Четверг, 20 сентября 2018

Вступило в силу новое постановление Совета Министров: ночная улица не для детей

1 064

З 5 верасня ў Беларусі ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў, згодна з якой дзецям ва ўзросце да 16 гадоў забараняецца знаходзіцца на вуліцы з 23.00 да 6.00 без суправаджэння дарослых (бацькоў, апекуноў і г.д.).

— У дакуменце гаворыцца, што пры затрыманні падлетка, якому няма 16 гадоў, па-за домам без дарослых у абмоўлены час праваахоўнікі павінны на працягу трох гадзін перадаць яго бацькам ці паўналетняй асобе, — тлумачыць начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэй Кунцэвіч. — Калі ж за гэты час не ўдалося знайсці бацькоў, дзіця неабходна дастаўляць у сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Між іншым, у тэксце ўдакладняецца, што дзеянне палажэння не распаўсюджваецца на непаўналетніх, якія ў выключным парадку надзелены дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме: знаходзяцца ў шлюбе, маюць дзяцей і г.д.

Алгарытм дзеянняў міліцыянера ў такім выпадку наступны: ён павінен высвятліць прозвішча, імя і імя па бацьку, дату нараджэння, а таксама іншыя асабістыя звесткі, якія дазваляюць устанавіць знаходжанне законных прадстаўнікоў дзіцяці. Пры неабходнасці непаўналетні можа быць дастаўлены ў аддзяленне міліцыі. Пасля высвятлення асобы супрацоўнікі павінны адразу ж праінфармаваць яго законных прадстаўнікоў аб месцазнаходжанні іх дзіцяці.

Андрэй Васільевіч звяртае ўвагу:

— Пры гэтым перадаваць дзіця законным прадстаўнікам ці непаўналетнім асобам, калі тыя не маюць пры сабе дакументаў альбо знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных, псіхатропных рэчываў, а таксама з яўнымі прыкметамі псіхічнага расстройства ці захворвання, забараняецца. Акрамя таго, бацькі затрыманага ў начны час падлетка заплацяць штраф: да двух базавых велічынь — калі непаўналетні затрыманы ўпершыню, пры паўторным парушэнні «каменданцкай гадзіны» штраф узрасце да пяці базавых велічынь.

У выпадках, калі месцазнаходжанне бацькоў не высветлена ці яны не могуць забраць дзіця на працягу трох гадзін (напрыклад, з-за знаходжання ў іншым горадзе), малалетні парушальнік дастаўляецца ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Дарэчы, перад пасадкай у транспартны сродак пры дастаўцы ў СПЦ міліцыянер мае права прапанаваць падлетку прад’явіць для агляду яго асабістыя рэчы.

Пры затрыманні непаўналетняга ў начны час супрацоўнікі міліцыі складаюць акт перадачы дзіцяці ў трох экзэмплярах: першы аддаецца прымаючай асобе, другі застаецца ў органах унутрных спраў, а трэці на працягу трох рабочых дзён перадаецца ў камісію па справах непаўналетніх.

— «Каменданцкая гадзіна» практыкавалася і раней, у 2006 годзе яна была адменена. І дарэмна, — выказвае свой пункт гледжання на гэты конт Андрэй Кунцэвіч. — Мяркуйце самі: сёлета шэсць з сямі злачынстваў (а гэта пяць крадзяжоў і грабеж), да якіх маюць непасрэднае дачыненне непаўналетнія, былі ўчынены падлеткамі да 16 гадоў у позні вячэрні час. Ды і калі прааналізаваць крымінагенную сітуацыю па лініі ІСН за папярэднія гады, то нескладана заўважыць, што падлеткавая злачыннасць «квітнела» менавіта пасля 23.00.

У міліцыі кажуць, што некалькі першых дзён парушальнікаў «каменданцкай гадзіны» не будуць забіраць у аддзяленне: для іх пакуль начныя прагулкі абярнуцца прафілактычнай гутаркай. Папярэдняе інфармаванне, відаць, паўплывала і на непаўналетніх, і на іх бацькоў: у першы дзень дзеяння палажэння малалетніх парушальнікаў на вуліцах горада не было заўважана.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *