Понедельник, 23 мая 2022

Візіт Лукашэнкі на Далёкі Усход. Галоўныя вынікі, меркаванні экспертаў і рэакцыя на Захадзе

138

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12-13 красавіка наведаў з рабочым візітам Расію. На гэты раз кіраўнік дзяржавы паляцеў не ў Маскву ці Піцер і нават не ў Сочы. Прэзідэнт пабываў на Далёкім Усходзе Расіі, і толькі сам гэты факт прыцягнуў да візіту асаблівую ўвагу. Давайце адновім храналогію падзей і адкажам на галоўныя пытанні.

Гэта першы візіт Лукашэнкі ў далёкаўсходнія рэгіёны?

Не. Аляксандр Лукашэнка 24 гады таму ўжо бываў на Далёкім Усходзе. 23 лютага 1998 года ён наведаў Уладзівасток. У той дзень кіраўнік дзяржавы вяртаўся з зімовай Алімпіяды ў японскім Нагана.

Тады Прэзідэнт прагуляўся па цэнтральнай частцы сталіцы Прымор’я, усклаў вянок да Вечнага агню ля мемарыяла «Баявая слава Ціхаакіянскага флоту», а таксама падняўся на борт флагмана Ціхаакіянскага флоту крэйсера «Вараг», дзе выступіў з віншавальнай прамовай з нагоды Дня абаронца Айчыны. Кіраўнік дзяржавы таксама пабываў у Далёкаўсходняй дзяржаўнай марской акадэміі (цяпер — Марскі дзяржаўны ўніверсітэт), дзе сустрэўся і пагутарыў з выкладчыкамі і курсантамі.

А вечарам у Доме перагавораў у гонар беларускага лідара быў дадзены ўрачысты прыём. Раніцай Прэзідэнт вылецеў у Новасібірск. Тут ён правёў традыцыйныя перагаворы з кіраўніцтвам вобласці і нават паспеў пакатацца на лыжах.

Калі стала вядома аб планах Прэзідэнта наведаць Далёкі Усход?

Аб жаданні наведаць далёкаўсходнія рэгіёны Расіі кіраўнік дзяржавы сказаў у верасні 2020 года на сустрэчы з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам. Тады Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сустрэчах Уладзімір Пуцін часта з цеплынёй успамінае аб Прыморскім краі. «Ён ужо больш гаворыць аб Прыморскім краі, чым аб Піцеры. Я яму аднойчы аб гэтым сказаў. Ён увесь час настойвае на тым, каб я абавязкова там пабываў і паглядзеў, што зроблена апошнім часам», — сказаў Прэзідэнт.

Тады ж адзначалася, што адной з нагод наведаць гэтыя расійскія рэгіёны можа стаць удзел беларускіх будаўнікоў ва ўзвядзенні касмадрома Усходні. «Я хацеў бы пабыць там, калі мы дамовімся. Паглядзець, як пачнуць работу нашы будаўнікі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

7 красавіка гэтага года на пасяджэнні Савета бяспекі кіраўнік дзяржавы анансаваў хуткую сустрэчу з расійскім калегам. І па традыцыі журналісты сталі высвятляць: калі і куды паляціць беларускі лідар. Падрабязнасці не прымусілі сябе чакаць. Аказалася, што Прэзідэнт плануе наведаць Амурскую вобласць і Прыморскі край, а праграма будзе вельмі насычанай.

Што рабілі Лукашэнка і Пуцін на касмадроме Усходні?

Кіраўнік дзяржавы вылецеў у Расію позна вечарам 11 красавіка. Першай кропкай у яго графіку быў касмадром Усходні, а дакладней, горад Благавешчанск. Менавіта адсюль прэзідэнты Беларусі і Расіі разам накіраваліся на касмадром. У верталёце іх суправаджаў кіраўнік дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Дзмітрый Рагозін. Ён расказваў аб будаўніцтве касмадрома і вялікіх перспектывах.

Прэзідэнты спачатку агледзелі тэрыторыю з паветра, а затым прагуляліся па будаўнічай пляцоўцы, заслухаўшы даклады аб этапах будаўніцтва і развіцці касмічнай галіны. Кіраўнікі дзяржаў наведалі ключавыя аб’екты Усходняга: камандны пункт, стартавую пляцоўку ракетнага комплексу «Ангара». Потым яны сустрэліся з супрацоўнікамі касмадрома і самімі касманаўтамі, якім Уладзімір Пуцін уручыў дзяржаўныя ўзнагароды — усё ж такі быў Дзень касманаўтыкі.

Тут жа Прэзідэнт Расіі заявіў, што беларускія спецыялісты ў бліжэйшы час атрымаюць магчымасць удзельнічаць у развіцці касмадрома Усходні. «Важным, знакавым напрамкам нашага узаемадзеяння стане сумеснае фарміраванне інфраструктуры, якая гарантуе Саюзнай дзяржаве незалежны выхад у космас», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: «За намі не заржавее!» Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яго расійскі калега гаварыў аб рабоце ва ўмовах санкцый і выказваў упэўненасць у паспяховым пераадоленні іх негатыўнага ўздзеяння. Аднак пры наведванні касмадрома склалася адчуванне, што санкцый няма, падкрэсліў беларускі лідар: «Усё сваё. Усё вы робіце сваімі рукамі. Чаго мы перажываем тут з-за гэтых санкцый. Што мы, дома не пабудуем? Пабудуем. Усё зробім. Час трэба крыху».

Уладзімір Пуцін таксама агучыў асаблівае даручэнне «Раскосмасу» — забяспечыць неабходную падрыхтоўку і палёт на расійскім касмічным караблі прадстаўніка Беларусі. «Мы гаварылі аб гэтым з Аляксандрам Рыгоравічам ужо даўно. Упэўнены, што гэта стане новай важнай вяхой нашага супрацоўніцтва ў асваенні і вывучэнні космасу», — сказаў расійскі лідар.

Не паспелі прэзідэнты сесці за стол перагавораў, як іх сумесны візіт на касмадром Усходні ўжо актыўна пачалі абмяркоўваць у экспертных колах. Генеральны дырэктар расійскага Цэнтра палітычнай інфармацыі Аляксей Мухін у кулуарах міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Стратэгія развіцця Саюзнай дзяржавы ва ўмовах глабальных геапалітычных тэндэнцый», якая праходзіла ў Маскве, заявіў, што Беларусь і Расія абавязаны прадаўжаць касмічнае супрацоўніцтва. «Таму што гэта вялікая спадчына Савецкага Саюза і адмаўляцца ад яе было б вельмі непрадбачліва. Касмічныя праграмы вельмі перспектыўныя, і яны, па сутнасці, фарміруюць твар беларуска-расійскага хай-тэку», — сказаў ён.

Аб чым Лукашэнка і Пуцін гаварылі ў час перагавораў?

На касмадроме лідары Беларусі і Расіі правялі і перагаворы сам-насам. Як і заўсёды, журналісты пачулі толькі ўступныя агульныя словы, але і там было над чым задумацца. Уладзімір Пуцін зноў згадаў, што Беларусь і Расія будуць разам фарміраваць інфраструктуру касмадрома, якая гарантуе Саюзнай дзяржаве незалежны выхад у космас.

«Нягледзячы на так званы знешні націск, у нас адносіны ў сферы эканомікі развіваюцца паспяхова», — адзначыў Уладзімір Пуцін. Прэзідэнт звярнуў увагу, што тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй перасягнуў у мінулым годзе $38 млрд. Гэта, падкрэсліў ён, вельмі добры паказчык.

Аляксандр Лукашэнка ў адказ заявіў, што прапанова Расіі ўдзельнічаць у развіціі касмадрома сведчыць аб вельмі высокім узроўні даверу. «Гэта найвышэйшая ступень даверу. Мы ж прыехалі на закрыты аб’ект, куды вы ніколі не возіце практычна. І з’яўленне тут Прэзідэнта іншай краіны, няхай роднай, дружалюбнай, — усё роўна гэта найвышэйшая ступень даверу з вашага боку, з боку Расіі. А тое, што вы нам прапануеце ўключыцца ў гэту гіганцкую будоўлю, — самы высокі ўзровень даверу», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што расіяне заўсёды могуць разлічваць на дапамогу з боку Беларусі. «Ведайце, што пры любой сітуацыі (мы ў гэтым перакананы, але і расіяне павінны быць перакананы) мы заўсёды будзем побач, як бы ні складвалася абстаноўка. І не трэба камусьці думаць, што Расія такая вялізная… Сапраўды моц. Паўдня трэба ляцець з аднаго краю ў другі край. Беларусь меншая. Але справа ж не ў гэтым — малы залатнік, ды дарагі. У нас ёсць, што пакласці на шалі вялізнай Расіі. Мы выстаім. Нам крыху часу патрэбна», — сказаў беларускі лідар.

«Далёкі Усход — далёкі, але нашанскі. Айчына ў нас адна, хоць мы і жывём у дзвюх дзяржавах. Мы ў адрозненне ад некаторых рэспублік захавалі гэта адзінства, і мы поўныя рашучасці ўмацаваць гэта адзінства», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

А што прэзідэнты расказалі журналістам па выніках сустрэчы?

Па традыцыі пасля перагавораў кіраўнікі дзяржаў зрабілі заявы для СМІ. У іх яны выказаліся за паглыбленне інтэграцыі і развіццё супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, асабліва ва ўмовах санкцый, не абмінулі абаронную тэматыку і выказаліся аб сітуацыі ў свеце.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з Уладзімірам Пуціным яны дэталёва абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня — палітычныя, дыпламатычныя, эканамічныя і, вядома, ваенныя, абаронныя. «У нашай сучаснай гісторыі такіх небяспечных і складаных момантаў ва ўзаемаадносінах з Захадам яшчэ не было, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы некалі вырашылі, што халодная вайна скончана, тая старонка перагорнута, і мы будзем жыць у новым цывілізаваным, справядлівым свеце, заснаваным на ўзаемаразуменні і вяршэнстве міжнароднага права. Мы так думалі. Захад так не думаў. Не знішчылі яны нас тады, вырашылі паспрабаваць цяпер».

«Абмяркоўваючы сёння праблему, пра якую гавораць усе, я гэта асабліва падкрэсліў у размове з Прэзідэнтам Расіі (і гэта мая заява не на голым месцы была агучана): калі б толькі з ваеннай аперацыяй Расія хоць крыху спазнілася, то па тэрыторыі Расіі рыхтаваліся нанесці, як яны лічылі, знішчальны ўдар — па суседніх абласцях. У тым, што гэта магчыма, мы сёння добра пераканаліся. Таму калі некаму карціць і ён крычыць, што не туды ўлезлі, не тады або не там пачалі, тады на шалі пакладзіце гэты гвалт і тое, што можна было б атрымаць, спазніўшыся хаця б на паўмесяца або месяц», — заявіў беларускі лідар.

У Беларусі сапраўды ёсць разведвальная інфармацыя па падзеях у Бучы?

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалася і сітуацыя ва ўкраінскім горадзе Буча, якая стала падставай для ўвядзення Захадам чарговых санкцый. «Мы сёння абмяркоўвалі падрабязна гэту іх спецаперацыю — псіхалагічную аперацыю, якую правялі англічане. Калі вам некаму патрэбны адрасы, паролі, яўкі, нумары і маркі аўтамабіляў, на якіх прыехалі ў Бучу, і як гэта рабілі — ФСБ Расіі можа прадставіць гэтыя матэрыялы. Калі не, то мы можам у гэтым плане дапамагчы. Разам з расійскімі нашымі сябрамі мы поўнасцю з першай да апошняй гадзіны раскрылі гэту агідную, брыдкую пазіцыю Захаду», — нечакана расказаў невядомыя раней падрабязнасці Прэзідэнт.

Уладзімір Пуцін потым удакладніў: «Аляксандр Рыгоравіч мне сёння даваў дакументы, якія перададзены ў Федэральную службу бяспекі Расіі: як, хто (у іх перахваты ёсць адпаведныя), на якім транспарце прыязджаў у гэты населены пункт і ствараў умовы для арганізацыі гэтага фэйку».

Што сказаў Лукашэнка пра аднапалярны свет і санкцыі?

Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аднапалярны свет не здольны існаваць, як і любая іншая сістэма, маючая толькі адну кропку апоры. «Любая сістэма будзе тады больш устойлівай, калі будзе абапірацца не на адну кропку апоры. Чым больш апор, тым больш устойлівая сістэма. Што было б дрэннага, калі б ЗША, Еўрапейскі саюз як другая кропка апоры, Расія, Кітай, магчыма, Індыя — калі б уся наша сусветная сістэма і наша планета трымаліся на гэтых чатырох кропках апоры? Яна што, была б менш устойлівай, чым абапіраючыся на гэту разбуральную адну апору ў выглядзе Злучаных Штатаў Амерыкі?» — задаў рытарычныя пытанні Прэзідэнт.

Гаворачы пра санкцыі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўрады Беларусі і Расіі падрыхтавалі ўжо аб’ёмныя пакеты мер па пераадоленні санкцыйнага націску, падтрымцы эканомік, развіцці кааперацыі і імпартазамяшчэння, перанастройцы лагістычных ланцужкоў і пераходзе на новы механізм супрацоўніцтва на знешнеэканамічным полі.

«Усё, што мы вырабляем, мы можам прадаць тут. А значыць, нас задавольвае расійскі рубель. Нарэшце мы сталі гандляваць за расійскія рублі, і газ купляць, і нафту, і іншае, і іншае. Нас гэта задавольвае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Свет сёння такі, што не атрымаецца некага прыціснуць. А тым больш такую велізарную краіну, як Расію, абсалютна самадастатковую. Але, яны (Захад. — Заўвага БЕЛТА), якія некалі паверылі ў глабалізм і адкрылі рынкі для сваіх партнёраў, павялі сябе адпаведным чынам. Мы ім гаворым: «Добра, да пабачэння». Мы будзем уладкоўваць сваё жыццё самі. І мы ўсё можам».

Як стала вядома пасля перагавораў, Расія таксама выказала гатоўнасць падтрымаць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Пасля завяршэння запланаваных мерапрыемстваў кіраўнікі дзяржаў разам вярнуліся ў Благавешчанск. Уладзімір Пуцін праводзіў беларускага калегу да трапа самалёта, і беларускі лідар вылецеў ва Уладзівасток.

Сімвалічнымі перагаворы двух лідараў на касмадроме Усходні назваў і палітолаг Вадзім Ялфімаў. Паводле яго слоў, сустрэча прэзідэнтаў была сімвалічнай не толькі таму, што прайшла ў Дзень касманаўтыкі. «Сімвалічна яшчэ і тое, што ў гэтых суровых умовах аб чым думаюць нашы краіны? Аб перспектывах», — заявіў Вадзім Ялфімаў.

Паводле яго слоў, гэта сведчыць аб спакоі і ўпэўненасці дзяржаў у заўтрашнім дні. «У нас ёсць усе патэнцыяльныя магчымасці не проста вырашыць гэту праблему, а рухацца наперад, — падкрэсліў палітолаг. — Мы адрываемся ад залежнасці ад заходніх краін, і гэта забяспечвае нам перспектыву для развіцця».

А што напісалі ў заходніх СМІ пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна?

Цэнтральным сюжэтам у паведамленнях заходніх сродкаў масавай інфармацыі цалкам чакана сталі толькі заявы прэзідэнтаў аб падзеях ва Украіне. Іх падрабязна прывялі і еўрасаюзаўскія, і брытанскія, і амерыканскія СМІ.

Прычым тэлеканал CNN, гаворачы пра сустрэчу на касмадроме Усходні, вырашыў удакладніць: «У аўторак Пуцін наведаў касмадром Усходні на Далёкім Усходзе Расіі, дзе ў яго была магчымасць сфатаграфавацца ў Дзень касманаўтыкі са сваім партнёрам па самадзяржаўі, прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам». Па ўсім відаць, у ЗША палічылі гэта галоўнай мэтай візіту прэзідэнтаў на касмадром. Можа, гэта і да лепшага.

«Часам здавалася, што расійскі лідар мармыча або заікаецца, што рэзка кантрастуе з ледзяной манерай паводзін, якую ён звычайна дэманструе», — чамусьці менавіта на гэтым вырашыла зрабіць акцэнт брытанская газета The Guardian, расказваючы чытачам аб заявах прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.

А таблоід The Sun заявіў, што на касмадроме Уладзіміра Пуціна бачылі з «сакрэтным ядзерным чамаданчыкам». І прывялі пацвярджэнне: фатаграфію прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ля верталёта на касмадроме Усходні. «Ядзерны чамаданчык» абвялі чырвоным кружком — гэта быў партфель у руках супрацоўніка службы бяспекі.

«Пуцін быў заўважаны побач з мяркуемым расійскім ядзерным чамаданчыкам у час сустрэчы з саюзнікам Аляксандрам Лукашэнкам», — напісалі брытанцы.

«Яго відавочная прысутнасць лічыцца палохаючай прыкметай таго, што звар’яцелы расійскі лідар можа разгарнуць разбуральную ядзерную зброю ў любы момант, прадаўжаючы сваё крывавае ўварванне ва Украіну», — працягнула The Sun.

Ну што ж, з такімі ворагамі і санкцыі не страшныя.

Як прайшлі перагаворы Лукашэнкі ў Прыморскім краі?

Як мы пісалі ўжо, пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка вылецеў ва Уладзівасток. 13 красавіка ён правёў перагаворы з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам і наведаў востраў Рускі, які забудоўваецца не без дапамогі беларускіх спецыялістаў.

На перагаворах з губернатарам кіраўнік дзяржавы заўважыў, што часам гучаць апасенні, што Беларусь уключаць у склад Расіі. «Я кажу: мы з Пуціным не будзем дзейнічаць старымі метадамі. Мы, кажу, адбудуем такое адзінства дзвюх незалежных дзяржаў, што ў нас будуць вучыцца. Будуць вучыцца! І як санкцыі пераадольваць, і гэтак далей», — сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар упэўнены, што санкцыйны перыяд — гэты час магчымасцей: «Можа, я не зусім усведамляю так глыбока гэты перыяд. Можа, нашы меркаванні не супадаюць (у нас эканомікі ўсё ж такі розныя). Але я рады, што гэтыя санкцыі нам увялі. Нарэшце мы з Расіяй пачалі супрацоўнічаць так, як мы павінны былі даўно супрацоўнічаць».

Ён падкрэсліў, што якія-небудзь абмежаванні ў супрацоўніцтве дзвюх краін — гэта анахранізм і такога не павінна было быць у адносінах.

Алег Кажамяка падрабязна спыніўся на супрацоўніцтве з Беларуссю, расказаўшы, што яе тавараабарот з Прыморскім краем павялічыўся ў некалькі разоў, і ў далёкаўсходнім рэгіёне цэняць і спяшаюцца набываць беларускую прадукцыю — і прадукты харчавання, і тэхніку.

Што паказалі Лукашэнку на востраве Рускім?

Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Алег Кажамяка пабывалі на востраве Рускі, дзе будуецца шматфункцыянальны культурна-адукацыйны цэнтр. У яго ўзвядзенні задзейнічаны і беларускія спецыялісты. Як далажылі Прэзідэнту, цяпер на аб’екце працуюць 44 чалавекі з Беларусі. Плануецца, што да канца красавіка сюды будуць накіраваны яшчэ 50 чалавек, а да сярэдзіны мая — яшчэ 50.

На востраве кіраўнік дзяржавы таксама наведаў галоўны корпус Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта. Яму расказалі аб перадавых студэнцкіх тэхналагічных распрацоўках, прадставілі праекты ў сферы экалогіі. Ёсць праекты і ў сферы космасу, што напярэдадні абмяркоўвалі лідары краін на касмадроме Усходні ў Амурскай вобласці. Цікавасць таксама выклікалі распрацоўкі ў медыцыне і землекарыстанні.

Яшчэ адным аб’ектам наведвання стаў навукова-адукацыйны комплекс «Прыморскі акіянарыум». Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі невялікі паказ.

Дзе яшчэ марыць пабываць Прэзідэнт Беларусі?

У час наведвання вострава кіраўнік дзяржавы і губернатар згадзіліся адказаць на пытанні журналістаў. Яны, у прыватнасці, пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы ўражаннямі ад наведвання Далёкага Усходу Расіі, перспектывамі супрацоўніцтва Беларусі з Прыморскім краем.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што марыць пабываць у розных месцах Далёкага Усходу Расіі. «Мая мара была пабываць на Сахаліне, калі Алег Мікалаевіч (Кажамяка, губернатар Прыморскага края, які раней таксама ўзначальваў Сахалінскую і Амурскую вобласці Расіі. — Заўвага БЕЛТА) кіраваў гэтай тэрыторыяй. Напэўна, калісьці мы пабываем, і вы былое ўспомніце», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка рэгіёна.

Беларускі лідар таксама адзначыў, што яму было б цікава наведаць у Расіі Камчатку, Магадан, Чукотку, возера Байкал. «Для мяне гэта вялікая цікавасць. Усё астатняе я больш-менш уяўляю», — растлумачыў ён. Беларускі лідар адзначыў, што за гады свайго прэзідэнцтва аб’ехаў увесь свет і можа сцвярджаць, што Расія — унікальнае месца.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія паказалі ўсяму свету, што такое інтэграцыя ад Брэста да Уладзівастока. «Мы паказалі, яшчэ і не гэта пакажам», — заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, яго візіт на касмадром Усходні і перагаворы там з кіраўніком расійскай дзяржавы Уладзімірам Пуціным сведчаць шмат аб чым. «Пачакайце, мы з Прэзідэнтам Пуціным пакажам ім. Як я ўчора сказаў: «Слухай, Уладзіміравіч, мы з табой ім дадзім дыхту», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Як і 24 гады таму, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Прымор’е прайшоў на вельмі пазітыўнай ноце. Але калі мінулы раз сустрэчы былі хутчэй сімвалічнымі і былі толькі цаглінкай у фундаменце будучага супрацоўніцтва, то цяпер бакі дасягнулі дамоўленасцей па многіх напрамках: ад узаемнага гандлю і паставак да стварэння ва Уладзівастоку сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні беларускай тэхнікі і ўдзелу спецыялістаў у развіцці горада.

БЕЛТА