Понедельник, 10 декабря 2018

Улад Аўгусціновіч абраў прафесію яшчэ ў шостым класе

1 064

У выбары сваёй будучай прафесіі Улад Аўгусціновіч вызначыўся пасля… шостага класа. Яму,  вучню СШ №3, прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях прапанавалі вучыцца ў ліцэі пры Гомельскім інжынерным інстытуце.

Аднак патрапіць туды аказалася не вельмі лёгка, хлопчыку давялося прайсці самы строгі адбор. Па-першае, патрабавалася мець добрую паспяваемасць падчас вучобы ў школе: сярэдняя адзнака не ніжэйшая за «сямёрку». Па-другое, добрыя фізічныя здольнасці. І па-трэцяе — моцнае жаданне, бо навучанне ў ліцэі вельмі адрозніваецца ад школьнага жыцця.

— На маім курсе навучаюцца 56 чалавек, якія падзелены на два ўзводы,— дзеліцца ўражаннямі Уладзіслаў.— Нягледзячы на тое, што мы вывучаем такія ж школьныя прадметы, жывем у іншым рэжыме. Практычна ўвесь час мы знаходзімся на тэрыторыі навучальнай установы, носім форму ліцэістаў.

Спачатку многае было нязвыклым, але праз месяц хлопчыку стала здавацца, што лепш быць не можа. Так, ён страціў магчымасць штодзённа бачыцца са сваімі пружанскімі сябрамі, ды і дадому цяпер мог трапіць не так часта, як хацелася б. Аднак у ліцэі ён набыў шмат новых сяброў з усіх куткоў Беларусі. Хлопчык навучаецца на поўным забеспячэнні: ліцэістаў пяць разоў на дзень кормяць, мае Улад і свой пакой у інтэрнаце. Акрамя таго, ніводзін дзень не праходзіць без розных цікавых мерапрыемстваў.

Пасля заканчэння ліцэя Уладзіслаў мяркуе паступаць у камандна-інжынерны інстытут г.Мінска альбо ў Гомельскі інжынерны інстытут, бо, як ліцэіст, мае вялікую перавагу на ўступных іспытах.

Дарэчы, стаць такім  жа, як Улад  Аўгусціновіч, маюць шанц і іншыя хлопчыкі з нашага раёна. Для гэтага дастаткова патэлефанаваць у райаддзел па надзвычайных сітуацыях па тэл.7-32-71 і расказаць пра свае планы.

На здымку: Уладзіслаў у музеі выратавальнай службы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *