Воскресенье, 22 мая 2022

Беларускія ВНУ распрацуюць свае стратэгіі развіцця навукі

109

Беларускія ВНУ ў бліжэйшы час распрацуюць свае стратэгіі развіцця навукі. Аб гэтым заявіў журналістам міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас форуму «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі. НЦІУ — 30 гадоў», які праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У бліжэйшы час кожны ўніверсітэт Беларусі распрацуе сваю стратэгію развіцця навукі, адзін з раздзелаў якой прысвечаны развіццю абароны аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама іх выкарыстанню ў рэальным сектары эканомікі. У нас ёсць добрыя прыклады, узяць хаця б рэалізацыю ў галіне распрацовак новых лекавых прэпаратаў. Толькі тэхнапарк пры БДУ за мінулую пяцігодку атрымаў імпартазамяшчальны эфект у больш як $40 млн па патэнтах, якія зарэгістраваны ў Японіі, ЗША. Гэта сведчыць аб тым, што нашы распрацоўкі запатрабаваны, у тым ліку і на сусветным рынку», — сказаў міністр.

Андрэй Іванец адзначыў, што развіццё ўніверсітэцкай навукі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства адукацыі. «Кожны пяты патэнт на вынаходства карыснай мадэлі — патэнт вучоных Мінадукацыі. У нас ёсць універсітэты, якія з’яўляюцца лідарамі ў краіне па колькасці патэнтаў. Напрыклад, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас развіваецца не толькі фундаментальная навука, але і прыкладны напрамак. Таму галоўная задача — забяспечыць эфектыўную камерцыялізацыю ўсіх існуючых распрацовак», — падкрэсліў ён.

Форум «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі. НЦІУ — 30 гадоў» прымеркаваны да Сусветнага дня інтэлектуальнай уласнасці і юбілею Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. У мерапрыемстве прымаюць удзел кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, Федэральнай службы па інтэлектуальнай уласнасці РФ і Дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва Выканаўчага камітэта СНД.

https://blr.belta.by/society/view/belaruskija-vnu-raspratsujuts-svae-strategii-razvitstsja-navuki-114089-2022/