Вторник, 29 сентября 2020

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася выстава Мікалая Тарасюка

2 828

Так называецца персанальная выстава работ народнага майстра Беларусі Мікалая Тарасюка, якая адкрылася ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” у сувязі з яго 80-годдзем.

У асаблівым прадстаўленні майстар са Стойлаў, як яшчэ называюць Мікалая Васільевіча, не мае патрэбы. Яго “драўляны люд” шмат гадоў ездзіць па шматлікіх выставах не толькі нашай краіны, але і замежжа. Яго персанальныя выставы ладзіліся ў музеях Брэста і Мінска, а ў мінулым годзе на малой радзіме майстра прайшоў беларуска-шведскі пленэр майстроў народнай творчасці і мастакоў. Заслугі М.В.Тарасюка былі адзначаны Прэзідэнтам Беларусі, – у 2002 годзе ён атрымаў спецыяльную прэзідэнцкую прэмію “Дзеячам культуры і мастацтва”, а яшчэ праз некалькі гадоў яго майстэрская разьба па дрэве была адлюстравана ў альбоме “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”.

На адкрыцці выставы ў Пружанах сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Берасцейшчыны і неабыякавыя да культуры Пружаншчыны людзі, каб ушанаваць народнага майстра і пазнаёміцца з яго новымі работамі. Усе выступоўцы найперш адзначалі непадробную шчырасць і адкрытасць Мікалая Васільевіча. А загадчыца аддзела традыцыйнай народнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко назвала яго значнай асобай для мастацтва і наогул для Беларусі.

— Трэба мець неверагодны талент, каб з дапамогай дрэва і лазы паказаць не толькі культуру, але і гісторыю Бацькаўшчыны, — сказала яна.

Дырэктар музея-сядзібы Юрый Зялевіч адзначыў, што адной з першых выстаў, адкрытых у палацыку, была менавіта выстава работ Мікалая Тарасюка. Гэта дало штуршок да далейшага развіцця музея, у якім цяпер захоўваецца калекцыя з дзевяноста яго работ.

Адметна, што на адкрыццё выставы прыехаў вядомы ў Беларусі майстар-ювелір, аўтар адноўленага крыжа Ефрасінні Полацкай Мікалай Кузьміч. Ён уручыў Мікалаю Васільевічу ордэн, які стварыў па ініцыятыве творчай інтэлігенцыі Берасцейшчыны да яго 80-годдзя і назваў “За вернасць Бацькаўшчыне”.

— На ім я адлюстраваў анёла, які ляціць над вёскай і трымае Вашу, Мікалай Васільевіч, хатку, — сказаў М.Кузьміч.

На гэта расчулены М.В.Тарасюк запэўніў, што будзе працаваць на карысць людзей пакуль рукі будуць слухацца і вочы бачыць.

На здымках: Мікалай Тарасюк, Мікалай Кузьміч і Ларыса Быцко; адзін з фрагментаў выставы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *