Понедельник, 23 мая 2022

Стараста в. Шпакі Таісія Дуброўка: «Жыць, каб дапамагаць»

396

Такое жыццёвае крэда выбрала для сябе стараста в. Шпакі Зеляневіцкага сельсавета Таісія Дуброўка. І прытрымліваецца яго не на словах, а на справе. Што і пацвярджае старшыня сельсавета Вольга Аўдзейчык. Таісія Міхайлаўна з 2016 года займае гэтую грамадскую пасаду і ва ўсім стараецца дапамагчы аднавяскоўцам. А абавязкаў у жанчыны нямала, хоць вёсачка, як упэўніліся карэспандэнты, невялікая, ды і жыхароў засталося не так і многа.

Таісія Дуброўка нарадзілася ў в. Вялікія Лукі Баранавіцкага раёна. Тут жа ўзнікае пытанне: а як апынулася на Пружаншчыне?

Усё даволі проста: сустрэла сваю палавінку Мікалая — і вось вам вынік. Тут прыжылася, тут працавала да выхаду на пенсію ў БАПБ “Магілёўцы”. Увесь час старалася быць патрэбнай людзям, а гэта заўсёды пачэсна і ганарова. Таму і паступіла ёй прапанова стаць старастай, а тут з’яўляецца больш магчымасцей для таго, каб рэалізаваць свае планы адносна роднай вёсачкі.

А спраў сапраўды многа, і ўсе неабходныя, а часам неадкладныя. Да Таісіі Дуброўка звяртаюцца з любой нагоды, і нікому яна не адмаўляе. Здараецца, пажылыя аднавяскоўцы просяць вымераць ціск, патэлефанаваць у аддзяленне хуткай дапамогі. Да 2019 года сама кіравала аўтамабілем, таму займалася і падвозам, калі ўзнікала такая патрэба. А гэта ж усё выдаткі часу, з якім Таісія Міхайлаўна ніколі не лічылася.

Пасля смерці адзінокага суседа Івана Ярмоліка падрадзілася даглядаць яго магілку, усталявала металічны крыж, зараз займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. У свой час была апекуном Ніны Козел, так як жанчына не магла самастойна сябе абслугоўваць.

На гэтым дзейнасць Таісіі Міхайлаўны не спыняецца. Калі спатрэбілася падсыпка вясковай дарогі, стараста і тут праявіла ініцыятыву, разам з аднавяскоўцамі рассыпала прывезены пясок.

Пры ўездзе ў вёску стаіць праваслаўны крыж, прыбраны і аздоблены кветкамі. Гэта заслуга Таісіі Дуброўка і Таццяны Дуброўка. А яшчэ пад пільным наглядам старасты работа аўталаўкі, вулічнае асвятленне. Дапамагае ў рабоце і муж Мікалай Якаўлевіч, які наглядае за пустуючымі дамамі, каб іх не разрабавалі.

І пры ўсім пры гэтым сям’я Дуброўка трымае немалую гаспадарку: на падворку мы заўважылі курачак, якіх у гаспадыні ажно 35, ёсць коцік і два сабачкі, гаспадар займаецца пчоламі, для гэтага ў яго ёсць 11 вулляў.

Што ж, застаецца толькі Таісіі Дуброўка пажадаць салодкага жыцця і моцнага здароўя.

Вадзім Раўнейка,
Кацярына Масік (фота)