Суббота, 15 августа 2020

Какие проблемы решит запрет на производство плодово-ягодных вин в нашем районе? А какие добавит?..

1 482

Размова пра тое, што забарона на рэалізацыю мацаваных пладова-ягадных він у Беларусі будзе папярэджваць п’янства і алкагалізм, вядзецца даўно. З гэтай нагоды праводзяцца нават пэўныя эксперыменты. Некаторы вопыт работы па абмежаванні рэалізацыі такой алкагольнай прадукцыі ёсць і ў  Пружанах. Аднак ці дазволіць гэта “працвярозіць” нацыю?

Многія пружанцы нават прызвычаіліся да абмежаванняў па рэалізацыі алкагольных напояў, раней прынятых райвыканкамам. Яны дзейнічалі падчас правядзення масавых святочных мерапрыемстваў. Датычылі акцыі “Раніца цвярозасці”, калі па панядзелках пладова-ягадныя віны можна было купіць толькі пасля 10 гадзін раніцы. Распаўсюджваліся на вячэрнія закупкі: пасля 20.00 наогул забараняўся продаж пладова-ягаднага віна па ўсім раёне.

Усё змянілася з арганізацыяй закупак яблык у насельніцтва (ураджай, як вядома, быў сёлета небывалы) і з прыняццем райвыканкамам адпаведнага рашэння. А ў сувязі з гэтым страцілі сілу папярэднія рашэнні  па рэалізацыі пладова-ягадных він.

А між тым “свае” пладова-ягадныя напоі на аснове яблычнага соку выпускаюцца і ў Пружанах, на прадпрыемстве “Белавежскія віны”. За гадзіну тут перапрацоўваецца 5 тон яблык. На дадзены момант у асартыменце дзевяць найменняў він, якія вырабляюцца без дабаўлення кансервантаў. Уся прадукцыя рэалізуецца на тэрыторыі нашай вобласці і, мяркуючы па аб’ёмах, карыстаецца попытам: у месяц прадпрыемства выпускае каля 260 тысяч бутэлек пладова-ягаднага віна.

— Тэндэнцыя зніжэння выпуску ардынарных він назіраецца даўно, — расказвае дырэктар ПГВУП “Белавежскія віны” Н.В.Казак, — таму мы наладзілі вытворчасць він толькі палепшанай якасці. Я таксама згодна з тым, што любая прадукцыя, у тым ліку і віно, павінна быць якаснай. А што можа быць якасней натуральнай сыравіны – яблык, з якіх мы і вырабляем спачатку сок, а затым,  з дабаўленнем іншых сокаў і спірту, віно?

Дарэчы, сок журавін, клубніц, парэчак, чарнаплоднай рабіны, які таксама выкарыстоўваюць у вытворчасці вінаў, выціскаюць на прадпрыемстве з ягад, якія выраслі толькі на тэрыторыі раёна і вобласці. Якасць пладова-ягадных вінаў пружанскай вытворчасці пацверджана на рэспубліканскіх конкурсах, на якіх, як сёлета, так і ў мінулым годзе, менавіта пружанскія вінаробы занялі ў сваіх намінацыях першыя месцы.

Немалаважным аспектам застаецца той факт, што “Белавежскія віны” з’яўляюцца адным з нямногіх прадпрыемстваў раёна, якія робяць у бюджэт даволі адчувальныя адлічэнні. Акцызны падатак штомесяц тут складае 1 мільярд 100 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства забяспечвае работай 38 чалавек.

Дык вырабляць ці не пладова-ягадныя віны? І ці будзе мець станоўчы вынік забарона на рэалізацыю гэтай алкагольнай прадукцыі? Перш чым з такімі пытаннямі звярнуцца да прахожых, мы пацікавіліся думкамі з гэтай нагоды ў работнікаў гандлю.

— На выручцы нашага магазіна, — расказвае загадчыца “Палявога” Т.А.Ефіменка, — забарона на рэалізацыю пладова-ягадных він (калі такая бу-дзе) не адаб’ецца ніяк. Зараз за дзень мы прадаем прыкладна 60 бутэлек такога віна і 100 – гарэлкі. Не будзе віна — аматары выпіць пачнуць купляць гарэлку.

— З падобнай практыкай забарон мы некалі ўжо сутыкаліся і што атрымалі? – умяшаўся ў размову выпадковы пакупнік. – Не будзе таннага віна — яго аматары пяройдуць на самагон. Вось толькі якой якасці?

Прыемна адзначыць, што некалькі мужчын, да якіх давялося звярнуцца падчас апытання, заявілі, што не ўжываюць алкаголь. А жанчына так і адрэзала: “Я наогул знішчыла б усё спіртное!”

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *