Воскресенье, 27 мая 2018

Аддзяленне дзённага знаходжання маладых інвалідаў: работа і творчасць

1 226

Напярэдадні навагодніх свят дачакаліся цуда і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў. Ад спонсараў яны атрымалі вялікі тэлевізар, мікрахвалёўку, чайнік і салодкія падарункі. Летась тут займалася 22 чалавекі, 8 з якіх былі працаўладкаваны. Гэта тыя, каго рэабілітацыйная экспертная камісія дапусціла да працы,  яны атрымліваюць заработную плату, адначасова набываюць працоўны стаж. Такім чынам маладыя інваліды могуць паўплываць на памер сваіх пенсій. Працаваць можна па выбары ў адной з дзвюх майстэрняў: мастацкай або паліграфічнай. У мінулым годзе ў мастацкай рабіліся сувенірныя дрэўцы з бісеру, а ў паліграфічнай – блакноты.

Зараз пры аддзяленні працуюць чатыры гурткі па інтарэсах, дзе маладыя людзі могуць не проста бавіць час, мець стасункі са сваімі аднагодкамі, але па-сапраўднаму тварыць. Так, кіраўнікі гурткоў прапаноўваюць ідэі, падказваюць, але многім удаецца ствараць непаўторныя аўтарскія работы. Тут малююць, робяць аплікацыі з розных матэрыялаў, плятуць з бісеру. Пакуль гэтыя рэчы нельга купіць: усё зробленае, па словах загадчыцы аддзялення Таццяны Шпарла, разыходзіцца на падарункі. Сувеніры, зробленыя рукамі маладых інвалідаў,  перадаюцца ў шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і, у Шарашоўскі псіханеўралагічны інтэрнат для састарэлых, у якасці прызоў на розныя раённыя мерапрыемствы.

У аддзяленні, акрамя загадчыцы, працуюць тры спецыялісты: кіраўнік гурткоў Ганна Пятроўна Кныш, інструктар па працатэрапіі Алена Рыгораўна Халецкая, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Лаўрыновіч.

Дзверы аддзялення заўсёды адчынены для новых наведвальнікаў. Трапіць сюды могуць людзі з інваліднасцю, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Тут іх чакаюць новыя сяброўствы, цікавая праца і творчасць.

Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).

На здымку: вось такую прыгажосць ствараюць у аддзяленні дзённага знаходжання маладых інвалідаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *