Понедельник, 19 февраля 2018

Опасность ртутьсодержащих лампочек до «лампочки»?

1 791

У жніўні 2011 года райвыканкамам было прынята рашэнне аб стварэнні пунктаў збору ў насельніцтва і часовага захоўвання ртуцьутрымліваючых адходаў. Згодна з ім, з 1 верасня 2011 года бытавыя люмінесцэнтныя лямпы збірае КУВП “Камунальнік”, усе астатнія небяспечныя адходы – райаддзел па надзвычайных сітуацыях.

Прайшоў год. Наколькі бяспечней стала наша жыццё?

Тэлефануе сусед: «Іду даведвацца, як прымаюцца нягодныя люмінесцэнтныя лямпы».

Я: «Пачакайце, пайду з вамі, у мяне ёсць некалькі такіх,  толькі трэба зняць з гарышча».

Ідзем у КУВП “Камунальнік”. У кабінеце на першым паверсе малады чалавек паціскае плячыма: «Без начальства не ведаю, што рабіць з вашымі лямпамі».

«А дзе ваша начальства?», — пытаемся.

«Цяпер — на аб’екце».

Выходзім, я кажу свайму спадарожніку: «І што цяпер рабіць?»

Ён адказвае: «А тым лепш. Ёсць нагода, мінуючы начальства, іcці прама да кіраўніцтва. А там і лямпы здадзім, і даведаемся аб лічбах здачы ртуцьутрымліваючых вырабаў»…

Заходзім у прыёмную, і сакратарка нас адразу разумее, прапануе крыху пачакаць. Пытаемся ў яе: колькі падобных лямпаў здаюць людзі? Жанчына адказвае… Тым часам падыходзіць намеснік кіраўніка і з радасцю забірае нашы лямпы. Мы дзякуем яму за тое, што ён не патрабуе ад нас пашпартаў (усё ж рэчы — невядомага паходжання). Ён нам дзякуе за тое, што не просім грошай (усё ж вырабы з паўкаштоўным металам).

Прыходжу дадому і пачынаю разважаць.

З дзяцінства я нямала сутыкаўся з медыцынай. Успамінаю, як адна з маіх цётак, працуючы правізарам у аптэцы, па-разгільдзяйску адмярала раствор ртуцьутрымліваючага рэчыва (сулемы) шкляной трубкай з дзяленнямі не з дапамогай гумавай грушы, як патрэбна, а ўсмоктваючы да патрэбнай адзнакі ротам. Аднойчы яна крыху больш, чым неабходна было, пацягнула паветра, пару кропель раствору трапілі ў рот. Цётка, зразумела, адразу ўсё выплюнула, прапаласкала рот, горла… Але хутка адчула моцную слабасць. Праз тыдзень зроблены аналіз крыві паказаў у некалькі разоў павышаную СОЭ (хуткасць асядання эрытрацытаў) і значнае падзенне ўзроўню эрытрацытаў. Калі б яна, крый Божа, тыя некалькі кропель зглытнула, справа скончылася б вострым атручваннем.

Я пацікавіўся, як выглядала б вострае атручванне пры хуткім і вялікім паступленні ў арганізм раствору ртуці. І даведаўся, што маласуцяшальна: разрыхленне і кроватачывасць дзёснаў і слізістых рота, слінацячэнне, выпадзенне зубоў, ваніты, паражэнне нырак…

Другая мая цётка працавала зубным тэхнікам. Усю першую палову майго жыцця даводзіла да добрага стану мае зубы лепшым на той час пламбіровачным матэрыялам — сярэбранай  амальгамай. Амальгама рыхтуецца расціраннем спецыяльнай металічнай пудры з ртуццю. Гэта павінна рабіцца ў выцяжной шафе. Цётка расціранне ра-біла проста на стале. Ну, не было ў стаматкабінеце выцяжной шафы.

Увесь час, колькі я яе памятаю, яна размаўляе ціхім голасам і, калі да яе раптоўна звярнуцца, уздрыгвае і злёгку чырванее. Магчыма, гэта хранічнае атручванне ртуццю (пры павольным доўгім невялікімі колькасцямі ўздеянні)? Чым яно характэрна? Дрыжанне канечнасцей, галавы, усяго цела, моцная сарамлівасць, змяненне характару, інтэлекту, страта памяці… Канешне, тое, што чалавек ціхі і сарамлівы, можа тлумачыцца яго характарам, выхаваннем. Але ўсё ж добра,што мне больш не ставяць пломбы з ртутнай амальгамай. Хаця вельмі трывалымі і вельмі таннымі яны былі, ды і лічацца бяспечнымі для пацыента, бо колькасць ртуці нават у дзясятку пломб не перавышае дапушчальнай дозы.

Сапраўды, ртуць мае многа спосабаў карыснага выкарыстання, як бачым, не толькі для лямпаў і тэрмометраў яна патрэбна. Лістаючы стары энцыклапедычны слоўнік, звярнуў увагу на сярэднявечны спосаб лячэння завароту кішак. Паміраючаму ад гэтай хваробы чалавеку давалі выпіць нейкую колькасць ртуці, якая сваім цяжарам выпраўляла кішкі. Атручванне не паспявала адбыцца таму, што ртуць дзейнічае на жывы арганізм толькі ў раствораным у вадзе ці ў газападобным стане. Чым больш распыленая яна, чым больш лёгкарастваральнае яе злучэнне, тым яе атрутнае дзеянне мацнейшае. Небяспека гэтага лячэння была ў тым, што, калі ртуць не выпраўляла кішкі, то іх проста прарывала.

Бяру ў рукі нумар савецкага часопіса «Юность» за 1970 год (захаваўся, бо ў ім надрукаваны пачатак аповесці братоў Стругацкіх) з успамінамі пра сябра сям’і Ульянавых, будучага арганізатара савецкай санітарнай службы. Вячаслаў Аляксандравіч Лявіцкі ў Цюрыху ў 1902 годзе расказаў Уладзіміру Леніну аб тым, як ён спрабуе палепшыць умовы працы рабочых, асабліва капялюшнікаў, якія сістэматычна труціліся ртуццю. Лявіцкі вёў сур’ёзную барацьбу з фабрыкантамі за спосаб вырабу фетру для капелюшоў без выкарыстання ртуці. Вярнуўшыся ў Маскву, Лявіцкі арганізаваў для фабрыкантаў выставу вырабаў з фетру, зробленых як з выкарыстаннем ртуці, так і без яе. На ёй былі паказаны занумараваныя фетравыя каўпакі без пазначэння ўмоў вырабу. Не ведаючы гэтага, фабрыканты ў кнізе заўваг адзначылі як больш высакаякасныя вырабы, зробленыя без выкарыстання ртуці.

Калі Ленін даведаўся пра гэта, ён быў  у захапленні. Марыя Ільінічна,  яго сястра, расказвала, як ён казаў: «Вось як Вячаславу Аляксандравічу ўдалося перахітрыць фабрыкантаў». І ад душы смяяўся, уяўляючы сабе гэту дзею…

Можа, гэта не самы ўдалы прыклад, але ён дапамагае ўбачыць, што было больш за 100 гадоў таму, на пачатку ХХ стагоддзя.

Цяпер ХХІ стагоддзе. І ў нас узнікае пытанне: якім чынам пазбавіцца ад атрутных уздзеянняў ртуці, выкарыстоўваемай у тэрмометрах, асвятляльных лямпах і многіх іншых карысных прыладах усеагульнага ўжытку, якія прыйшлі ў нягоднасць? Дарэчы, папулярныя сёння так званыя энергазберагальныя лямпы таксама ўвахо-дзяць у спіс ртуцьутрымліваючых вырабаў. Гэтыя кампактныя лямпачкі – родныя сёстры доўгіх люмінесцэнтных трубак.

Цяпер працоўнага труціць ртуццю з разбітых лямпаў не «крывасос-фабрыкант», а іншы працоўны, які выкідвае прыйшоўшыя ў нягоднасць вырабы ў пакет для смецця ці наогул куды папала, у тым ліку туды, дзе потым сам збірае грыбы і ягады.

Як павысіць экалагічную культуру насельніцтва? Якімі мерамі прымусіць яго выконваць прасцейшыя метады захавання ўласнага здароўя? Можа, абхітрыць дзеля яго ж карысці? Напрыклад, распаўсюдзіць чуткі, што выкідваць у поле вырабы з ртуццю — глупства, бо за іх здачу ў рэшце рэшт будуць плаціць.

Пытанні, пытанні, пытанні…

Вагаўся, ці прывесці тут названую нам у “Камунальніку” колькасць здадзеных сюды насельніцтвам на ўтылізацыю лямп з ртуццю. Мой сусед кажа: «Устрымайся, бо, можа, жанчына нам назвала недакладныя дадзеныя і памыляецца”. Але ж — на сваю адказнасць — я назаву лічбы, якія паказваюць істотны прагрэс у абароне ад шкоднага ўздзеяння ртуці.

У мінулым годзе жыхарамі раёна сюды было здадзена дзве такія лямпы. А ў гэтым  мы здалі тры  і, як аказалася, былі першымі (!), хто данёс свае лямпы да адпаведных службаў. Такім чынам рост у наяўнасці: працэнт здачы ртутных ламп сёлета ў параўнанні з мінулагоднім — 150%.

Ці варта крычаць: “Ура!”?

Леанід Гарустовіч.

На здымках: выкінутыя люмінесцэнтныя лямпы сярод іншага смецця і ў кустах ля в.Семянча.

Фота Леаніда Патапчука.

P.S. Ёсць прапанова: паставіць скрынкі для збору ртуцьутрымліваючых лямпачак (хаця б маленькіх) там, дзе іх прадаюць: першы паверх “Універмага”, магазіны “Будматэрыялы”, “Гаспадарчыя тавары”, сельмагі і інш. Разам з райспажыўтаварыствам (а калі прыватныя прадпрымальнікі згодны, то з імі таксама) праводзіць акцыю накшталт: здаў дзве нягодныя лямпы – купі новую са скідкай. Пастаянна рэкламаваць гэтую кампанію. Не заклікаем рабіць рэкламу на платнай аснове праз газеты, можна яркія шыльдачкі расставіць у адпаведных аддзелах, а паведамленне: у які час каму і куды можна здаць нягодныя лямпы ў “Камунальніку” – павесіць на дзвяры канторы і на дзверах пад‘ездаў. А то атрымліваецца, што людзей з аднаго боку палохаюць наступствамі ртутнага атручвання, з другога – штрафамі за забруджванне наваколля, калі трэба спярша  растлумачыць і зацікавіць.

Між іншым, падобная гісторыя і з утылізацыяй батарэек і акумулятараў. Для іх збору паставілі вялізную ёмістасць на першым паверсе “Універмага”, але спытайцеся, колькі чалавек выкінулі ў яе нягодныя батарэйкі? А колькі ведаюць пра яе існаванне? А колькі элементаў сілкавання купляюць штодзень?  У некалькіх брэсцкіх магазінах, у аддзелах, дзе прадаецца гэты тавар, на бачным месцы на прылаўках мы бачылі невялікія кошыкі з адпаведнымі надпісамі. Прыйшоў па новыя батарэйкі, старыя тут жа выкінуў. Да зручнасцей людзі прывыкаюць намнога хутчэй і лягчэй, чым да пагроз і заклікаў да сумлення, вось у чым справа.

2 комментариев

  • Ольга

    Прочла статью, но так и не поняла: что, лампочки нести в приемную «Коммунальника»? В рабочее время? Мне что, с работы отпрашиваться, чтобы перегоревшую лампочку сдать?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • пенсионэр

    Президенский Указ ном. 313. от 1 августа 2012 г.. Прдусматривает комп. расходов на утилизацию ртутных ламп.На текущий момент разм. компенсации состаляют: отработанные ртутьсодержащие лампы,термометры- 15000. за штуку. жур. «Зеленый контеинер» ном.1 (1) октябрь 2014г. стр.11

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *