Понедельник, 23 мая 2022

Вытворчасць і рэалізацыя малака: як спрацавалі гаспадаркі раёна ў І квартале

304

Ні для каго не будзе навіной, што наш раён ужо не першы год займае адно з вядучых месцаў па вытворчасці малака ў рэспубліцы. Гэта прыемна і заслужана. Але за станоўчымі вынікамі стаіць карпатлівая праца многіх людзей, якія прыкладаюць вялікія, без перабольшання, намаганні, каб трымаць марку, не падвесці сваё сельгаспрадпрыемства. На жаль, не ўсё залежыць ад чалавечага фактару, ёсць яшчэ пагодныя ўмовы, тэхналагічныя моманты, якія часам прыводзяць да зніжэння паказчыкаў. А тыя, у сваю чаргу, адмоўна ўплываюць на прыбытак гаспадаркі.

Разглядаючы малочную галіну раёна ў разрэзе І квартала бягучага года, хацелася б спачатку звярнуць увагу на рэалізацыю малака класам «экстра». Большасць таварыстваў паказала ніжэйшы паказчык у параўнанні з мінулым годам. Толькі ААТ «Агра-Калядзічы», «Роўбіцкае», «Ружаны-Агра» змаглі не толькі ўтрымаць пазіцыі, але і крышку падняць працэнт рэалізацыі гатункам «экстра». З усіх хочацца вылучыць філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі», бо тут вышэйшым гатункам за тры месяцы было здадзена 98,5% малака (для параўнання – за гэты ж перыяд у мінулым годзе 79,7%). Іншая сітуацыя складваецца ў ААТ «Пружанскае» — 35,6% адносна 75,3% у 2021 за І квартал. Як вядома, якасць — катэгорыя эканамічная, і няма патрэбы ў гэтым упэўніваць нашых аграрыяў. Гаспадарнікі самі добра разумеюць: чым вышэй якасць любой прадукцыі, тым вышэй і цана на яе, а адпаведна — і фінансавая выручка ад рэалізацыі. І ў пацвярджэнне таму аператыўная зводка за красавік 2022 года, згодна з якой, аграрыямі раёна малака гатункам «экстра» з пачатку месяца здадзена 96,5%, у прыватнасці, па ААТ «Пружанскае» — 71,8%. Усяго за студзень-сакавік 2022 года было рэалізавана 580040 тон малака. Тут паказчык адносна аналагічнага перыяду мінулага года радуе, бо ў першым квартале мінулага года ён склаў 552586 тон (105% у бягучым). Сярод лепшых ААТ «Агра-Калядзічы» (63485 адносна 59189 у 2021 годзе), «Велікасельскае Агра» (66988 адносна 62826), «Аграэнерга Зеляневічы» (23878 адносна 19790), «Ружаны-Агра» (123918 адносна 109646), філіял «Айчына» (37530 адносна 31395), «Жураўлінае» (115298 адносна 112607).

Калі гаварыць пра сярэднія надоі ад каровы, то тут спрацавалі нядрэнна. Аднак ёсць таварыствы, якія паказалі даволі значны мінус у параўнанні з І кварталам мінулага года. Гэта ААТ «Радзіма» (-205 кг), «Пружанскае» (-161 кг), «Ліноўскае» (-66), «Райаграсэрвіс» (-58), «Шані-аграпрадукт» (-40). А ўвогуле вынік нядрэнны, атрымана ў сярэднім 1725 кг ад каровы (104,5%). У гэтым годзе задачы перад вытворцамі стаяць не менш сур‘ёзныя. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Аграрны бізнес» на 2021-2025 гады ад аграрыяў патрабуецца не толькі палепшыць якасць малака, але і істотна нарасціць аб’ёмы яго вытворчасці. Для гэтага ў гаспадарках ёсць практычна ўсё, што неабходна: сучаснае тэхнічнае аснашчэнне, кармавая база, вопытныя спецыялісты. Таму, як кажуць, усё ў іх руках.

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік