Среда, 26 сентября 2018

С днем учителя!

1 084

— Настаўнікі ў мяне былі добрыя! – гаворачы пра выбар прафесіі, канстатуе Алена Яўгенаўна Саўчук. – Таму і стала, як яны, настаўніцай матэматыкі. Яшчэ падчас вучобы ў Бакунскай-2 сярэдняй школе, яе, як здольную вучаніцу, адразу заўважылі настаўніцы Вольга Паўлаўна Семянчук і Надзея Паўлаўна Багдановіч. Матэматыка дзяўчынцы давалася надзвычай лёгка, і іншай адзнакі, чым “пяцёрка”, яна ніколі за свае веды не атрымлівала. Тое, што будзе менавіта матэматыкам, яшчэ ў школе напрарочылі менавіта гэтыя педагогі. Аднак да таго, як атрымаць прафесію настаўніцы, давялося папрацаваць Алене Яўгенаўне Саўчук і піянерважатай, і выхавальніцай. Гаворыць, што той вопыт ёй спатрэбіўся і тады, калі пераступіла парог класнага пакоя настаўніцай  матэматыкі. Пачынала працаваць у Мураўскай школе, затым была СШ №4, апошнія дванаццаць гадоў настаўнічае ў СШ №5.

— Работу і дзяцей люблю, — гаворыць настаўніца, — відаць, таму і многае атрымліваецца.

Пра “атрымліваецца” мы ведаем таксама. Яе былы вучань Ілья Чаплін на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы набраў сто балаў. Выпускніца гэтага года Таццяна Галёнка не дацягнула да ста ўсяго чатыры балы. Вучні А.Я.Саўчук частыя пераможцы раённых і ўдзельнікі абласных алімпіяд па матэматыцы. У міжнародным конкурсе “Кенгуру” сярод вучняў раёна пераможцамі таксама станавіліся юныя матэматыкі Алены Яўгенаўны.

— Здольных дзяцей я выяўляю з пятых класаў, — дзеліцца вопытам настаўніца. Іх і рыхтую да ўдзелу ў будучых алімпіядах. Каб развіць матэматычныя здольнасці ў вучняў, вельмі важна стварыць для гэтага неабходныя ўмовы. Над гэтым і працую. Індывідуальная работа з дзецьмі, творчыя заданні —тое, без чаго не абыходзіцца звычайны ўрок.

Па прызнанні настаўніцы, яна не аддае прыярытэт на ўроку моцным вучням. Наадварот, больш увагі — мена-віта слабейшым. Каб упэўнена рухацца па дарозе ведаў наперад, абавязкова трэба крочыць дружна разам! У гэтым яна пераканана.

Такое перакананне дапамагае Алене Яўгенаўне наогул у жыцці. Менавіта на сяброўстве і даверы будуюцца адносіны ў яе сям’і. Яе, клапатлівую маці, шануюць дочкі, цудоўную гаспадыню і проста прыгожую жанчыну  любіць муж. Аднак, нягле-дзячы на паўсядзённы хатні клопат, падрыхтоўцы да сваіх любімых урокаў матэматыкі настаўніца знаходзіць час заўсёды. Ведае: прыйшоўшы ў клас, патрэбна дзяцей здзівіць і зацікавіць.

— Там, дзе ўмела спалучаецца адукацыйны і выхаваўчы працэс, — лічыць Алена Яўгенаўна, — дзе педагогі не толькі вучаць дзяцей, але і рыхтуюць іх да жыцця, у такой навучальнай установе вучні будуць адчуваць сябе  як дома. Вельмі хочацца, каб гэта разумелі нашы дзеці. Тады ў школу яны заўсёды будуць прыходзіць з задавальненнем.

Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *