Понедельник, 23 мая 2022

Наша апытанне да Сусветнага дня кніг: Томікамі якіх аўтараў зачытваюцца пружанцы?

528

23 красавіка адзначаецца Сусветны дзень кніг. Кніга — гэта тое, што аб’ядноўвае нас праз час і адлегласці. Мы жывём у сваім уяўленні разам з героямі твораў і ў думках прымаем удзел у іх прыгодах. Жыхары горада падзяліліся з намі, томікамі якіх аўтараў яны зачытваюцца вечарамі.

Ірына:

— Так, я чалавек, які чытае. Больш аддаю перавагу папяровым кнігам, а не электронным. Люблю хадзіць у кнігарні, шукаць на паліцах тую кнігу, якая зможа папоўніць маю асабістую бібліятэку. Мой любімы аўтар Агата Крысці. Яе дэтэктывы цудоўныя. З класікі люблю ўсе творы Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, асабліва падабаецца «Яўгеній Анегін».

Сяргей:

— Калі ёсць час, заўсёды чытаю кнігі, асабліва калі я ў рэйсе. Аддаю перавагу электронным кнігам, бо іх зручней чытаць у рэйсе, не заўсёды ж павозіш з сабой друкаваную кнігу. Ды і ХХІ стагоддзе на двары. Дома, наадварот, можна і з папяровым томікам правесці час. Жонка чытае якраз такія. Захапляецца энцыклапедычнай літаратурай. Я ж люблю чытаць дэтэктывы і літаратуру па спецыяльнасці — авіяцыйную. Часам класікай зачытваюся. Любімы аўтар — Антуан дэ Сэнт-Экзюперы і яго кніга «Маленькі прынц».

Аксана Уладзіміраўна:

— Вядома, я люблю чытаць. Вельмі падабаюцца раманы, дэтэктывы. Адзін з любімых аўтараў — Маргарэт Мітчэл і яе кніга «Знесеныя ветрам». Цікава глядзець экранізацыі любімых твораў. Але часам уражанні ад фільма не супадаюць з эмоцыямі ад кнігі. Напрыклад, экранізацыя кнігі Льва Талстога «Вайна і мір» рэжысёра Сяргея Бандарчука не ўразіла. А вось экранізацыя «Знесеных ветрам» вельмі спадабалася.

Алена Фёдараўна:

— Я люблю чытаць. Раней шмат гэта рабіла, часта хадзіла ў бібліятэку. Падабалася адчуваць у руках кнігу, гартаць старонкі. Зачытвалася творамі Эрыха Марыі Рэмарка, Аляксандра Дзюма. Вельмі падабаюцца гістарычныя раманы. І наогул кніга — гэта выдатны свет прыгод і любімых герояў.

Іна:

— Кнігі чытаць вельмі люблю. Адзін з маіх любімых аўтараў — Васіль Быкаў. Мне ўвогуле падабаецца чытаць на беларускай мове. Зачытваюся таксама Іванам Шамякіным і яго кнігай «Злая зорка». Цікавяць кнігі ў жанры фантастыкі і творы са школьнай праграмы. Цяпер ужо па-іншаму ўспрымаеш школьную літаратуру, знаходзіш у ёй нешта новае, што ў школе не здолеў убачыць.

Людміла Сяргееўна:

— Кнігі чытаць люблю, асабліва дэтэктывы. Адна з маіх любімых пісьменніц — Агата Крысці. Падабаецца глядзець экранізацыі па яе дэтэктывах пра Эркюля Пуаро і міс Марпл. З сучасных аўтараў спрабавала чытаць Дар’ю Данцову, але неяк не вельмі спадабалася. Класічныя творы больш да спадобы. А яшчэ чытаю, часам, старажытныя раманы.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік