Четверг, 21 июня 2018

В Линово открылся новый детский сад

3 305

15 верасня ў аграгарадку Ліноўскім адбылася падзея, якая была сапраўды доўгачаканай для ўсіх яго жыхароў. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў вёсцы адкрыліся новыя яслі-сад. Падзея вельмі неардынарная, бо адкрылі не проста новы будынак, а сапраўды сучасную дашкольную ўстанову, якая была ўзведзена, абсталявана згодна з самымі апошнімі нормамі і патрабаваннямі. Як зазначыла загадчыца садка С.М.Гардзіеўская, тут будзе наладжаны і адпаведны адукацыйны працэс. Акрамя таго, значна пашырыліся магчымасці па ахопу дашкольнай адукацыяй усіх дзяцей адпаведнага ўзросту. Не адзін год гэта было вельмі балючым пытаннем для аграгарадка. Магчымасці былога садка, які размяшчаўся ў прыстасаваным будынку, не маглі зменшыць чаргу, у якой знаходзіліся звыш паўсотні дзяцей. Цяпер жа ў новым садку могуць выхоўвацца 95 дашкалят. Не дзіўна, што суботняя падзея стала сапраўдным святам для Лінова. Першае слова, як і належыць, адразу было дадзена маленькім гаспадарам садка. Шчыра дзякавалі кіраўніцтву раёна і вобласці бацькі дашкольнікаў: менавіта з іх плячэй цяпер зняты вялікі клопат. Перарэзаць чырвоную стужку былі запрошаны намеснік старшыні аблвыканкама Л.А.Цупрык і старшыня Пружанскага райвыканкама А.І.Юркевіч.

— Магчыма, у нас атрымліваецца не ўсё і адразу,— з такімі словамі звярнуўся да вяскоўцаў Леанід Аляксандравіч.— Безумоўна, вы чакалі доўга гэты садок і хацелася б, каб такія пытанні вырашаліся хутчэй. Але, паверце, не ўсё так проста, хоць улада і ведае праблемы і вострыя пытанні. І па магчымасці мы імкнемся іх вырашаць. Напрыклад, я прыехаў сюды з яшчэ аднаго адкрыцця такой жа ўстановы ў іншым кутку вобласці.

Запэўніў Л.А.Цупрык жыхароў аграгарадка і ў тым, што кіраўніцтву раёна і вобласці вядома, што такога ж абнаўлення патрабуе і мясцовая школа.

— Не ўсё і адразу, але пустых абяцанняў мы не даем і сваё слова заўсёды трымаем,— пацвердзіў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пружанскай выбарчай акрузе №9 старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч.

І доказ гэтаму быў відавочны. На яшчэ нядаўняй вясковай пустэчы ўзнімаецца цяпер ўзорная ўстанова. Сапраўды, аналагаў Ліноўскім дзіцячым яслям-саду №21 на Пружаншчыне няма. Для сучаснага дашкольнага выхавання тут ёсць не толькі асобныя памяшканні для пяці груп і першакласнікаў, праекціроўшчыкі заклалі невялікі басейн, спартыўную і гімнастычную залы і многае іншае. Ва ўсіх памяшканнях ёсць неабходны інвентар, па асобным заказе была зроблена мэбля і падрыхтавана пасцельная бялізна раённым камбінатам бытавога абслугоўвання. Як зазначыла падчас прэзентацыі начальнік ад-дзела адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз, ёсць усе магчымасці для заняткаў і з дзецьмі, якія маюць праблемы з псіхафізічным развіццём. Усяго на ўзвядзенне дзяржава выдаткавала 21 мільярд рублёў.

Прыемная падзея і гонар за сваю краіну настолькі ўзняў настрой вяскоўцаў, што свята доўжылася яшчэ доўга і пасля ад’езду высокіх гасцей. Атмасферу на ім на належным узроўні падтрымлівалі выступленні, падрыхтаваныя для жыхароў аграгарадка выхаванцамі Ліноўскай школы мастацтваў.

Алег Сідарэнка. Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *