Понедельник, 23 мая 2022

Журналісты «раёнкі» разам са старшынёй Хараўскога сельсавета павіншавалі ветэранаў

318

Ветэраны… Чым далей адыходзіць у мінулае май 1945 года, тым маштабней здаецца здабытая імі Перамога — і з большым запалам людзі імкнуцца павіншаваць іх з майскай урачыстасцю. У гэтыя цёплыя дні, насычаныя водарам квітнеючых яблынь і вішань, прымалі віншаванні ў тым ліку ветэраны і былыя вязні Хараўскога сельсавета.

Разам са старшынёй Хараўскога сельвыканкама Алёнай Пстыга візіт героям урачыстасці нанеслі і журналісты «раёнкі».

У аг. Калядзічы да нас далучыліся ўдзельніцы вакальнага гурта «Грошай не бяром» Калядзіцкага СДК і намеснік дырэктара ААТ «Агра-Калядзічы» па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гук, які прывёз важкі ў літаральным сэнсе падарунак ад гаспадаркі — тэлевізар, прызначаны для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Карсака.

Адметна, што якраз у дзень нашага візіту Іван Карсак у 91-ы раз адзначаў свой дзень нараджэння. Гасцей імяніннік сустракаў «пры парадзе» — у пінжаку з медалямі і памятнымі знакамі, сярод якіх асабліва выдзяляўся знак «Партызан Беларусі».

Іван Аляксеевіч страціў бацьку напачатку вайны: той служыў на аэрадроме ў Купліне, падчас бамбёжкі быў цяжка паранены і неўзабаве памёр. Жыццё ў акупацыі для дзесяцігадовага Івана стала сапраўдным выпрабаваннем на мужнасць. Хлопчык стаў партызанскім сувязным: распаўсюджваў лістоўкі, перадаваў запіскі з важнай інфармацыяй.

Іван Карсак унёс сваю лепту не толькі ў Вялікую Перамогу, але і ў адраджэнне Пружаншчыны. Пасля вайны ён скончыў школу будаўнікоў – і пачаў будаваць жыллё для калгаснікаў і фермы. Некалькі гадоў таму Іван Аляксеевіч аўдавеў, пра яго клапоцяцца дзеці, унукі і сябры.

Гасцей сустракала і жыхарка вёскі Смаляніца, былы малалетні вязень, а да ўсяго, цяперашняя стараста вёскі Валянціна Севасцьянчык. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас віноўніцы ўрачыстасці і ад Алёны Пстыга, і ад галоўнага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Валянціны Жук, якія ўручылі жанчыне падарункі, паштоўкі і грашовую выплату.

А музычны падарунак жанчына атрымала ад юнай салісткі народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка» Соф’і Яроцкай, якая выканала знакамітыя «Кацюшу» і «Смуглянку». Валянціна Уладзіміраўна ёй гучна падпявала: аказваецца, жанчына больш за трыццаць гадоў спявала ў гэтым калектыве, і песня для яе – галоўны сродак для ўзняцця настрою і пазбаўлення ад суму і роспачы.

Спявала яна і ў цяжкія хвіліны, калі ўзгадвала пра маці, якую немцы ў 1942 годзе адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Там і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, таксама вывезеным у рабства. На баўэрскай сядзібе ў 1944 годзе і нарадзілася Валянціна. Яе бацькі пасля вызвалення вярнуліся на радзіму і адразу абвянчаліся ў Хараўской царкве ў надзеі, што ўсё страшнае засталося ў мінулым. Але праз некалькі месяцаў Уладзімір Севасцьянчык быў мабілізаваны ў армію і прапаў без вестак…

Пра іншую, не менш сумную гісторыю мы даведаліся і ў в.Скорцы, дзе песні, віншаванні і падарункі прымаў яшчэ адзін былы вязень Эдуард Карпачоў разам з жонкай. Мастацкі кіраўнік «Смаляначкі» Таццяна Харытановіч са слязамі на вачах пажадала Карпачовым мірнага неба над галавой і шчасця сустракаць разам «пераможны май» яшчэ доўгія-доўгія гады. І ў небе над Скорцамі панесліся песні ваенных часоў…

Эдуард Аляксандравіч таксама нарадзіўся на чужыне. Яго родны бацька загінуў і маці выйшла замуж за былога чырвонаармейца, фельчара Аляксандра Карпачова, які падчас вайны ваяваў з гітлераўцамі ў складзе партызанскага атрада. Пазней бацькі выехалі ў Расію, адтуль — ва Украіну, на Луганшчыну, а малы Эдзік застаўся з бабуляй. Сувязь з роднымі, з малодшай сястрой Людмілай доўгі час падтрымліваў, але апошнія гады тэлефонную трубку на тым канцы провада ніхто не падымае. Жывыя родныя ці не, стары чалавек не ведае, і сэрца сціскаецца ад сумных думак…

Алена Зялевіч. Фота аўтара