Вторник, 1 декабря 2020

Пружаншчына адсвяткавала чарговы юбілей

1 869

15 студзеня Пружаншчына ўрачыста адзначыла 70-годдзе ўтварэння раёна. Мерапрыемства праходзіла ў гарадскім Палацы культуры, на якое былі запрошаны лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны вайны і працы – тыя, хто адстойваў незележнасць нашай краіны ў грозныя гады ваеннага ліхалецця, а пасля аднаўляў разбураную гаспадарку раёна, і тыя, хто самааддана працаваў на палетках і фермах, будаўнічых пляцоўках, у цэхах прамысловых прадпрыемстваў, за прылаўкамі магазінаў і ў школьных класах…
За сем дзесяткаў мінулых гадоў Пружаншчына непазнавальна памяняла сваё аблічча: непараўнальна ўзрос вытворчы патэнцыял, больш заможна сталі жыць людзі, выраслі іх духоўныя запатрабаванні. Асабліва адчувальны крок наперад зроблены за апошняе дзесяцігоддзе, а наперадзе – яшчэ больш грандыёзныя планы, асабліва ў сельскагаспадарчай галіне. Пра ўсё гэта гаварыў усваёй прамове перад прысутнымі ў запоўненай вялікай зале Палаца культуры старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч. Ён з удзячнасцю назваў дзесяткі прозвішчаў людзей, якія ўносілі і ўносяць свой уклад у развіццё нашага рэгіёна, у паляпшэнне дабрабыту яе жыхароў.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама В.Я.Сакоўскі, які таксама трымаў слова са сцэны, адзначыў, што Пружанскі раён па праву лічыцца адным з лепшых у вобласці, славіцца наватарскім падыходам яго кіраўнікоў пры вырашэнні актуальных задач. Госць з вобласці павіншаваў са значнай вехай у гісторыі Пружаншчыны і пажадаў усім жыхарам раёна далейшых працоўных здабыткаў і росквіту. В.Я.Сакоўскі ўручыў групе лепшых работнікаў і ветэранаў працы вышэйшыя ўзнагароды вобласці – граматы аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Сярод адзначаных – настаўніца Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Шырмы І.В.Багамолава, былы дырэктар абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Т.Ф.Лукуць, дырэктар малочнага камбіната У.М.Мікіціч, дырэктар ААТ “Мурава” П.М.Білецкі, бібліятэкар Магілявецкай сярэдняй школы В.В.Крэчка, былы намеснік старшыні райвыканкама, а цяпер работнік раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва А.М.Ліцкевіч, народны майстар Беларусі М.В.Тарасюк.
Ад імя дэлегацыі Гайнаўскага павета Польшчы цёпла павіншаваў пружанцаў з юбілеем раёна віцэ-стараста павета Ежы Сірак. Хаця ён і гаварыў на польскай мове, думаецца, прысутныя зразумелі, што нашы суседзі па той бок мяжы шчыра радуюцца поспехам беларусаў і нават зайздросцяць тым пераменам, якія назіраюцца тут у апошнія гады.
А пасля вядучыя ўрачыстага сходу зноў і зноў выклікалі на сцэну лепшых прадстаўнікоў Пружаншчыны, працоўны ўклад якіх заслугоўвае таго, каб быць дастойна ацэненым. Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў, граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама, яго ўпраўленняў і аддзелаў, абласных структур і галіновых прафсаюзаў атрымалі з рук старшыні райвыканкама і яго намеснікаў дзесяткі чалавек.
У заключнай частцы мерапрыемства свае віншаванні выказалі, паднёсшы музычныя і танцавальныя падарункі, самадзейныя артысты: лепшыя мастацкія калектывы Пружаншчыны парадавалі гледачоў сваім майстэрствам. Удзельнікі святочнага канцэрта пад шчодрыя апладысменты залы выйшлі на сцэну на галоўны паклон і атрымалі ў знак падзякі кошык кветак ад старшыні райвыканкама, а пасля разам з прысутнымі выканалі гімн горада Пружаны.

Мікола Антонаў,
Аляксандр Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *