Четверг, 21 июня 2018

Огонь убивает равнодушных

983

Штогод падчас ацяпляльнага сезона ў раёне павялічваецца колькасць пажараў. І кожны другі звязаны з няспраўным пячным ацяпленнем. Як паказвае аналіз прычын такіх здарэнняў, гаспадары спадзяваліся, што бяда бокам абыйдзе іх дом і маёмасць… Напэўна, так нельга гаварыць, але мне хочацца задаць пытанне: колькі дамоў згарыць гэтай зімой? Колькі людзей загіне? А тое, што няшчасці выключыць нельга, пацвярджаюць вынікі месячніка пажарнай бяспекі, які прайшоў у раёне. Традыцыйна яго вынікі былі разгледжаны на вясковых сходах, неабходная інфармацыя накіравана службовым асобам для прыняцця неадкладных мер.

У першую чаргу супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі мясцовай улады і работнікі іншых кантрольных органаў правяралі прыватныя домаўладанні ў сельсаветах раёна. Атрыманыя лічбы паказалі, што бягучы асенне-зімні перыяд будзе даволі складаным. Напрыклад, абследаваны 318 домаўладанняў, дзе пражываюць  сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. І ў многіх выяўлены парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі: недахопы ў стане печак, электраабсталявання і праводкі. Па выніках праверкі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 36 грамадзян. Але ці дасць гэта вынік: калі бацькі не знайшлі (ці пашкадавалі?) грошы на тое, каб замяніць сапсаваныя разеткі або прыбіць новую бляху каля печкі, то наўрад ці яны і штраф заплацяць. А жыць будуць «па-ранейшаму». Пажарныя спа-дзяюцца, што хаця б прафілактычныя гутаркі прынясуць станоўчыя вынікі.

Самым трагічным вынікам пажараў з’яўляецца гібель у агні людзей. У бягучым годзе зарэгістравана пяць такіх сумных выпадкаў. Пераважная большасць загінуўшых заснулі з запаленай цыгарэтай. Як правіла, яны проста задыхнуліся ў чадзе. Не змаглі выбрацца, бо былі ў нецвярозым стане. Апошні такі выпадак здарыўся ў кастрычніку, калі зарэгістравана гібель 34-гадовага мужчыны: агонь пашкодзіў толькі ложак, на якім спаў загінуўшы.

Нягледзячы на папярэджанні, відавочна, што мы яшчэ неаднаразова можам пачуць такія гісторыі: на працягу месячніка групай інспектараў быў складзены спіс асоб, якія схільны да сістэматычнага злоўжывання спіртнымі напоямі, вядуць асацыяльны лад жыцця, правераны месцы  іх пражывання. Зразумела, з кожным правялі прафілактычную гутарку, але мы ўсе разумеем, што размовы тут малаэфектыўныя. Патрэбны штодзённы нагляд суседзяў, сяброў і знаёмых, родных, прадстаўнікоў арганізацый, дзе яны працуюць. Напрыклад, у арганізацыях  і на прадпрыемствах можна было б стварыць назіральныя групы з людзей з актыўнай грамадскай пазіцыяй, выдзяліць транспарт для штодзённага або ў выхадныя дні аб’езду дамоў, дзе жывуць аматары спіртнога. Магчыма, гэта не толькі б дазволіла знізіць колькасць пажараў, а некаму яшчэ і дапамагло б выйсці на роўную дарогу жыцця.

Абагульнена інфармацыя аб наведванні ўсіх домаўладанняў і выяўленых там недахопах, у тым ліку ў домаўладаннях 397 адзінокіх састарэлых грамадзян, 90 інвалідаў, 35 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 34 няўдалых сем’ях. У некаторых з іх патрэбна рамантаваць печкі, электраабсталяванне і праводку, некаторым трэба ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Усяго падрыхтавана 18 лістоў у арганізацыі і прадпрыемствы, а таксама родным названых катэгорый грамадзян пра неабходнасць выканання такіх работ. Дарэчы, пэўныя зрухі ёсць: кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый вывучалі разам з інспектарамі ўмовы пражывання іх работнікаў і ветэранаў і аказалі дапамогу па прывядзенні іх дамоў у пажарабяспечны стан. Такое супрацоўніцтва прынесла канкрэтныя вынікі: адрамантавана 21 печка, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, у 39 прыборах заменены элементы сілкавання.

А днак не варта пры гэтым забываць, што многім патрэбна слова і чалавечая ўвага. Гэта было відавочным падчас сельскіх сходаў, якія на працягу месячніка прайшлі ў двух сельсаветах. Аб гэтым вялася гутарка і падчас своеасаблівых нарад, якія прайшлі ў 12 сельсаветах і на якія запрашаліся старасты вёсак. На такіх сустрэчах былі выпрацаваны канкрэтныя дзеянні па ўхіленні прычын і ўмоў, якія спрыяюць узнікненню пажараў, акцэнтуючы ўвагу на работу з групамі павышанай сацыяльнай рызыкі.

Падводзячы вынікі месячніка, можна сказаць, што пажар мае не толькі прамыя прычыны. Ёсць і ўскосныя: не даглядзелі, забыліся пра суседа, не пагаварылі з ім лішні раз. А значыць, гэтыя трагедыі могуць быць і на нашым сумленні.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *