Вторник, 12 ноября 2019

Кефир «Простоквашино» от СООО «ЮНИМИЛК Пружаны» уже на прилавках, на очереди — сметана

1 989

Пружанскім пакупнікам даспадобы малако пад брэндам «Прастаквашына». А нядаўна на прылаўках магазінаў з’явіўся і кефір з такім жа лагатыпам…

СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» — маладое прадпрыемства ў нашым раёне: яно было створана на базе ААТ «Пружанскі малочны камбінат» у 2009 годзе. Малако пад брэндам «Прастаквашына» (амаль тры гады гэта была адзіная  прадукцыя, вырабляемая прадпрыемствам) адразу ж знайшло сваіх пакупнікоў. А летась менавіта пружанскае малако было прызнана лепшым на тэрыторыі Расіі і Беларусі і нават стала пераможцам расійскай тэлеперадачы «Контрольная закупка».

Сёння за суткі на прадпрыемстве перапрацоўваецца ў сярэднім 275 тон малака: асноўнай сыравіннай зонай з’яўляецца Пружанскі раён — з гаспадарак сюды пастаўляецца больш 200 тон, астатнія 60 тон прывозяць з Івацэвіцкага, Камянецкага і Бярозаўскага раёнаў.

Хаця пружанцы і аддаюць перавагу «Прастаквашыну», тым не менш не-не, ды і выказваюць сумненні ў натуральнасці гэтага малака з-за яго даволі вялікіх тэрмінаў захоўвання: як запэўнівае вытворца, пры правільным тэмпературным рэжыме прадукт можа захоўвацца ажно да 14 сутак. Але спецыялісты прадпрыемства пераконваюць, што дабіцца такога выніку дазваляюць выкарыстанне самых сучасных тэхналогій і высокаякаснае шведскае і італьянскае абсталяванне, якое зманціравана ў вытворчых цэхах.

— Мы можам паспрачацца з меркаваннем, што падоўжыць тэрміны захоўвання прадуктаў можна толькі з дапамогай штучных дабавак. Будзьце ўпэўнены: наша малако натуральнае! — гаворыць начальнік вытворчасці Т.А.Бакіна. — Каб атрымаць пітное малако, на «ЮНІМІЛКУ» праводзіцца толькі высокатэмпературная яго апрацоўка (у нас пастэрызацыя малака праходзіць пры 93 градусах): прадукт ачышчаецца ад бактэрыяў, праходзіць дыярацыю; а высокая гомагенізацыя — драбленне тлушчу, які ў выніку распадаецца па ўсёй масе малака, — прадухіляе яго далейшае прагарканне. Натуральна, свежае хатняе малако без такой апрацоўкі пракісне хутчэй.

Высокае прызнанне «Прастаквашына» на малочным рынку — гэта заслуга не толькі калектыву перапрацоўшчыкаў, але і пастаўшчыкоў малака: асноўная яго частка ідзе класам экстра ці вышэйшым гатункам.

Асаблівай папулярнасцю ў спажыўцоў раёна ўжо каторы час карыстаецца так званае сацыяльнае малако з блакітнымі накрыўкамі, якое выпускаецца толькі для патрэб насельніцтва раёна: яно не толькі смачнае, але і амаль удвая таннейшае, чым з той жа тлустасцю ад іншых заводаў-вытворцаў. На прадпрыемстве расказваюць, што яго стратная вытворчасць і ўвесь час павышаны ажыятаж падштурхнулі да ўзняццця пытання аб перанакіраванні забеспячэння гэтым малаком толькі сацыяльных устаноў і спынення пастаўкі ў магазіны раёна.

Ёсць для спажыўцоў і добрая навіна. Нядаўна СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» нарэшце пашырыла лінейку прадуктаў. Некаторыя нават ужо змаглі прадэгусціраваць новую прадукцыю: на прылаўках магазінаў з’явіўся кефір 2,5-працэнтнай тлустасці са знаёмым лагатыпам. Новая лінія абышлася прадпрыемству ў 280 тысяч еўра.

Начальнік службы якасці СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» Маргарыта Сяргееўна Голуб расказвае:

— Кефір — адзін са старэйшых кісламалочных прадуктаў. Традыцыйна для яго вытворчасці выкарыстоўваецца спецыяльная закваска, называемая грыбкамі. Працэс яе прыгатавання вельмі складаны, нават маленькае змяненне ў мікрафлоры яе ўплывае на якасць прадукта. Каб пазбегнуць гэтых праблем, была распрацавана канцэнтраваная ліафілізаваная закваска. Яна забяспечвае раўнавагу мікраарганізмаў у кефірным прадукце у параўнанні з тым, які зроблены традыцыйным спосабам. Акрамя таго, скарачаецца колькасць этапаў атрымання гатовай прадукцыі, зніжаецца рызыка ўнясення ў закваску пастаронняй мікрафлоры. У гэтым і адрозненне нашага кефіру, распрацаванага ЗАТ «Плэнці», узгодненага ва ўстаноўленым парадку і зарэгістраванага ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі РБ.

З’яўленне новай прадукцыі пакуль не вымушае кіраўніцтва «ЮНІМІЛКА» займацца пошукам новай сыравіннай базы: прадукцыя будзе паступаць на горад у аб’ёме 2-3 тон што-дзень. На прадпрыемстве таксама абяцаюць, што прадукцыя парадуе сваёй больш нізкай цаной.

Нагадаем, у Беларусі кампанія «Danone-ЮНІМІЛК» валодае таксама кантрольнымі пакетамі акцый у «ЮНІМІЛК Шклоў». Нядаўна на гэтым прадпрыемстве, акрамя вырабу малака, прыступілі да выпуску ёгуртаў і смятаны пад гандлёвай маркай «Danone». У Пружанах таксама працуюць над далейшым пашырэннем асартыменту прадукцыі: наступным прадуктам «ад ката Матроскіна» стане, хутчэй за ўсё, смятана.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,    Аляксандр МЕЛЕШ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *