Понедельник, 23 мая 2022

Рэцэпт на Біс: рулет са свіных вушэй і языкоў

212

Сямейны рэцэпт ад галоўнай медсястры Шарашоўскай гарадской бальніцы Алены Янюк і яе дачкі Валерыі.

Інгрэдыенты:
язык свіны — 3 шт.,
свіныя вушы — 4 шт.,
морква — 2 шт.,
цыбуля — 4 шт.,
сельдэрэй чаранковы — 4 шт. (хвосцікі),
часнок — 5 зубчыкаў,
перац чорны гарошкам — 8 шт.,
лаўровы ліст — 4 шт.,
соль — на смак,
жэлацін — 20 г.

Прыгатаванне
Языкі і вушы вымыць і добра ачысціць. Пакласці ў каструлю і заліць халоднай вадой на 4-5 гадзін.

Падрыхтаваныя такім чынам субпрадукты заліць новай порцыяй вады, давесці да кіпення, даць пакіпець тры мінуты. Затым ваду зліць, зноў заліць свежай.

Калі закіпіць, дадаць у каструлю ачышчаныя і вымытыя цыбулю і моркву, сельдэрэй, спецыі, пасаліць. Убавіць агонь да мінімальнага і пакінуць вушы і языкі таміцца прыкладна на дзве гадзіны (сачыць за гатоўнасцю апошніх, пераварваць іх не рэкамендуецца).

Языкі трэба дастаць, адразу абліць халоднай вадой, ачысціць ад шкуркі. Потым пакласці назад у булён, каб далікатнае мяса не заветрылася. Вушы выняць з булёну на талерку, каб крыху астылі.

Жэлацін замачыць у 500 мл астуджанага булёну. Пакуль ён набухае, з вушэй саскрэбці ўсю мякаць, да белага храшчыка. Усё, што здымецца, здрабніць.

Падагрэць булён з жэлацінам да поўнага растварэння апошняга, выціснуць туды часнок, каб аддаў свой смак і водар. Праз нейкі час булён варта працадзіць.

Сфармаваць рулет. Для гэтага выслаць форму для выпечкі некалькімі пластамі харчовай плёнкі. На яе пакласці вушныя храшчыкі такім чынам, каб іх канцы крыху звісалі. Зверху пакласці пачышчаныя языкі, праслойваючы разабранай мясной мякаццю.

Заліць жэлацінавым растворам (колькі ўвойдзе, шкадаваць не варта) і накрыць канцамі храшчыкаў, якія звісаюць. Загарнуць канцы плёнкі, ушчыльняючы змесціва. Калі поўнасцю астыне, паставіць у халадзільнік на 7 гадзін.

Перад падачай на стол рулет разгарнуць з плёнкі і нарэзаць тонкімі лустачкамі.

Смачна есці!