Пятница, 29 марта 2024

Карина: «Главное поверить в себя!»

1 821

Карыну Валанчутэ ведае кожны пружанец, які хоць аднойчы прысутнічаў на гарадскіх святочных мерапрыемствах. Яркая, запамінальная, таленавітая, заўсёды з усмешкай на твары – яна выступае амаль на кожным канцэрце, які ладзіцца ў нашым горадзе.

Сёння маладая спявачка — лаўрэат разнастайных конкурсаў, скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў, працуе кіраўніком эстраднай студыі ў Новазасімавіцкім Доме культуры, завочна вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

І, мабыць, ніхто са шматлікіх аматараў яе творчасці не ведае, што ў дзяцінстве Карыну…

не бралі нават у школьны хор! Апошняя  акалічнасць тым больш дзіўная, што бацька Карыны Эўгеніюс Валанчус – кіраўнік эстраднай студыі Палаца культуры, які выхаваў цэлую плеяду спевакоў.

— Спевы неяк мяне не цікавілі, — прызнаецца Карына. – Але ўсё дзяцінства я кантактавала з татавымі выхаванкамі. Больш за ўсё мяне захаплялі ўборы, у якіх выступалі дзяўчынкі. Здаецца, менавіта дзеля таго, каб таксама быць такой прыгожай, у 12 гадоў я пачала спрабаваць спяваць.

У школе талент Карыны не разгледзелі,  дома – падтрымлівалі.

— Для кожнага з бацькоў сваё дзіця самае адоранае, — усміхаецца Карына. — Але часам нават тата казаў: маўляў, дзіця, навошта пакутаваць, калі не атрымліваецца? Але мяне ўжо было не спыніць. Асабліва дапамагала мама, якая і падштурхоўвала мяне да дзеянняў.

Адчуць упэўненасць у сабе дапамагла гітара. На курсах выкладчыца спрабавала данесці азы валодання інструментам адразу да 20 чалавек. Карыны хапіла толькі на чатыры заняткі, далей інструмент асвойвала самастойна. Затое ўжо з гітарай у руках дзяўчына пачала пакараць пружанскую публіку і стала чаканай госцяй на розных святах.

У 11-ым класе Карына марыла паступіць у медыцынскае вучылішча, нават тэсты ўжо здала, калі па радыё пачула перадачу пра такую цікавую прафесію, як рэжысёр. За два месяцы да паступлення бацькі былі пастаўлены перад фактам: медыка ў сям’і не будзе. На сямейным савеце зышліся на тым, што паступаць Карына паспрабуе на эстраднае аддзяленне Гродзенскага каледжа мастацтваў. Спроба была няўдалай, і Карына які ўжо раз зноў “цягнула сябе за вушы”.

— Я зрабіла для выснову – пакуль сама ў сябе не паверыш, ніхто не зможа дапамагчы. Працягвала займацца, і на наступны год без праблем паступіла. Вучыцца было складана, нават не было калі ўзяць у рукі любімую гітару. А пасля каледжа паматаю толькі адно жаданне: зрабіць нарэшце прыгожы манікюр.

Не атрымалася працягнуць вучобу па спецыяльнасці ў вышэйшай навучальнай установе — часам не ўсе нашы жаданні збываюцца. Але зараз з задавальненнем завочна вучуся на псіхолага. Дарэчы, ужо тры гады дзеля гэтага працую без адпачынку.

Рабочы дзень у кіраўніка эстраднай студыі Новазасімавіцкага Дома культуры доўжыцца з 11 да 20 гадзін. У добрае надвор’е Карына дабіраецца сюды з Пружан на веласіпедзе.

Займаюцца ў Карыны 11 дзетак, якія мараць пра вялікую сцэну і жадаюць стаць зоркамі. А пакуль разам са сваёй настаўніцай спяваюць для аднавяскоўцаў. Праявілі жаданне спяваць і дарослыя мясцовыя жыхары, якія таксама прыслухоўваюцца да парад Карыны.

Асобным радком у творчасці стаяць конкурсы. У чэрвені спявачка прымала ўдзел у “Маладзечна-2012”. А зараз рыхтуецца падаць заяўку на прэстыжны конкурс “Белазаўскі акорд”: для партфоліа не хапае пакуль адной відэаздымкі.

— Конкурсы дапамагаюць трымаць сябе ў тонусе, не даюць расслабіцца ці апусціць рукі. Гэта яшчэ адна магчымасць даказаць сабе і тым, хто некалі ў мяне не паверыў, што я нешта значу. Дарэчы, першае сапраўднае прызнанне прыйшло да мяне ўжо ў час працы ў Новых Засімавічах, калі ў 2007 годзе я заняла другое месца ў “Музычнай каруселі”.

Зараз за плячыма Карыны шэраг перамог, дзве гадзіны штодня яна займаецца ўласным вакалам, як і ў дзяцінстве, ёй ва ўсім дапамагае бацька, а сваім выхаванцам яна заўсёды паўтарае: “Пакуль сам не паверыш у свае сілы, табе ніхто не дапаможа…”.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *