Понедельник, 23 мая 2022

Уладзімір Фралоў: «Ветэраны-выратавальнікі ў адстаўцы толькі сталеюць»

484

У 1918 годзе 17 красавіка быў падпісаны Дэкрэт «Аб арганізацыі дзяржаўных мер па барацьбе з агнём», які адыграў значную ролю ў станаўленні і развіцці пажарнай аховы. З той даты ў Савецкім Саюзе адзначаўся Дзень пажарнай службы.

Пасля набыцця незалежнасці ў нашай краіне органы пажарнай бяспекі былі перафарматыраваны, з-за чаго даты прафесійных святаў у работнікаў па надзвычайных сітуацыях змяніліся. Аднак той памятны дзень не сышоў у нябыт. Загадам міністра МНС у 2011 годзе 17 красавіка быў вызначаны Днём ушанавання ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Сёння гэта і работнікі, якія служылі ў сферы МНС, у ваенізаванай пажарнай службе ці ахове. Аб’ядноўвае заслужаных пажарных Беларуская грамадская ветэранская арганізацыя «Выратавальнік», якая была створана з мэтай аказання дапамогі былому і перадачы досведу цяперашняму пакаленню выратавальнікаў.

У нашым раёне нямала ветэранаў-пажарных, якія зараз на заслужаным адпачынку. Дакладней казаць, ужо не служаць, але адпачываць не збіраюцца. Многіх можна сустрэць у будаўнічых і аўтатранспартных арганізацыях, камунальнай службе, сельскай гаспадарцы і нават у органах сельскай улады. Яны працягваюць актыўна працаваць на карысць грамадства, робячы немалы ўклад у развіццё цывільнага жыцця. Адзін з такіх людзей — Уладзімір Фралоў.

Уладзімір Фралоў.

Уладзіміра Мікалаевіча можна смела назваць «грамадзянінам Савецкага Саюза». Па нацыянальнасці ён рускі, але нарадзіўся ў Грузіі, у г. Руставі, вучыўся ва Украіне, у Харкаўскім вышэйшым ваенна-камандным інжынерным вучылішчы ракетных войскаў стратэгічнага назначэння. А служыў у Беларусі, дзе і застаўся назаўсёды.

А яшчэ Уладзімір — патомны ваенны, афіцэр у трэцім пакаленні. У свой час пры выбары жыццёвага шляху паўплываў прыклад стрыечнага дзеда і бацькі, якія ўсё жыццё аддалі арміі. Вось і пайшоў па іх слядах унук і сын, які праслужыў у войсках больш за 17 гадоў. За гэты час прайшоў шлях ад аператара лятальных апаратаў да афіцэра па прававой рабоце. Гэта частка яго жыцця пакінула нямала напамінаў пра баявых таварышаў, з якімі Уладзімір трымае пастаянную сувязь. А яшчэ ў гэты ж перыяд Фралоў знайшоў сваю другую палавінку. Са Святланай ён пазнаёміўся ў 1988 годзе ў Пружанах, а праз два гады ажаніўся. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей — сына і дзвюх дачок. Дарэчы, іх Антон працягнуў сямейную дынастыю і стаў афіцэрам ужо ў чацвёртым пакаленні. Спачатку, як і бацька, служыў у падраздзяленнях МНС, а зараз у іншых сілавых структурах прыносіць карысць Радзіме. Ужо дачакаліся і першай унучкі. Магчыма, прыйдзе час, калі ў родзе Фраловых з’явіцца пятае пакаленне афіцэраў.

Другая частка жыцця Уладзіміра Мікалаевіча прыпадае на службу ў органах пажарнай бяспекі. У маі 1994 года ў суверэннай Беларусі фарміраваліся новыя падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, ля вытокаў якіх стаялі баявыя афіцэры з расфарміраваных вайсковых часцей. У тым ліку і У.М.Фралоў, якому было даручана весці кадравую і ідэалагічную работу ў якасці намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

— Тады калектыў райаддзела быў больш шматлюдным,— успамінае Уладзімір. — У атрадзе ваенізаванай пажарнай службы было 127 чалавек. Гэта было абумоўлена тым, што асноўны цяжар у ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый ускладваўся менавіта на людзей. Тэхнікі было мала, ды і тая была не такая магутная, як зараз. Сёння тэхнічна выратавальнікі маюць значна шырэйшыя магчымасці, на ўзбраенні сучасны інструмент, вялікія спецаўтамабілі, дзякуючы якім павялічылася зона ахопу. Напэўна, з гэтым і звязана нядаўняя аптымізацыя са скарачэннем штатаў і падраздзяленняў на тэрыторыі раёна.

У тыя гады быў узведзены новы будынак пажарнай часці, замест былога, які тады размяшчаўся на вул.Савецкай. На новых плошчах выратавальнікі размясціліся з камфортам, тут вялікі гараж, куды змяшчаецца больш тэхнікі. Вось толькі задачы засталіся нязменнымі. Як успа-мінае ветэран, 30 гадоў таму хапала розных катастрофаў прыроднага і тэхнагеннага характару. Галоўнае — быў сфарміраваны калектыў адказных і дысцыплінаваных работнікаў. Пашчасціла тое, што ўзначаліў яго Аляксандр Ганчароў — чалавек стратэгічнага і разважлівага складу характару, які змог падабраць на адказныя пасады такіх жа адданых афіцэраў — Аляксандра Хілько, які кіраваў інспекцыяй, Сяргея Слінчака, які развіваў саму службу, і многіх іншых.

— А яшчэ надавалася сур’ёзная ўвага прыёму ў нашы рады новых работнікаў з улікам павышаных патрабаванняў да кандыдатаў. Словам, выбіралі лепшых з лепшых. Пры гэтым пераважная частка служачых была «карэннай», што таксама стымулявала адказнасць.

У ідэалагічнай і кадравай рабоце таксама не было дробязей. У першыя гады склалася цудоўная практыка падрыхтоўкі маладых кадраў, калі за кожным навічком замацоўваўся вопытны куратар, які перадаваў свае веды наступнаму пакаленню выратавальнікаў. Таму штогод работнікі райаддзела атрымлівалі розныя ўзнагароды, у свой час медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені заслужыў і Фралоў. А яшчэ кантраляваўся не толькі маральны стан байцоў, але звярталася ўвага і на абстаноўку ў сем’ях выратавальнікаў. Толькі не з прамым, а ўскосным інтарэсам — праз правядзенне сямейных святаў, сумесных экскурсій, працоўных і спартыўных мерапрыемстваў. Метадаў выкарыстоўвалася нямала, галоўнае — дасягненне выніку, фарміраванне менавіта той атмасферы ў сем’ях пажарных, якая спрыяла адданай службе. Здаралася, што такое «мяккае» ўмяшальніцтва спрыяла захоўванню шлюбаў.

Калектыў Пружанскага РАНС у першыя гады стварэння.

Безумоўна, мікраклімат у райаддзеле паўплываў на сяброўскія сувязі, якія перайшлі і ў цывільнае жыццё. Падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Фралоў з цеплынёй успамінае сваіх калег.

— Некаторых ужо няма з намі, але я ўсіх памятаю пайменна: і Аляксандра Ганчарова, і Ігара Куліну, і іншых.

Цяпер сувязь падтрымлівае з былым начальнікам Ружанскай часці Аляксандрам Масайлам, таксама называе Ігара Крайняга, Аляксандра Бондара, Аляксандра Станкевіча, Аляксандра Хілько, Сяргея Слінчака, Артура Мазюка, Генадзя Сароку. Прыклад гэтых людзей і іншых, хто служыў у тыя часы, ветэран лічыць вельмі карысным. І будзе вялікай памылкай адправіць яго ў гісторыю.

— Таму зычу ўсім здароўя, як фізічнага, так і маральнага. Асабліва жадаю спакою ў душы, нягледзячы на тое, што зараз перажывае свет і наша краіна ў прыватнасці. Захоўвайце веру і вернасць Радзіме, якая складаецца з нашых сем’яў, сяброў, родных мясцін.

Уладзімір Фралоў з сынам Антонам.

У цывільным жыцці Уладзімір Мікалаевіч не стаў бавіць час заслужаным адпачынкам. Ён ходзіць на працу, а вольны час прысвячае актыўным заняткам. Напрыклад, ён любіць турыстычныя паходы з некаторым «экстрымам», захапляецца паляваннем і зараз узначальвае раённую арганізацыю ГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Раней гуляў у хакей, але на сёмым дзясятку стала складана «дагнаць маладых». У дадатак вядзе і грамадскую дзейнасць на пасадзе намесніка старшыні ветэранскай арганізацыі ракетчыкаў. Цікавых і прыемных клопатаў хапае, а значыць, нягледзячы на ўзрост, яшчэ не хутка пастарэе душой ветэран-выратавальнік.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік і з архіва У. Фралова