Понедельник, 23 мая 2022

Акунуцца ў свет космасу можна… у цэнтральнай раённай бібліятэцы!

366

У цэнтральнай раённай бібліятэцы 12 красавіка прайшло тэматычнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня касманаўтыкі. У гэтым годзе святкуецца некалькі юбілейных дат: спаўняецца 60 гадоў з дня зацвярджэння гэтага свята, а таксама 80-годдзе двух касманаўтаў-беларусаў — Уладзіміра Кавалёнка і Пятра Клімука.

На сустрэчы прысутныя пазнаёміліся з біяграфіяй і фактамі з асабістага жыцця першага касманаўта-беларуса Пятра Клімука, больш падрабязна даведаліся пра адзіны музей у Рэспубліцы Беларусь, прысвечаны касманаўтыцы, які знаходзіцца ў аграгарадку Тамашоўка Брэсцкай вобласці. У музеі, дзе адноўлена атмасфера космасу, ёсць асобная кампазіцыя, прысвечаная Пятру Клімуку: выстаўлены асабістыя рэчы касманаўта, макет дома, дзе ён жыў, бюст, макет самалёта, на якім рабіў палёты.

Мерапрыемства было дапоўнена адкрыццём выставы «Дарога ў космас», прысвечанай космасу, касманаўтыцы і касманаўтам. Частка фатаграфій і плакатаў была прадстаўлена Расійскім цэнтрам навукі і культуры г. Брэста.

Бібліятэка прымае заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў і агляд экспазіцыі. Акунуцца ў свет космасу можна будзе да 24 красавіка.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік