Понедельник, 23 мая 2022

Сімвалы нашай краіны — наш гонар… У Пружанах урачыста адзначылі Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь

299

У Пружанах урачыста адзначылі Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ён святкуецца з 1995 года, калі на рэспубліканскім рэферэндуме беларусы аддалі перавагу гэтым сімвалам дзяржаўнай сімволікі, якія і па сённяшні дзень прадстаўляюць нашу краіну як суверэнную дзяржаву.

«Прыемна, што цяперашняе пакаленне беларусаў сваёй плённай працай стварае новую гісторыю нашай краіны, з гонарам працягваючы слаўныя традыцыі мінулага, — зазначыў старышыня Пружанскага раённага савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

— Герб, Сцяг і Гімн — гэта не проста сімвалы, а візітоўка міралюбівай палітыкі Рэспублікі Беларусь, чый аўтарытэт прызнаны на міжнароднай арэне, гэта важнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці айчыны».

Хвалюючым момантам свята стала ўрачыстае ўзняцце Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права зрабіць гэта было дадзена старшыні Пружанскага раённага савета ветэранаў Уладзіміру Яцкевічу і дзевяцікласніцы гімназіі г. Пружаны Дар‘і Кавалевіч.

Па традыцыі ў гэты дзень юныя жыхары горада былі прыняты ў піянеры. Хвалюючую цырымонію для вучняў сярэдняй школы № 1 правяла старшыня Пружанскага раённага грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Алена Зубко, а кіраўнікі раёна павязалі дзяўчынкам і хлопчыкам піянерскія гальштукі.

“Будзьце сумленнымі, будзьце смелымі, будзьце актыўнымі. Сёння на грудзях у вас з‘явіўся не проста кавалачак матэрыі, а кавалачак сцяга Рэспублікі Беларусь, — свае пажаданні выказала класны кіраўнік юных піянераў Аксана Клімава. — Вас чакаюць новыя адкрыцці, новыя сябры і новыя веды. Ніколі не забывайце, хто падараваў вам магчымасць сёння стаяць пад мірным небам і быць прынятым у піянеры. Памятайце, піянер — гэта першаадкрывальнік, гэта чалавек сумленны і смелы. У добры шлях!»

А выдатнікам вучобы, актывістам і лідарам вучнёўскага калектыву гімназіі былі ўручаны білеты членаў грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Урачыстую цырымонію правёў першы сакратар Пружанскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Аляксандр Бабігорац.

Свята дзяржаўных сімвалаў аб’ядноўвае ўсе пакаленні нашай краіны, дае магчымасць кожнаму з нас з пачуццём гонару і адказнасці ўсвядоміць сваю прыналежнасць да сваёй краіны – роднай Беларусі.

Больш фота ў нашым фотаальбоме ў Аднакласніках https://ok.ru/budni/album/940273205128

Вольга ВАДЗЯНОВІЧ

Фота Кацярыны МАСІК