-Александра-Невского собора

1 124

За мінулы год у Пружанскай ЦРБ было зроблена 50 абортаў. У параўнанні з 2011 годам гэта на 28 абортаў менш. Адпаведна, павялічылася колькасць родаў: з 476 ў 2011 годзе да 490 – у 2012. На паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне ўплывае ў тым ліку і зладжаная прафілактычная работа.

— За мінулы год, — расказвае загадчыца акушэрскагінекалагічнага аддзялення паліклінікі Алена Дзмітрыеўна Пачынчык, — пяць выпадкаў перапынення цяжарнасці было зроблена па медыцынскіх паказаннях. Усе астатнія аборты – гэта асабісты выбар жанчын. І як бы мы ні пераконвалі іх гэта не рабіць, бо падобнае ўмяшальніцтва пагражае сур’ёзнымі праблемамі са здароўем, у пераважнай большасці пераканаць жанчын не магчыма. Найчасцей такое рашэнне яны  звязваюць з цяжкімі бытавымі праблемамі.

Радуе, што за апошнія гады не было выпадкаў перапынення цяжарнасці ў дзяўчат-падлеткаў. Праўда, на ўліку цяжарных у нас ёсць шаснаццацігадовая  і сямнаццацігадовыя будучыя мамы. Станавіцца на ўлік яны прыходзяць з уласнымі мамамі, іх падтрымліваюць бацькі. У любым выпадку, гэта лепш, чым рабіць аборт.

Варта адзначыць, што на сітуацыю з памяншэннем колькасці выпадкаў перапынення цяжарнасці ўплывае яе планаванне. У гэтым сэнсе сталі больш адукаванымі жанчыны, пэўную асвет-ніцкую работу праводзяць медыкі ў школе маладой сям’і, якая дзейнічае ў нашым акушэрска-гінекалагічным аддзяленні. Галоўная мэта такой дзейнасці – падрыхтаваць жанчыну нарадзіць здаровае дзіця. Цяпер перад рэгістрацыяй шлюбу ў аддзеле ЗАГС усе маладыя пары праходзяць такую школу ў паліклініцы. Таму, відаць, назіраецца ранняя яўка на пастаноўку на ўлік па цяжарнасці – 96,2%. Дарэчы, у мінулым годзе самай маладой маме, якая нарадзіла дзіця, было 16, а самай сталай – 46 гадоў.

Не трэба забываць, што, акрамя жанчын, якія хочуць пазбавіцца ад непажаданай цяжарнасці, ёсць нямала тых, хто марыць зацяжарыць. Маральная і матэрыяльная цана такога рашэння вядома толькі ім. Часта дзеля таго, каб зрабіць экстра-карпаральнае апладатварэнне — а гэта вельмі дарагая працэдура, — людзі прадаюць нават кватэры, бяруць вялізныя крэдыты ў банку. У нас таксама ёсць такія мамы. На сённяшні дзень на ўліку па цяжарнасці стаяць тры жанчыны, якія прайшлі ЭКА.

Пэўную работу па барацьбе з абортамі праводзяць вернікі пры Свята-Аляксандра-Неўскім саборы. Расказвае пра гэта матушка Ксенія Арабей:

— Жанчын, якія збіраюцца зрабіць аборт, мы не толькі адгаворваем ад такога  ўчынку. Калі яны ўсё ж такі вырашылі пакінуць дзіця, мы трымаем з імі сувязь, падтрымліваем маральна і матэрыяльна. Былі выпадкі, калі дзеля гэтага арганізоўвалі кваліфікаваныя кансультацыі ўрачоў з абласнога цэнтра.

З дапамогай слова Божага мы ўгаварылі адмовіцца ад абортаў чатырох жанчын. Цяпер жанчыны, якіх удалося пераканаць не рабіць аборт, —  нашы сябры. З імі мы не толькі трымаем сувязь і дапамагаем выхоўваць цяпер ужо нашых дзетак, але дапамагаем прадуктамі харчавання, адзеннем, выручаем з дзіцячымі каляскамі і ложкамі. Усе гэтыя жанчыны вельмі сціпла жывуць, трое з іх не замужам. Аднак я пераканана, што агульнымі намаганнямі мы пераадолеем жыццёвыя цяжкасці.

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *