Вытворчая кааперацыя павінна стаць ключавым аспектам супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Расіі Аляксандрам Гусевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Ключавым аспектам нашых гандлёва-эканамічных адносін павінна стаць вытворчая кааперацыя. Мы гэту тэму вельмі дэталёва абмеркавалі ў ходзе нядаўняга майго візіту ў Прымор’е, а напярэдадні — з Прэзідэнтам Расіі. Як паказвае практыка, менавіта кааперацыйнае супрацоўніцтва закладвае магутны базіс для доўгатэрміновых адносін і дае добры інтэграцыйны эфект», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры адкрыцці ў Расіі зборачных вытворчасцей Беларусь нацэлена на павелічэнне ступені іх лакалізацыі, што гарантавана забяспечыць стварэнне новых рабочых месцаў у рэгіёне, адзначыў Прэзідэнт.
«Відавочна, што адной з вядучых тэм з’яўляецца супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. Як могуць працаваць беларускія будаўнікі, вам вядома. Вы гэта ўжо ўбачылі. Па цане і якасці, напэўна, беларусам роўных няма. І культура будаўніцтва на адпаведным узроўні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама заўважыў, што ў Беларусі ёсць шмат напрацовак у мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры. Холдынг «Белаўтадар» паспяхова выконвае заказы ў краінах СНД. Пры гэтым Беларусь прапануе комплексны падыход пры рамонце і рэканструкцыі дарог, мастоў і пуцеправодаў.
Беларускія прадпрыемствы гатовы пастаўляць у Варонежскую вобласць і ўсе віды тэхнікі. Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць узаемадзеянне ў сферы сельскай гаспадаркі. Акрамя прамых паставак высакаякасных прадуктаў харчавання ў Варонежскую вобласць Беларусь таксама гатова падзяліцца вопытам і тэхналогіямі ў жывёлагадоўлі, племянной справе, насенняводстве, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.