Суббота, 22 сентября 2018

Пружанский врач-кардиолог рассказала, какую таблетку нужно иметь при себе и как убежать от инфаркта

2 528

Сардэчна-сасудзістыя захворванні – найбольш распаўсюджаная прычына смяротнасці ва ўсім свеце. Толькі на Пружаншчыне ў мінулым годзе ад хвароб сэрца і органаў кровазвароту памерлі 323 чалавекі.

Урач-кардыёлаг Пружанскай ЦРБ Інэса Касак упэўнена, што многіх з гэтых трагедый можна было б пазбегнуць, каб хворыя ведалі, як сябе паводзіць падчас прыступу стэнакардыі, і больш уважліва ставіліся да свайго здароўя.

— Інэса Тойваўна, што трэба рабіць, каб сэрца заставалася здаровым?

— Напэўна, усе ведаюць, што рабіць. Весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца, рухацца, адпачываць, не злоўжываць алкаголем і не курыць. Аднак многія цешаць сябе думкай: бяда можа здарыцца з любым, але не са мной. Таму большасць грэбуе такімі простымі парадамі або абяцае пачаць весці здаровы лад жыцця з панядзелка, з наступнага месяца і гэтак далей. Калі больш падрабязна спыніцца на прафілактыцы, то я параю кантраляваць ужыванне солі, сачыць за вагой (для сэрца шкодна як лішняя, так і недастатковая), больш рухацца (нездарма ж з’явіўся выраз “уцячы ад інфаркту”), не пачынаць курыць  ці як мага хутчэй пазбавіцца ад гэтай шкоднай звычкі.

Асобная размова з гіпертонікамі. Артэрыяльная гіпертэнзія – базавае захворванне, на якім фарміруецца мноства іншых сардэчна-сасудзістых паталогій. Нельга грэбаваць прыёмам лекаў і махаць на хваробу рукой.

— Недзе чытала, што чалавеку, якога раптоўна напаткаў сардэчны прыступ,  часам дастаткова адной таблеткі, каб захаваць жыццё, але не ва ўсіх яна ёсць пад рукой, калі ўзнікае такая неабходнасць.

— Практычна так яно  і ёсць. Я хачу, каб усе ўважліва прачыталі і запомнілі наступныя правілы.

Пры прыступе стэнакардыі, а гэта раптоўны боль за грудзінай, які можа аддаваць у левую руку, плячо, лапатку, шыю, сківіцу, неабходна адразу спыніць любую фізічную работу і прыняць таблетку нітрагліцэрыну. Можна нават пачаць з паловы таблеткі, але, калі боль не праходзіць на працягу пяці мінут, можна прыняць яшчэ дзве таблеткі.

Пасля зняцця прыступу адразу выклікайце хуткую дапамогу. Фельчар зробіць кардыяграму і па яе выніках ці даставіць у бальніцу, ці дасць парады.

Нават калі кардыяграма акажацца добрай, не адкладвайце візіт да ўрача. Неабходна выявіць прычыну ўзнікнення прыступу і пазбавіцца ад яе. Найлепш гэта зрабіць у першыя ж гадзіны: чым хутчэй пачнецца лячэнне, тым больш эфектыўным яно будзе.

Асноўныя памылкі, якія дапускаюць хворыя пры такіх прыступах,– гэта ўжыванне валідолу (ён не дапаможа), націранне разаграваючымі мазямі (так, сардэчны боль можна зблытаць з неўралгіяй, але я настойліва раю найперш выключыць больш небяспечнае захворванне). Як ні дзіўна, многія жыцці забрала выкураная ў такі момант цыгарэта. Напрыклад, падчас фізічнай работы чалавек адчувае дыскамфорт за грудзінай ці пад лапаткай, ён спыняе работу і ідзе на перакур…

— Паводле дадзеных медыкаў, здароўе на 50-55% залежыць ад ладу жыцця і сацыяльных умоў, а ад сістэмы аховы здароўя — толькі на 10%. Ці здольная сёння медыцынская сістэма Пружаншчыны на ўсе 100 выканаць свае “працэнты”?

— Я вам скажу так. Сёння на ўвесь раён толькі палова стаўкі ўрача-кардыёлага. Але кожны тэрапеўт умее чытаць кардыяграму, можа паставіць дыягназ і назначыць лячэнне. Пры першых сімптомах любога захворвання звяртайцеся да свайго ўчастковага ўрача, які ў пэўных выпадках накіруе да спецыяліста вузкага профілю. Пры хворым сэрцы не саромейцеся выклікаць хуткую дапамогу. З хваробамі сэрца нельга жартаваць. А ў адказе за сваё жыццё і здароўе найперш вы самі.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

На здымку: Інэса Тойваўна Касак вядзе прыём падчас медыка-асветніцкай акцыі.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Наша даведка

*30,5% насельніцтва нашай краіны пакутуюць ад хвароб сістэмы кровазвароту (самы высокі ўзровень у Мінску — 36,9%). У 12,5% насельніцтва Беларусі выяўлена ішэмічная хвароба сэрца. А інфаркт міякарда здараецца штогод у 2% жыхароў рэспублікі.

*Даследаванні паказалі, што калі абмежаваць ужыванне солі, рызыка інфаркту міякарда і іншых сардэчна-сасудзiстых катастроф зніжаецца на 20-25%. Спажыванне солі не павінна перавышаць 5 грамаў у суткі. Але калі меркаваць па аб’ёмах продажаў солі ў свеце, беларусы спажываюць да 10 грамаў. Для параўнання: у сярэдзіне 19-га стагоддзя чалавек з’ядаў ўсяго 0,5 грама солі ў суткі.

*На 15-20 мінут пасля выкуранай цыгарэты ў чалавека павышаецца артэрыяльны ціск.

*Калі адмовіцца ад курэння, то станоўчыя змены ўжо наступаюць пасля 6 тыдняў. Праўда, рызыка смерці прыходзіць да нармальнага ўзроўню толькі праз 5 гадоў.

3 комментариев

  • Алекс

    Приятно что с приходом нового главного врача( по крайней мере мы так думаем) ЦРБ сдвинулась с мертвой точки, в которой находилась лет 20. Стали появляться молодые интересные специалисты,которые к чему -то стремятся. Перемены есть и они положительные. Спасибо.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • марсианин

    _____________________________________________________
    Сёння на ўвесь раён толькі палова стаўкі ўрача-кардыёлага.
    _____________________________________________________

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • КАТИАН

    Хорошо, что хоть 0,5 ставки. Действительно, хоть что-то сдвинулось с мёртвой точки.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *