Воскресенье, 23 сентября 2018

У Паддубна адзначылі 200-годдзе Гарадзечанскай бітвы

1 302

Мітынг-рэквіем, прысвечаны 200-годзю Гарадзечненскай бітвы, адбыўся ў мінулую пятніцу ў Паддубна

Айчынная вайна 1812 года далёкая ад нашай сучаснасці. Няма сведкаў тых падзей, сцерліся за 200 гадоў сляды Напалеонаўскага нашэсця. Але мы павінны памятаць: гэта таксама наша гісторыя, без якой мы б перасталі існаваць.

Калі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гадоў прыярытэты былі зразумелымі, то падзеі 1812 года для Беларусі не маюць адназначнага характару. З абодвух бакоў барыкады змагаліся мясцовыя жыхары, і кожны верыў, што менавіта ён ваюе за праўду. Але даследчыкі сыходзяцца ў сваіх меркаваннях на адным пункце: наўрад ці суверэнітэт беларускіх земляў аднавіўся б пад уладай Напалеона, а вось свае карані беларусы страцілі б адназначна. Таму і паўстаў народ супраць захопнікаў.

Самая знакамітая бітва той вайны, якая ўвайшла ва ўсе падручнікі па гісторыі, — Барадзінская. Шматлікія іншыя сутыкненні могуць падацца дробязнымі ў параўнанні з вышэйназваным вялікім сражэннем. Але яны карэнным чынам змянілі планы агрэсара. У тым ліку і  бой на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў раёне вёсак Гарадзечна і Паддубна, які адбыўся 31 ліпеня (12 жніўня н.ст.) 1812 года. Адназначных меркаванняў наконт маштабнасці бітвы і колькасці загінуўшых няма: хавалі салдат мясцовыя жыхары. На месцы падзеі праз сто гадоў была ўзведзена капліца ў гонар вайсковай доблесці абаронцаў краіны.

У мінулую пятніцу каля яе традыцыйна сабраліся далёкія нашчадкі, каб у чарговы раз ушанаваць памяць мужных воінаў. Урачысты мітынг-рэквіем сабраў многіх жыхароў Пружан, навакольных вёсак. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Макарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце М.М.Маткоўскі, прадстаўнікі маладзёжных, ветэранскіх аб’яднанняў, мясцовых выканаўчых органаў і беларускія вайскоўцы, а таксама казакі Брэсцкай казацкай акругі. Яны прывезлі ў падарунак асабліва шануемую імі ікону Божай маці.

Падчас мерапрыемства ўспаміналіся даўнія падзеі, гаварылася, для чаго мы павінны гэта памятаць. Асабліва пранікнёнай была прамова настаяцеля сабора Аляксандра Неўскага айца Міхаіла Носка, які зазначыў, што такая памяць яднае нас, вучыць шанаваць Бацькаўшчыну, ганарыцца за яе — і адначасова быць міралюбівымі ў адносінах іншых народаў.

Прагучалі  выступленні хора сабора Аляксандра Неўскага, духавога аркестра Палаца культуры і хора настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў г.Пружаны.

Алег Сідарэнка, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *