Воскресенье, 22 мая 2022

Карэспандэнты пабывалі на граніцы і на свае вочы ўбачылі агароджу, якая падзяляе Белавежскую пушчу. Аналізуем праблему і разважаем над тым, чым усё можа скончыцца

478

Праблема ўзвядзення агароджы ў Белавежскай пушчы не губляе актуальнасці ўжо некалькі месяцаў, з моманту пачатку будаўнічых работ у рэліктавым лесе. Нагадаем, што па планах польскай пагранічнай службы работы па ўстаноўцы капітальнага плота на беларуска-польскай мяжы павінны быць выкананы за 150 дзён. Будоўля пачалася ў канцы студзеня і павінна скончыцца да сярэдзіны лета. Мантаж ідзе кругласутачна.

Днямі мы пабывалі на мяжы ў раёне пункта пропуску Перароў, які некалі забяспечваў спрошчаны пераход для грамадзян нашых краін. Ён даваў магчымасць наведаць родных па абодва бакі граніцы, абменьвацца культурным багаццем. Яшчэ два гады таму на Перарове штодня можна было назіраць дзясяткі, а ў асобныя дні нават сотні, пешаходаў і веласіпедыстаў. Аднак вясной 2020 года польскі бок вырашыў разарваць пагадненне з Беларуссю і закрыў пагранпераход. Тлумачылася гэта эмідэміялагічнымі складанасцямі. Вось толькі яны ўжо страцілі тую вастрыню, а вароты так і засталіся «на замку». Больш за тое, менавіта ад гэтага пераходу і пачалося будаўніцтва агароджы.

«Польскі плот», як яго ўжо пачалі называць у народзе, уяўляе сабой металічныя канструкцыі вышынёй за 5 метраў, дзе металічныя слупы з адлегласцю каля 10 сантыметраў сабраны ў адно прасла. Замацоўваецца такі пралёт на капітальным бетонным падмурку, а зверху — віткі калючага дроту. Пагранічная агароджа па планах пройдзе не толькі праз Белавежскую пушчу, а па ўсёй тэрыторыі беларуска-польскай мяжы працягласцю 186 кіламетраў. Гаворка ідзе аб прыгранічных тэрыторыях ад Брэста да Гродна і далей да Літвы. У гэты пояс уваходзяць Белавежская, Гродзенская, Одэльская, Крынкоўская і іншыя пушчы.

Экалагічная бяда

Менавіта эколагі зараз актыўна выступаюць супраць такога ўмяшальніцтва чалавека ў некранутую цывілізацыяй прыроду. Зразумець іх можна: у даўно асвоенай чалавекам Еўропе амаль няма такіх рэліктавых куткоў, якія захаваліся ў спрадвечным выглядзе. Безумоўна, нельга сцвярджаць, што негатыўны ўплыў ад узвядзення штучнай перашкоды літаральна пасярод пушчы неўзабаве стане заўважным. Хутчэй за ўсё, ён расцягнецца на дзесяцігоддзі, а наступствы ад яго будуць адчувацца стагоддзямі. Яскравым пацвярджэннем таму можна прывесці ўжо зафіксаваныя трагічныя выпадкі. Справа ў тым, што «польскі плот» устанаўліваецца замест часовай двухмятровай калючай агароджы, якую польскія пагранічнікі ўзвялі напачатку 2021 года, мяркуючы такім чынам стварыць перашкоду мігрантам. Высветлілася, што нават гэтая невялікая загарода паўплывала на жыццё дзікай прыроды. Таму што яна выраблена з рэжучай металічнай калючкі, якая мае вострыя наканечнікі ў выглядзе ляза і не проста затрымлівае, а нават разразае мяккія тканкі. З-за чаго падобную вынаходку зараз забаранілі прымяняць нават у турэмных агароджах. Дрот нацягваецца і з нашага боку, але ён адыгрывае толькі стрымліваючую ролю, не наносячы цяжкіх траўмаў жывёле. У выніку работнікі паляўнічых гаспадарак Беларусі пацвердзілі, што за мінулы год ім давялося пахаваць не аднаго лася і іншых буйных жывёл, якія загінулі, спрабуючы мінуць калючую перашкоду. А колькі іх загінула з польскага боку?..

Ёсць яшчэ адна праблема — перашкоды міграцыі прадстаўнікоў фаўны. Шляхі перасоўвання жывёлы складваліся стагоддзямі, і рэзка змяніць свае інстынкты звяры не змогуць. А значыць аслабее біялагічная разнастайнасць парод. Белавежскую пушчу зараз насяляе прыкладна паўтары тысячы зуброў, каля паловы з іх — на польскай частцы лесу, другая — на беларускай. Калі гэтыя тэрыторыі падзеляць на дзве часткі, сувязь паміж статкамі разарвецца і генетычны адбор прыйдзе ў заняпад.

Пэўныя праблемы чакаюць і флору. Як мы пабачылі на свае вочы, распрацаваны ўніверсальны праект будаўніцтва не прадугледжвае якіях-небудзь адрозненняў з улікам навакольных умоў. Хутчэй за ўсё бетонны падмурак будзе перакрываць крыніцы і нават рэчкі, парушаючы іх вадасцёк. А значыць, пагоршыцца водазабеспячэнне дрэваў і іншых раслін, што і так у апошнія гады з-за глабальнага пацяплення неідэальнае. І гэта, безумоўна, будзе, таму што экалагічная экспертыза па дадзеным будаўнічым праекце, як высветлілася, сапраўды не праводзілася. Справа ў тым, што раней у Польшчы быў прыняты закон, паводле якога любыя будаўнічыя работы ў прыгранічных тэрыторыях не патрабуюць правядзення экалагічных экспертыз і грамадскіх абмеркаванняў.

Трэба дадаць, што будаўніцтва капітальнага пагранічнага плота супярэчыць крытэрыям і прынцыпам кіравання асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі і парушае нормы Бернскай канвенцыі, згодна з якой такія падыходы забараняюцца. Больш таго, Белавежская пушча занесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Што разумеюць і польскія эколагі, якія адзіным фронтам выступаюць супраць палітычных умяшальніцтваў у прыроду. Напрыклад, адзін з вядомых прадстаўнікоў навуковых колаў Польшчы Томаш Пецольд-Княжэвіч выказаўся, што «такія дзеянні прывядуць да змены самога статуса Белавежскай пушчы, з-за чаго яна будзе выключана са спісу ахоўных тэрыторый». А можа, менавіта гэтага і дабіваюцца некаторыя палітыкі, якія вельмі шчыльна звязаны з бізнэсам?

Яшчэ ў лістападзе ЮНЭСКА накіравала ліст польскаму ўраду з просьбай растлумачыць сітуацыю, але не атрымала на яго адказу. У ЕС пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй польскага Грынпіс “Майстэрня для ўсіх істот” і Amnesty International супраць будаўніцтва плота ў Белавежскай пушчы, якая на сёння атрымала адабрэнне з боку ўжо больш за 100 тысяч чалавек.

Адпаведна рэагуюць і беларускія «зялёныя» і прадстаўнікі іншых грамадскіх аб’яднанняў. Але, здаецца, што рэакцыя будзе роўна такой жа, як і на зварот ЮНЭСКА.

Палітычная зацікаўленасць…

На маю думку, тут змешаны такія інтарэсы, рэалізацыя якіх ва ўсіх краінах свету адпіхае на другі або ўвогуле трэці план нават такое паняцце, як чалавекалюбства, ужо не гаворачы пра экалогію. Маю на ўвазе палітыку. Лічу, што неразумна верыць такой аргументацыі, як абарона ад бежанцаў. Справа ў тым, што асноўны паток мігрантаў з Азіі і Бліжняга Усходу праходзіць праз паўднёвыя еўрапейскія краіны. Праз Беларусь, Польшчу дабіраецца нязначны працэнт людзей. Больш таго, яны маюць дакладную мэту свайго падарожжа, і яна зусім не Польшча. Дык навошта надаваць гэтаму пытанню такую вастрыню і менавіта на гэтым участку граніцы ЕС? Больш таго, ёсць задакументаваныя факты, калі польскія ўлады прывозілі да граніцы ўжо карэнных жыхароў сваёй краіны, якія некалі прыехалі з Азіі і прыжыліся там. Пад выглядам бежанцаў іх выпіхвалі на беларускую тэрыторыю, з-за чаго нашы пагранічнікі вымушаны былі вяртаць людзей назад. Гэты працэс здымаюць на камеры польскія СМІ і потым даюць ролікі «пад соўсам» пастаяннага міграцыйнага патоку на землі Польшчы. Такім чынам суседзі пазіцыянуюць сябе «кардонам паміж Захадам і Усходам»? Такое ўражанне мае абгрунтаванасць. На падобнай платформе можна будаваць палітычную кар’еру ў Еўрасаюзе, тым больш, што тэма вельмі модная.

…або проста бізнэс?

Невыключана і такое тлумачэнне. Па-першае, скарыстаемся лічбамі. У кастрычніку мінулага года Еўракамісія перадала ў Еўрапейскі суд у Люксембургу скаргу ў сувязі з увядзеннем у Польшчы Дысцыплінарнай палаты суддзяў, якая абмяжоўвае і ставіць пад шчыльны кантроль дзейнасць гэтага інстытута законнасці. Што супярэчыць прынцыпам дэмакратыі ў Еўропе. Суд задаволіў іск і прызначыў парушальніку штраф у памеры аднаго мільёна еўра штодзённа. Цяпер успомнім, што на будаўніцтва «польскага плота» з бюджэту краіны выдзелена 1,6 мільярда злотых (каля 400 мільёнаў долараў ЗША). Якраз атрымалася вельмі цікавае спалучэнне ў выглядзе амаль аператыўнага рашэння бізнэс-пытання. Чым не падстава «паплакацца ў камізэльку» старэйшаму брату і не папрасіць адмяніць штраф у сувязі «з цяжкімі выдаткамі».

Ёсць і другое падазрэнне. Польшча часта прагматычна ставілася да рэліктавага лесу Белавежскай пушчы. Пацвярджэннем таму з‘яўляецца гістарычны факт маштабнай высечкі каштоўнай драўніны на пачатку мінулага стагоддзя. Зараз жа для мантажу агароджы трэба пракладваць шырокія дарогі для пад’езду транспарту, устанаўліваць самі канструкцыі. Па праекце праз «спрадвечную зялёную жамчужыну» павінна прайсці траса шырынёй 200 метраў. Гэту шырыню трэба памножыць на 186 кіламетраў, каб даведацца, колькі гектараў лесу будзе высечана зараз. Можа, з улікам гэтага Польшча і ўвяла санкцыі на пастаўкі лесаматэрыялаў з Беларусі?

Чым гэта скончыцца?

Заўважце, што мы не задаём пытанне «Ці скончыцца гэта?». Гісторыя паказвае, што «вялікія кітайскія сцены» здольны стрымліваць толькі качэўнікаў на конях. У цяперашні час яны не становяцца істотнай перашкодай. Пачынаючы ад Берлінскай сцяны і заканчваючы планамі ўкраінскага палітыка Яцанюка па стварэнні пяціметровага рова на граніцы з Расіяй. Думаю, што яшчэ пры цяперашнім пакаленні ў краязнаўчым музеі Нацыянальнага парка будзе выстаўлены кавалак «польскага плота».

Адбудзецца гэта, як толькі зменяцца палітычныя акцэнты, у мінулае адыдуць тыя адыёзныя кіруючыя фігуры, што нагнятаюць жах на еўрапейскі электарат. Падазраю, што наша краіна, як заўсёды, зноў даруе суседзям той урон, што яны прычынілі. Як у выпадку з расстралянымі мірнымі беларусамі, спаленымі з агнямётаў вёскамі. І гэта ўвогуле няправільна, што зноў жа пацвярджае гісторыя: добрыя адносіны не ў пашане. Толькі той, хто баіцца, будзе паважаць. Менавіта гэтага трэба прытрымлівацца і ў дадзенай сітуацыі. Скрупулёзна падлічыць урон, а потым, калі сусед захоча замірыцца, выставіць яму адпаведны рахунак. І патрабаваць яго безумоўнай аплаты.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік