Як быць шчаслівымі і багатымі? Такое пытанне Юрый і Наталля Дарафейчукі не задавалі ніколі. З вопыту сямейнага жыцця ведаюць: шчасце і багацце — у дзецях. А чым больш дзяцей, тым больш Бог дае і сіл, і сродкаў, — так лічаць муж і жонка.
Калі яны пазнаёміліся, у Наталлі ўжо быў сын. Аднак гэта не стала перашкодай для стварэння сям’і. Магчыма, наадварот. Ажаніліся і быццам бы спахапіліся, палічыўшы марна страчанымі гады да знаёмства. У тым жа 2005 годзе ў іх нарадзілася Палінка, у 2007 — Данііл, у 2008 годзе на свет з’явілася Міланка, у 2010 – Маша. А ў мінулым усіх ашчаслівіла нара-джэнне Соні. І месца для вялікай сям’і Дарафейчукоў у сціплым вясковым доміку ў вёсцы Аранчыцы стала малавата. Паступова пачалі будавацца.
Крэдытам падтрымала шмат-дзетную сям’ю дзяржава. Вакол драўлянай хаты з’явіліся новыя цагляныя сцены прыбудоў, і з трохпакаёвага дом Дарафейчукоў вырас ў сяміпакаёвы — з кухняй і сталовай. Засталося зрабіць унутраную аддзелку, і гэты вясковы дом ужо немагчыма будзе адрозніць ад гарадскога асабняка.
А пакуль тата з дапамогай сучасных будаўнічых матэрыялаў стварае модны дызайн, дзеці туляцца ля мамы і, ахапіўшы яе за шыю, заглядаюць у вочы: кожнаму нешта трэба. Яна ўсім знаходзіць добрае слова і адорвае ўсмешкай.
«Як удаецца з усімі спраўляцца?» – пытаюся я.
— А ў мяне ёсць надзейная апора, — усміхаецца Наталля Анатольеўна, — муж. Наш галоўны чалавек ў сям’і. Усё сам: і дом будаваў, і камунікацыі пракладваў, і ўнутраную аддзелку па ўласным праекце рабіў.
— Ну, чаму сам? – удакладняе Юрый Іосіфавіч. – З табой!
Так ужо атрымалася – пастаянныя цяжарнасці, знаходжанне ў бальніцы на захоўванні…. Адсутнасць жонкі яго не палохала. На гэты момант для дзяцей Юрый Іосіфавіч замяняў і маму. Балазе, пазменны графік работы на прадпрыемстве “Санта-Брэмар” да-зваляе не толькі пра дзяцей клапаціцца, але і будавацца, і па гаспадарцы ўпраўляцца. Трымаюць Дарафейчукі свіней, разводзяць свойскую птушку, да нядаўняга часу была і карова. Аднак, як лічаць гаспадары, адсутнасць карміцелькі часовая. Нават плануюць трымаць некалькі кароў на ўласным падворку. І шасцёра дзяцей – зусім не перашкода для гэтага, усе з маленства прывучаюцца да працы.
Другакласніца Паліна і посуд вымые, і падлогу падмяце. Пяцігадовы Данік — памочнік на агародзе. Сёлета ўжо і бульбу дапамагаў садзіць. А Мілана разам з Машай, нягледзячы на тое, што апошняй усяго два гады, умеюць пылу аб’явіць сапраўдную вайну. “Узброіўшыся” анучкамі, труць нават там, дзе ўжо мама прыбрала. А яшчэ ўсе яны – вельмі дружныя. І Палінка, якая адзіная з дзяцей пакуль умее чытаць, часта бярэ ў рукі кніжачку з казкай, каб парадаваць браціка і сястрычак. А вось з галоўным памагатым бацькоў – дваццацігадовым Станіславам – пазнаёміцца не ўдалося. У дадзены момант ён праходзіць тэрміновую службу ў войску. Яго вяртання дамоў нават больш за дарослых чакаюць малыя.
Пабываўшы ў гэтай сям’і, у
чарговы раз пераканалася, што цёпла і ўтульна ў доме нават з часовымі нязручнасцямі, можа быць ад шчырай і добрай атмасферы ў сям’і. У сям’і Наталлі і Юрыя Дарафейчукоў дзеці не ведаюць скандалаў, ніколі не бачылі выпівак, ведаюць, што такое бацькоўская ласка і любяць самі. І не толькі сваіх родных, — Бога. Яны ўсе перакананы, што трэба спадзявацца і верыць, і Бог дапаможа.
— Мы марылі, каб была вялікая сям’я, уласны дом і вялізны стол у сталовай, адзін на ўсіх, — прызнаюцца Дарафейчукі.
Вялікая сям’я ёсць, дом дабудоўваецца. А стол? Якая дробязь! Купіцца.
Галіна Каляда.
На здымку: Наталля Анатольеўна, Юрый Іосіфавіч, Паліна, Данііл, Мілана, Маша і Сонечка Дарафейчукі.
Фота Аляксандра МЕЛЕША.
Знаю эту семью, и со старшим сыном хорошо знакома, работящий парень. Благополучия их семье
Рейтинг комментария:
0
0