Вторник, 14 августа 2018

2 марта вступил в силу новый Жилищный кодекс. Комментирует юрисконсульт КУПП «Коммунальник»

1 569

З сённяшняга дня ўступае ў сілу новы Жыллёвы кодэкс, распрацоўка якога вялася некалькі апошніх гадоў. Аб тым, якія змяненні нясе новы закон, гутарка нашага карэспандэнта з юрысконсультам КУВП «Камунальнік» А.У.Леўчуком.

— Аляксей Уладзіміравіч, праект Жыллёвага кодэкса неаднаразова праходзіў грамадскае абмеркаванне. Якія прапановы ўсе ж увайшлі ў новы дакумент?

– Новы кодэкс накіраваны на развіццё самакіравання. Ён рэгулюе асноўныя жыллёвыя адносіны: атрыманне жылля і высяленне з яго, аплату камунальных паслуг і кіраванне жылфондам, выкарыстанне, прыватызацыю, перапланіроўку і г.д.

Змяненняў вельмі многа, і зараз складана сказаць, якія знойдуць практычнае прымяненне ў паўся-дзённым жыцці.

На маю думку, адметнай падзеяй можна назваць той факт, што цяпер заканадаўча вызначаецца ўласнік жылля.

Напрыклад, раней пасля ўступлення ў шлюб жонка магла зарэгістраваць мужа ў сваёй кватэры. Але выпісаць яго можна было толькі з яго згоды. У выніку атрымліваліся юрыдычныя казусы, калі, напрыклад, муж-шалапай зні-каў, а жонка была вымушана плаціць камунальныя паслугі і за яго. Таксама яна не магла ажыццяўляць якія-небудзь аперацыі з купляй-продажам кватэры ці дома, пакінуць спадчыну. Трэба было шукаць мужа, праз суд прызнаваць яго зніклым без вестак.

Цяпер жа, згодна з новым кодэксам, надзяленне правам валодання і карыстання жыллём мужа ці жонкі, бацькоў і дзяцей, як і раней, будзе ажыццяўляцца ўласнікам самастойна, іншых сваякоў – з пісьмовай згоды членаў сям’і. Аднак скасаваць такія правы ўласнік мае права таксама ў аднабаковым парадку.

Ці яшчэ такі момант. Тэхнічнае абслугоўванне сёння складаецца з бягучага рамонту, уборкі дапаможных памяшканняў, асвятлення, добраўпарадкавання. Новы кодэкс прадугледжвае выдзяленне ў асобны плацёж платы за бягучы рамонт. Яна будзе разлічвацца, зыходзячы з фактычна выкананага аб’ёму работ.

— Найбольшы грамадскі рэзананс атрымаў новы парадак высялення…

— Сапраўды, ён значна павялічвае і адказнасць уласніка жылля. Напрыклад, раней мы пасля судовага разбіральніцтва маглі высяляць неплацельшчыка, які адмаўляецца пагашаць запазычанасць па плацяжах, толькі ў тое жыллё, якое мае раўназначныя ўмовы пражывання, але меншае па плошчы. Цяпер жа такія абмежаванні зняты і неплацельшчык можа «пераехаць» у кватэру або дом без зручнасцей, меншы па пло-шчы і нават у іншы населены пункт.

Увогуле, раней мы не маглі прад’явіць якія-небудзь патрабаванні да ўласнікаў прыватызаванага жылля. Цяпер жа і яны ўваходзяць у нашу зону адказнасці. Пры паўгадавой запазычанасці мы звяртаемся ў мясцовы выканаўчы орган (мяркуецца, што ў будучым такія паўнамоцтвы будуць перададзены і нам) з просьбай прыняць меры да неплацельшчыка. Райвыканкам пісьмова папярэджвае ўласніка аб неабходнасці ліквідаваць запазычанасць або аднавіць нанесены жыллю ўрон і прызначае адпаведны тэрмін  для рамонту або выплаты доўгу.

Калі гэта не будзе выканана, райвыканкам мае права накіраваць у суд іск аб прымусе ўласніка прадаць сваё жыллё, для таго, каб пагасіць доўг. На гэта даецца адзін год. Калі ж і гэта не будзе зроблена, то суд па іску райвыканкама можа вынесці рашэнне аб прымусовым продажы жылля з таргоў. Былому ўласніку перадаецца іншае жыллё, можа меншае па плошчы, без зручнасцей і ў іншым населеным пункце, але ва ўласнасць.

Выручаная сума ідзе на аплату доўгу за камунальныя паслугі, на выплату кошту новага жылля для выселенага. Дарэчы, да гэтага можа прывесці не толькі неаплата камунальных паслуг, але і нездаровы лад жыцця, парушэнне правілаў сумеснага пражывання і нават непрывабны выгляд кватэры ці дома.

Трэба ведаць, што кодэкс не мае адваротнай сілы і рэгулюе толькі тыя ўзаемаадносіны, якія наступаюць з пачатку сакавіка.

— Апошнія некалькі гадоў «Камунальнік» вядзе актыўную барацьбу з неплацельшчыкамі. Магчыма, іх колькасць настолькі знізілася, што новы Жыллёвы кодэкс пакуль не будзе актуальным для Пружан?

— Нягледзячы на прымаемыя меры, колькасць неплацельшчыкаў, на жаль, не зніжаецца. За мінулы год аформлена 164 патрабаванні на суму звыш 57 мільёнаў рублёў і дзевяць іскаў на суму амаль у дзесяць мільёнаў. Практычна ўсе яны задаволеныя судом поўнасцю. За два месяцы бягучага года падрыхтаваны 20 патрабаванняў і адзін іск агульнай сумай амаль шэсць мільёнаў рублёў.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Фота: interfax.by.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *