Понедельник, 22 января 2018

Жанна Бурдюк: «Я влюбилась в виноград еще в детстве»

1 244

Беларускі вінаград… Згадзіцеся, з кожным годам гэта словасзлучэнне ўсё менш і менш рэжа слых. Ды і сама паўднёвая культура з дзіковінкі паступова пераўтвараецца ў такую ж звычайную для нашай мясцовасці, як яблыня і груша. Шмат садаводаў-аматараў займаюцца вырошчваннем вінаграду і на Пружаншчыне. Сярод іх і Жанна Аляксандроўна Бурдзюк.

Можна сказаць, што ў вінаградную лазу я ўлюбілася ў дзяцінстве. Мяне ў вінаградзе прываблівае ўсё: колер, духмянасць і смак ягад. Пад вінаграднай лазой можна адпачыць у сонечны летні дзень.

Вельмі люблю назіраць за тым, як вінагарад пачынае развівацца вясной пасля працяглай зімы. Вось набрынялі пупышкі, з’явіліся першыя лісцікі, а вось і даўгачаканая кветачка — будучая гронка. Калі цвіце ўвесь вінаграднік, паветра напаўняецца тонкім прыемным пахам.

Упершыню, а гэта каля трыццаці год таму назад, я пасадзіла саджанец вінаграду пад сваім акном у шматпавярхоўцы. Наша сям’я жыла на трэцім паверсе, і вінаград сорту «ізабэла» даставаў ажно да акна. Ён і цяпер там расце і дае добры ўраджай некалькім сем’ям. А як прыемна назіраць, што ў твае вокны стукаюць зялёныя галінкі з сінімі гронкамі.

Калі мы займелі дачу ў Слабудцы, пасадзіла тут «мінскі ружовы», «паўночны ранні» і «ізабэлу». У далёкай маладосці мне хацелася, каб у кожным двары рос вінаград. На дачах  у Слабудцы дагэтуль растуць падораныя мною саджанцы вышэйназваных сартоў.

А на маім прысядзібным участку цяпер — больш за 30 сартоў вінаграду. Сярод іх шмат маіх любімых. Напрыклад,  «агат данскі» прываблівае буйнымі гронкамі з вялікімі ягадамі сіняга колеру. Ён вельмі салодкі, а выспявае ўжо ў пачатку жніўня. Для нашай мясцовасці гэты сорт падыходзіць як найлепш, бо не патрабуе ўкрыцця на зіму.

З ранніх сартоў хачу назваць «ананасны»: зялёны і вельмі смачны, сапраўды з пахам ананасу. «Паўночны ранні» цудоўны зялёны сорт і ў дадатак вельмі ўраджайны. Добра сябе зарэкамендавалі і такія сарты, як «тукай», «тамайскі», «вікторыя».

Больш цеплалюбівыя сарты вінаграду растуць у цяпліцы: «лора», «нізіна», «адэскі сувенір», «дэнал», «арыгінал». Яны патрабуюць і добрага ўкрыцця на зіму, таму што пупышкі вымярзаюць пры тэмпературы мінус 17-19 градусаў.

Асобна хачу сказаць пра кішмішныя сарты вінаграду: «юбілейны-70», «памяць Дамбкоўскай», «універсальны». Яны падыходзяць для ўжывання маленькімі дзецьмі, паколькі ягады не ўтрымліваюць костачак і вельмі салодкія.

Я люблю эксперыментаваць, таму абавязкова гэтай восенню планую набыць новыя і цікавыя сарты. На перспектыву ўвесь вінаград збіраюся вырошчваць у адкрытым грунце.

А тым, хто баіцца цяжкасцей у асваенні новай справы, скажу, што вінаград могуць вырошчваць нават навічкі. Так што пасадзіце яго ў вашым садзе-агародзе па суседству з бульбай і морквай — і атрымлівайце задавальненне!

Жана Бурдзюк, жыхарка г.Пружаны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *