Четверг, 3 декабря 2020

Детская стоматология: советы специалиста

1 698

Здаровыя зубы – гэта не толькі прывабная ўсмешка, а яшчэ і добры настрой, магчымасць разнастайна харчавацца. Чалавеку са здаровымі зубамі незнаёмы зубны боль, марнаванне часу ў крэсле стаматолага, а таксама прыкрыванне рота рукой пры ўсмешцы, сарамлівасць. Тое, якімі будуць зубы, закладваецца ў раннім дзяцінстве, а дакладней, нават на 12 тыдні цяжарнасці мамы. Сёння на кансультацыю мы запрасілі загадчыцу стаматалагічнага аддзялення Вольгу Яўгенаўну Семянчук.

Ад цяжарнасці і да нараджэння

Аснова малочных зубоў закладваецца ўжо на 12-ым тыдні цяжарнасці. Цяжарная жанчына павінна паўнацэннахарчавацца. Ёй неабходна ежа багатая на кальцый і фтор, жалеза, вітаміны. Дзіця не пытае маці, ці хапае ёй гэтых рэчываў, а забірае ўсё, што яму трэба, і арганізм мамы пачынае пакутаваць (у некаторых выпадках “будаўнічага матэрыялу” мамы можа не хапіць на дзіця). Крупы, садавіна і агародніна павінны быць уключаны ў штодзённы рацыён будучай маці. Нельга грэбаваць сырам і тварагом. Скараціць крухмальныя вугляводы да мінімуму. Такую сістэму харчавання неабходна захаваць і ў перыяд груднога кармлення. Дарэчы, грудное кармленне – лепшая ўмова для росту здаровых зубоў.

Пасля любога кармлення нават бяззубаму немаўляці трэба ачышчаць поласць рота. Для гэтага мама змочвае ў кіпячонай вадзе бінт і выцірае рот. Калі зубкі прарэжуцца, тая ж працэдура робіцца і з кожным зубікам паасобку.

Пастаянныя зубы пачынаюць фарміравацца ў шэсць месяцаў.

Выбіраем шчотку і пасту па ўзросту

Прыкладна з двугадовага ўзросту пачынаем вучыць дзіця паласкаць рот вадой. Пазней адбываецца знаёмства дзіцяці са шчоткай, але без пасты. Наогул, да 6-7 год чысціць зубкі дзецям павінны дарослыя, дзіця самастойна не можа зрабіць усё правільна, бо чыстка зубоў не такі просты працэс. Галоўка дзіцячай шчоткі не павінна быць большай за 2 сантыметры. Няхай першая шчотка будзе прыгожай і яркай, з мяккім шчаціннем. Купляйце шчотку толькі ў герметычнай упакоўцы, перад выкарыстанем яе трэба вымыць з мылам. Што тычыцца пасты, каб не памыліцца, я раю карыстацца дзіцячай пастай беларускай вытворчасці.

Правільна чысцім

Правільна падабраць шчотку і пасту – гэта яшчэ палова справы. Для чысткі зубоў ёсць пэўныя правілы. Па-першае, выдавіць на шчотку камячок пасты памерам з гарошыну, пальцам размазаць яе. Дзіцячую пасту лепей браць “нясмачную”, каб у малога не было спакусы яе праглынуць. Правільная чыстка зубоў займае 4-5 мінут, пачынаецца яна з вымятаючых рухаў ад дзясны да зуба, па 10 рухаў на кожным месцы. Пачынаем са знешняга боку, потым унутраны, затым пераходзім да жавальнай паверхні. Спачатку чысцім зубы на верхняй сківіцы, потым на ніжняй. Раніцай – пасля сняданка, вечарам – пасля вячэры.

Скажы сосцы “Не”!

Стаматолагі выдзяляюць “бутэлечны” карыес. Пакутуюць ад яго неспакойныя дзеці. Каб супакоіць малое бацькі даюць яму соску, а атрымліваецца, што ў роце пастаянна ёсць ежа, што не можа станоўча ўплываць на зубы. Існуе пагроза няправільнага прыкусу і ў “бутэлечных” дзетак, і ў тых, хто смокча пустышку, у іх сківіцы доўгі час не змыкаюцца, што вядзе да іх няправільнага фарміравання.

“На табе мышка зубок просты, а мне дай дарослы”

Малочных зубоў у дзіцяці20. Бацькам неабходна сачыць за іх станам, своечасова лячыць і рыхтавацца да іх змены. Для таго, каб пастаянныя зубы былі роўнымі і прыгожымі, трэба распрацоўваць сківіцы: больш жаваць, але не гумку, а яблыкі, моркву, сухары. У падрыхтаванай сківіцы новыя зубы зоймуць патрэбнае месца, а не будуць расці, дзе прыйдзецца.

Вернемся да жавальных гумак. Пасля ежы яны не пашкодзяць, толькі жаваць іх можна не больш 10 мінут. Пры пакупцы звяртайце ўвагу на ўтрыманне цукру, у гумцы яго быць не павінна.

Навінка!

Усе дзеці ласуны і любяць салодкае, а для зубоў горш і не прыдумаеш, адсюль і вялікі працэнт карыесу менавіта яшчэ ў дзіцячым узросце. Але навукоўцы знайшлі выйсце: герметызацыя фісур. Працэдура са складанай назвай вельмі простая. На пастаянныя зубы (але якім не больш 2-х гадоў) з дапамогай электрашчоткі наносіцца спецыяльны герметык, які ахоўвае зуб. Пасля раз у паўгода стаматолаг аглядае стан герметыка і карэкціруе яго, а зуб застаецца абароненым.

 

Састаў герметыка з’яўляецца не толькі фізічным бар’ерам для развіцця хваробатворных бактэрый, але таксама насычае тканіны зуба фторам, умацоўваючы зубную эмаль. Па дадзеных шэрагу аўтараў, такім спосабам забяспечваецца зніжэнне прыросту карыесу на 90-95 %! Герметыкі – гэта толькі першы вялікі крок у абароне зубоў ад карыесу. Чысціць зубы, выкарыстоўваць зубную нітку, правільна харчавацца і, галоўнае, рэгулярна наведваць стаматолага – гэта неабходныя меры прафілактыкі з герметыкамі і без іх.

Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *