Вторник, 18 сентября 2018

Воин-интернационалист Николай Тюшкевич: «Воспоминаний осталось много…»

1 292

Мужнасць — гэтае слова не з расказаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, не з фільмаў і кніг вядома Мікалаю Уладзіміравічу Цюшкевічу. Праявіць гэтую чалавечую якасць яму давялося самаму — падчас баявых дзеянняў у Афганістане…

Пасля заканчэння Загорскай школы Мікалая Цюшкевіча прызвалі ў рады Савецкай Арміі. Спачатку была «вучэбка», адкуль для праходжання далейшай службы накіравалі ажно ў Усурыйск.

Вярнуўшыся з войска на родную Пружаншчыну, Мікалай Уладзіміравіч уладкаваўся вадзіцелем у калгас імя Леніна. Але літаральна праз паўгода выпаў шанц звязаць свой лёс з Узброенымі сіламі, і ўжо на кантрактнай аснове ён быў залічаны на вайсковую службу. Цюшкевіча чакала вучоба ў школе прапаршчыкаў. А ў хуткім часе — камандзіроўка ў афганскі Джалалабад.

Тэхнік групы рамонту авіяцыйных рухавікоў Мікалай Цюшкевіч быў самым маладым у палку. Але маладосць, а разам з ёй пэўная нявопытнасць не пера-шкодзілі вылучыцца  і атрымаць медаль «За адвагу». Мікалай Уладзіміравіч успамінае:

— Мая задача як   авіятэхніка заключалася не толькі ў абслугоўванні верталётаў, але і ў суправаджэнні экіпажаў падчас баявых вылетаў. Падчас аднаго з такіх вылетаў наш верталёт падбілі. Пілотам удалося пасадзіць машыну з пашкоджанымі лопасцямі. «Духі» працягвалі абстрэл, пакуль мы спрабавалі выправіць непаладку. Адрамантаваць верталёт і падняцца ў паветра ўдалося… Гэта быў камандны подзвіг. Але які там подзвіг?! Паўсядзённая работа, звязаная з рызыкай…

Каля года Цюшкевіч удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, за што быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

— Іншы раз падумаеш: жыццё — быццам сюжэт з кнігі ці фільма. За месяц да Афгана ажаніўся, а з першага ліста, дасланага жонкай, даведаўся, што яна цяжарная… Прыязджаў на некалькі дзён у водпуск — жонку з сынам з раддома забраць. Нават не верылася, што дзесьці ідзе вайна і трэба вяртацца ў пекла.

Тая паездка ў Афганістан не стала апошнім выпрабаваннем для Цюшкевіча і яго сям’і. Ваеннаслужачы з Новых Засімавіч прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. А неўзабаве полк адправілі ў Уфу. На малую радзіму, да сям’і вяртацца давялося… зноў праз Афган, за што быў узнагароджаны яшчэ адным медалём «За баявыя заслугі». Сустрэча з роднымі адбылася  за месяц да вываду войскаў з Афганістана.

— Вось такое жыццё, — падагульняе размову Мікалай Уладзіміравіч. — Успамінаў, вядома, засталося шмат — і прыемных (гэта маладосць, сяброўства), і жудасных. Але ні пра што не шкадую, напэўна, таму, што са школы вучылі быць патрыётам. Крыўдна, праўда, іншы раз было: ты амаль кожны дзень пад кулямі ходзіш, а твае аднагодкі бегаюць на танцы. А сёння яшчэ і неадназначна ставяцца да афганцаў.

Ва Узброеных сілах Цюшкевіч служыў да 43 гадоў. І сёння ўсё яшчэ ў страі: ужо ў якасці вольнанаёмнага займаецца тэхнічным абслугоўваннем авіятэхнікі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

На здымку: Мікалай Уладзіміравіч Цюшкевіч.

Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *