Пятница, 19 апреля 2024

Упершыню і з вялікім размахам прайшло свята-фестываль «Ліноўскі гасцінец» (+вялікі фотарэпартаж)

472

Яшчэ засцілаліся абрусамі сталы ўздоўж будынка Ліноўскага Дома культуры і гаспадыні ўвіхаліся вакол знарок прыгатаваных пачастункаў. Яшчэ наладжваў апаратуру гукарэжысёр і з канцэртнымі касцюмамі ў руках беглі пераапранацца артысты. Яшчэ гулялі таварыскі турнір футбалісты. А прастора вакол свежа ўстаноўленай сцэны, здавалася, ужо была прасякнута водарам свята. І самыя маленькія ўдзельніцы канцэрта, выхаванкі дзіцячага садка, цярпліва чакалі адказнага моманту свайго выступлення, хаця, нібы сланечнікі, дружна паварочвалі галоўкі ў бок горак, батута і «тарзанкі», дзе весела гаманіла малышня.

І вось ужо вядучыя расказваюць прысутным паданні пра пана Ліна і лінёў у сажалцы: маўляў, выбірайце, які варыянт паходжання назвы вёскі Лінова падабаецца больш. З тых даўніх часоў шмат вады ўцякло, многае давялося перажыць роднаму паселішчу, але яно выстаяла, расквітнела, атрымала статус аграгарадка…

Старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань падчас віншавання гасцей і землякоў патлумачыла, чаму свята — першае ў такім фармаце — вырашылі назваць «Ліноўскі гасцінец»:

— Лінова і Аранчыцы размяшчаюцца побач, а паміж імі пралягае чыгунка. Менавіта яна, як вялікі гасцінец, злучае нашы паселішчы і нашы сэрцы. Па гэтым гасцінцы прыязжаюць да нас госці, едуць людзі ў родныя вёскі, каб падмацавацца духоўна. І хочацца, каб сувязь з родным домам захавалі ўсе тыя, хто выязджае адсюль, каб жылі і працавалі мы ў згодзе, пад мірным небам малой і вялікай радзімы.

Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Вярэха таксама павіншавала ўсіх з гэтым цудоўным святам. Таццяна Пятроўна адзначыла:

— Лінова мае цудоўную базу для развіцця дзяцей. Тут ёсць школа сярэдняя і школа мастацтваў, садок, спартыўная інфраструктура. Працуюць і развіваюцца прадпрыемствы ў наваколлі. Значыць, тут ёсць будучыня.

— Спакон вякоў месцам, блаславёным Богам, лічыцца тое, дзе стаіць царква, — сказаў настаяцель Крыжаўзвіжанскай царквы в.Аранчыцы іерэй Аляксандр Мялешка. —Лінова-Аранчыцы — менавіта такое месца, з праваслаўем яно звязана амаль два стагоддзі. І, спадзяемся, наперадзе ў нас яшчэ доўгія гады. Анёла-ахоўніка ўсім!

Аповяды пра гісторыю і сучаснасць — гэта нават не палова справы. Галоўнае падчас любога падобнага свята — гэта людзі. А будучыня вёскі — дзеці.

— Калі хочаш асесці ў нейкім месцы на адзін год — пасей проса, калі маеш намер пражыць дзясяткі гадоў — пасадзі дрэва, калі мяркуеш застацца назаўсёды — нарадзі дзіця, — узгадалі вядучыя народную мудрасць.

А старшыня сельвыканкама наконт дзяцей удакладніла, што шмадзетных сем‘яў у сельсавеце становіцца ўсё больш, зараз такіх — 59.

— За ліпень дабавілася ажно чатыры, — сказала Таццяна Мікалаеўна. — А самай маладой шматдзетнай сям‘ёй сельсавета сталі Кавалевічы, менавіта тут нядаўна нарадзіўся сынок Леў.

Пажаданні здароўя, цярпення, дабра і шчасця прагучалі ў адрас усіх сем‘яў, дзе гадуюцца дзеткі, а маці самага юнага жыхара Лінова Сюзанна Кавалевіч атрымала памятны падарунак.

«Зямля мая, цудоўны, дзіўны край, пад зорным небам птушкаю лунай… бо заслужыла ты шчаслівы лёс», — пад песню сваёй выхавальніцы танцавалі маленькія дзетсадаўкі, а потым…

А потым настала чарга ўшаноўвання самых сталых, самых паважаных жыхароў. Дарэчы, найстарэйшай жыхаркай Лінова цяпер з‘яўляецца Яўгенія Аляксандраўна Матуліс. Сёлета ёй споўнілася 99 гадоў. Паўлу Васільевічу Бальцэвічу — 97, ён адзіны ў сельсавеце ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Нямала, аказваецца, тут мужоў і жонак, якія шмат гадоў пражылі ў шлюбе, напалам дзялілі гора і радасць: сярэбраныя юбілеі адзначылі пяць сем‘яў, а ажно шэсць пар заслужылі права паставіць залатую пробу — 50 гадоў сямейнага жыцця. Ёсць і тры ізумрудныя юбіляры — пары, якія пражылі разам 55 гадоў. Гэта Дзмітрый Паўлавіч і Анастасія Міхайлаўна Каляда, Дзмітрый Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна Тронец, Міхаіл Мікалаевіч і Зінаіда Аляксандраўна Казловічы. Радуе, што гэтыя людзі па-ранейшаму маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, імкнуцца атрымліваць максімальнае задавальненне ад жыцця.

А Васіль Іосіфавіч і Таццяна Іванаўна Якуты адзначылі нават брыльянтавае вяселле, 60 гадоў сямейнага жыцця.

— Які сакрэт вы маеце, што пражылі разам столькі гадоў? — запыталася Таццяна Мікалаеўна ў юбіляраў.

Адказ быў вельмі лаканічным:

— Жыць, кахаць, сябраваць, дараваць адзін аднаму.

Вось ён, кароткі і ёмісты наказ тым, хто толькі збіраецца прымераць на руку заручальны пярсцёнак. Ці ж можна лепш вызначыць асноўныя складнікі моцнай сям‘і? Але думаецца, што падобнымі прынцыпамі карыстаюцца і многія маладыя сем‘і, напрыклад, Люкевічы і Гардзіеўскія, якія прымалі ўдзел у сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла» ў мінулым годзе і сёлета. Абедзьвум толькі крыху не хапіла да першага месца ў раённым этапе.

Пра што яшчэ мы не расказалі? Пра тое, што шчыра віншавалі сваіх работнікаў кіраўнікі прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета: дырэктар Аранчыцкай птушкафабрыкі Аляксандр Камісарук і дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васілій Казмярчук. Апошні адзначыў і маладых спецыялістаў, што засталіся ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі, і студатрадаўцаў — вучняў Ліноўскай СШ, якія ўжо маюць працоўныя кніжкі, добра дапамагаюць сельгаставарыству.

Пра школьнікаў наогул гутарка асобная. Яны і спартсмены актыўныя, і ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічаюць. Гонар аграгарадка — фальклорны гурт «Лінькі» Ліноўскай СШ. У маі ён удзельнічаў у абласным фестывалі «Радавод» і атрымаў два дыпломы І ступені, а ў праекце «Нашчадкі традыцый», які праходзіў у Мінску, быў адзначаны дыпломам ІІ ступені.

І «Лінькі», і калектывы дзіцячай школы мастацтваў ярка і заўзята выступалі ў гэты дзень перад землякамі побач з вядомымі ў раёне і за яго межамі гуртамі «Каханачка» і «Бабіна лета» Ліноўскага СДК і шматлікімі салістамі. Свае песні падарыў землякам і Аляксандр Жаўнярчук. Наогул, Дом культуры і школа мастацтваў і былі асноўнымі стваральнікамі канцэрта, які вялі на цудоўнай беларускай мове прыгожыя прадстаўніцы гэтых устаноў Вольга Ільіч і Вольга Сазонава. А ролю спонсараў узялі на сябе мясцовыя прадпрыемствы і прыватныя прадпрымальнікі.

Нават цяжка пералічыць усё, што яшчэ чакала жыхароў Лінова і наваколля ў гэты дзень: выступленне народнага тэатра народнага гумару «Спораўскі акалот», фестываль фарбаў, феерверк, святочная дыскатэка і шмат іншага. Нават футбольныя спаборніцтвы, дзе сыгралі па кругавой сістэме каманды Лінова, Пружан і Ружан (у Ружаны і паехаў ганаровы кубак). Але, не пабаюся сказаць, што адметнасцю свята сталі менавіта ліноўскія пачастункі, якія прапанавалі ўсім жадаючым прадстаўніцы мясцовых прадпрыемстваў, устаноў, творчых калектываў і асобныя гаспадыні. Чым здзіўлялі? Не раскажу, а то тыя, хто паленаваўся наведаць «Ліноўскі гасцінец», слінай захлынуцца.

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбомы са свята: https://vk.com/album-23306785_285410568 і https://ok.ru/budni/album/944667984264