Среда, 30 сентября 2020

Какой магазин самый красивый?

1 550

— Мама, успомні, што хутка Новы год! – тэлефонны званок сына ў першы дзень снежня выклікаў здзіўленне. – Я ў сталічным гіпермаркеце, а тут бы ў казцы: так усё прыгожа аформлена ўжо да навагодніх святаў.

А што ж у Пружанах? Як у нашым райцэнтры рыхтуюцца сустрэць Новы год? Дзеля гэтага журналісты разам з прадстаўнікамі райвыканкама накіраваліся ў невялікі рэйд па горадзе. “Універсам” сустрэў прыгожым убраннем. Радавалі вока пышныя ёлкі з бліскучымі шарамі і рознакаляровыя гірлянды пад самай столлю.  Набліжэнне Новага года адчувалася і ў “Дзіцячым свеце”.  Штучныя навагоднія прыгажуні на любы густ: маленькія і вялікія, з агеньчыкамі і без, — не толькі прадаюцца, але і ўпрыгожваюць магазін. Першы паверх універмага значна саступае магазіну-суседу. Праўда, як удакладнілі прадаўцы, толькі пакуль: на момант нашага візіту яны былі ў чаканні грузчыкаў і лесвіц, каб прадоўжыць убранне магазіна.

Наогул, работнікі магазінаў райспажыўтаварыства першымі ўспомнілі пра навагоднія святы і тут жа паспяшаліся нагадаць пра гэта сваім пакупнікам. Дзе багата, а дзе больш сціпла святочным  убраннем вылучаліся ўсе магазіны. Асобна варта адзначыць “Палявы”,  да афармлення якога работнікі падыйшлі з асаблівай фантазіяй і крэатыўнасцю, што, думаецца, ацэняць пакупнікі, якія з задавальненнем будуць прыходзіць сюды зноў і зноў.

Раўняецца на “правафланговых” і фірменны гандаль. Напрыклад, у магазіне “Журавушка” таксама пастараліся ўзняць настрой пакупнікам і ўпрыгожылі яго гірляндамі. А ў шматлікіх  камерцыйных магазінчыках яшчэ толькі думаюць упрыгожвацца да святаў. Праўда, звонку ўсе гандлёвыя аб’екты незалежна ад формы ўласнасці пакуль маюць зусім звычайны і паўсядзённы выгляд. Кіраўнікі не спяшаюцца: маўляў, час яшчэ ёсць.

Аднак хочацца спадзявацца, што неўзабаве заззяюць навагоднімі агеньчыкамі елачкі і туі не толькі каля магазінаў, але і адміністрацыйных будынкаў.

Дарэчы, малочны камбінат, “ЮНІМІЛК Пружаны”, КУВП «Камунальнік», аддзяленні «Беларусбанка» вонкавым упрыгожаннем сваіх будынкаў ужо займаюцца. А што  іншыя? Людзям жа аднолькава прыемна любавацца як ляснымі прыгажунямі ў службовых кабінетах, так і папяровымі сняжынкамі і святлодыёднымі гірляндамі ў вокнах прыватных дамоў. Дык давайце агульнымі намаганнямі створым святочны настрой. Тым больш, што за лепшае ўпрыгожанне райвыканкамам прадугледжаны грашовыя прэміі – вось такі своеасаблівы навагодні падарунак.

Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).

Згодна з рашэннем райвыканкама, аб‘яўлены агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне аб‘ектаў

Агляд-конкурс будзе праходзіць з 26 снежня 2012 да 9 студзеня 2013 года па двух намінацыях:

— сярод  прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, індывідуальных прадпрымальнікаў;

— сярод уладальнікаў індывідуальных жылых дамоў раёна.

Для ўдзелу ў ім неабходна да 26 снежня выканаць афармленне сваіх аб‘ектаў і падаць заяўку ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.

Пры разглядзе конкурсных аб‘ектаў спецыяльна створаная камісія будзе кіравацца наступнымі крытэрыямі:

-комплекснае мастацкае рашэнне (дызайн) афармлення аб‘ектаў і прылеглых тэрыторый,

-унікальнасць ідэі святочнага афармлення,

-светлавое вырашэнне (падсветка),

-выкарыстанне нестандартных тэхнічных рашэнняў у афармленні,

-якасць выкананых работ, стан прылеглай тэрыторыі.

Вынікі конкурсу будуць падведзены да 15.01.2013 г. Пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовыя прызы ў памеры: першая намінацыя — за 1 месца 10  базавых велічынь, за 2 месца — 8, за 3 месца — 6 базавых велічынь; другая намінацыя — за 1 месца 8 базавых велічынь, за 2 месца — 6, за 3 месца — 4 базавыя велічыні.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *