Воскресенье, 21 января 2018

Недостатки в аквапарке ликвидируются, а вот с поведением отдыхающих есть проблемы

1 411

Па факце гібелі хлопчыка летам мінулага года ў Водным палацы Следчым камітэтам была ўзбуджана крымінальная справа. Пасля яе расследавання было складзена прадстаўленне аб выкараненні выяўленых недахопаў у арганізацыі адпачынку ў гэтай установе. Сярод патрабаванняў былі як арганізацыйныя моманты, так і прадпісанні практычнага характару.

Пра зробленае расказвае дырэктар ДЮСШ №2 В.С.Зуй:

— Большасць патрабаванняў следчых органаў мы выканалі, у чым увачавідкі пераканаўся прадстаўнік камітэта, які і праводзіў маніторынг. Сярод іх — павялічэнне колькасці інструктараў-выратавальнікаў да дзесяці чалавек, шукаем яшчэ трох кандыдатаў на пасаду інструктара-метадыста спартыўнага збудавання. Але гэта павінны быць людзі толькі са спецыяльнай адукацыяй, а такіх у раёне мала. Таму і адчуваем кадравы недахоп. Таксама спадзяемся на чарговы выпуск маладых спецыялістаў, а  аклады плануем павысіць за кошт пазабюджэтнай дзейнасці.

Адзінае, што мы пакуль не зрабілі, — гэта адгароджванне басейна для дарослых ад дзіцячага аквапарка. Заказана праектна-каштарысная дакументацыя, у верасні Водны палац будзе закрыты на прафілактыку, падчас якой такія работы будуць праведзены.

— Васіль Сяргеевіч, пасля падобнай трагедыі ў Санкт-Пецярбургу высветлілася, што ніякіх нарматыўных актаў наконт дзеянняў інструктараў аквапаркаў не існуе. Як сведчыць прадстаўленне Следчага камітэта, тое ж тычылася і нашага Воднага палаца. А значыць, адсутнічае адказнасць службовых асоб у выпадку такіх здарэнняў…

— Трэба прызнаць, што гэта праўда. Але недахопы былі ўлічаны і цяпер у пералік службовых абавязкаў унесены неабходныя змяненні. Інструкцыі прайшлі ўзгадненне з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Інфармацыя даведзена да супрацоўнікаў палаца з патрабаваннем строга выконваць свае службовыя абавязкі.

Між тым, хацелася б агучыць і іншую праблему.

Нядаўна літаральна на маіх вачах ледзь зноў не здарылася бяда з-за нядбайнасці маці, якая пакінула чатырохгадовую дачку і вырашыла праехацца па трубе. Дзіцяці ж яна загадала… чакаць яе на борціку басейна. Дзе ж дзіця ўстрымаецца і не палезе ў ваду? Дзякуй Богу, дзяўчынку заўважыў выратавальнік і паспеў выцягнуць. Па два-тры такія здарэнні рэгіструюцца практычна кожны месяц. Бацькі забываюць, што прыйшлі яны сюды не толькі для ўласных забаў, што нясуць адказнасць за сваіх дзяцей.

— Каля касы стаіць спецыяльны стэнд з правіламі паводзін у палацы, вызначаны і абавязкі бацькоў. Чаму адміністратары не звяртаюць увагу наведвальнікаў з дзецьмі на гэту інфармацыю?

— Звяртаюць абавязкова. Калі ідзе група наведвальнікаў, то праводзяць тлумачальныя гутаркі. Больш таго, бацькі з дзецьмі на касе пасля аплаты даюць распіску, у тым, што азнаёмлены з усімі абавязкамі дарослых. Дарэчы, тая маці, што пакінула дзяўчынку, таксама распісалася тут. Каб застрахавацца, мы пайшлі на тое, што складаем уласныя своеасаблівыя «чорныя спісы», у якіх пазначаем прозвішчы такіх парушальнікаў. Забараніць наведваць палац ім мы не можам, але папярэджваем інструктараў, каб звярталі на такіх адпачываючых больш увагі.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *