Понедельник, 23 мая 2022

Цішыня, водар і сустрэчы з ляснымі насельнікамі. Вартавымі «сэрца» пушчы працуюць Валянціна Пілюцік і Ірына Рубель

388

Неяк адзін наш падпісчык паскардзіўся на тое, што на старонцы «Пушчанскі куфэрак» рэдка пішуць пра разумных, цікавых, таленавітых і працавітых людзей са спрадвечна пушчанскіх вёсак — Чадзеля, Дзетаветчыны, Глыбокага Кута, Борак… Чытач меў рацыю: апошні раз журналісты «раёнкі» выязджалі ў «сэрца» пушчы гадоў пяць таму. Тэрмінова выпраўляем памылку.

Сёння раскажам пра работніц кантрольна-прапускнога пункта Язвінскага лясніцтва НП «Белавежская пушча» Валянціну Пілюцік і Ірыну Рубель.

Валянціна Уладзіміраўна родам з Брэсцкага раёна, які, да слова, не можа пахваліцца такімі лясамі, як наша Пружаншчына. Па спецыяльнасці жанчына повар. Таму, калі прыехала ў Папялёва, на радзіму маці і бабулі, і выйшла замуж за мясцовага хлопца, адразу стала працаваць у дзіцячым садку. Пазней шчыравала ў школьнай сталоўцы і ў летнім лагеры. А пасля закрыцця адукацыйнай установы сышла «за шлагбаум». У Валянціны двое дзяцей, якія ўжо вылецелі з бацькоўскага гнязда, але часта прыязджаюць да бацькоў у пушчу.

— Сын любіць пракаціцца з ветрыкам на матацыкле, а з дачкой, аматаркай «ціхага палявання», разам ходзім па ягады і ў грыбы, — усміхаецца жанчына.

Двое дзяцей — сын і дачка — і ў Ірыны Рубель. Яны яшчэ ходзяць у школу, але таксама не ўяўляюць свайго жыцця без лесу, зрэшты, як і маці. Ірына Аляксандраўна — мясцовая. Пасля заканчэння школы ў яе не атрымалася паступіць туды, куды марыла, таму вырашыла застацца ў вёсцы. Так з 1994 года і працуе на КПП.

Такім чынам, агульны працоўны стаж жанчын «на шлагбауме» складае без малога 45 гадоў. За гэты час ім давялося зведаць тут нямала як прыемных, так і не вельмі момантаў.

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што на пункце пропуску, які знаходзіцца ў кіламетры ад вёскі, суцэльны адпачынак. Ніхто не спрачаецца, што свежае гаючае паветра, пяшчотнае шчабятанне птушак, ненадакучлівы стук дзятла, асцярожны шоргат лісця і іншыя пушчанскія хітрыкі выклікаюць, як мы самі пераканаліся, асаблівы настрой і рэлаксацыю душы.

Аднак працаваць у лесе ў поўнай адзіноце, няхай сабе і ў прыгожым доміку, па дванаццаць часоў — тая яшчэ задача. Дарэчы, словазлучэнне «у поўнай адзіноце» тут даволі ўмоўнае. Госці бываюць. І не толькі работнікі пушчы ці людзі, якія жывуць на яе тэрыторыі.

— Звяры наведваюць, — усміхаюцца жанчыны. — І не абы якія. Бывала, сядзіш, нікога не чапаеш, паднімаеш галаву — а ў акне алень стаіць з вялікімі рагамі. Вельмі шмат ланяў тут бегае. Заходзіў у госці і адзінокі воўк. Тут недалёка неяк ваўчыху забілі — і ён, відаць, ад тугі засумаваў і пайшоў блукаць па наваколлях, нават у вёску заходзіў, але ніякай шкоды нікому не ўчыніў. Ваўкі, гавораць, вельмі верныя: пасля гібелі каханых у адзіноце бавяць свой век. Ой, усяго наглядзеліся!

— Аднойчы выходжу, гляджу: каля будкі на асфальце рысь ляжыць, прыйшла, бачыш ты, пагрэцца на сонейку. Ох, страху навяла! Я выйсці баялася. Патэлефанавала мужу, маўляў, рабі нешта: страшны звер лясны дадому не пускае. Тэлефанавала паляўнічым, але тыя прыехалі толькі праз некалькі гадзін, калі рысь схавалася. На наступны дзень пільнавалі яе, а тая не з’явілася. Абхітрыла, з’явіўшыся праз дзень: ізноў на асфальце сонечныя ванны прымала. Добра, што яшчэ кабаноў тут мала, — смяецца Валянціна Уладзіміраўна.

Ёсць што ўспомніць і Ірыне Аляксандраўне. Аднойчы, праўда, не ў лесе, а ў вёсцы, на задворках, яна пачула нейкі піск — і пад саломай выявіла двух маленькіх вожыкаў. Забрала да сябе дадому і стала са шпрыца іх магазінным малаком адпойваць.

— Месяц-два карміла. Спачатку вожыкі ў скрынцы дома сядзелі, затым пачала выпускаць іх на вуліцу, дзе наш кот з задавальненнем з калючымі малянятамі гуляў. А потым мы іх выпусцілі ў лес — і тыя пайшлі. Праз некаторы час прыходзіў на двор нейкі вожык. Але хто яго ведае: наш гэта ці не?! – з некаторым сумам у голасе расказвае Ірына.

Як успамінаюць жанчыны, раней каля іх доміка ўвогуле жыццё бурліла. Сюды прыязджала начальства з пушчы са сваімі гасцямі, тут збіраліся леснікі, праз КПП праязджала шмат турыстаў на веласіпедах, а апошнія два гады з-за кавідных абмежаванняў — нікога.

— Калі не лічыць… мігрантаў. З імі мы сустрэліся пры асаблівых абставінах. Іду неяк на працу, гляджу: сумка на дарозе стаіць, азірнулася — вакол ні душы. А потым, як сцямнела, пастукалі ў дзверы… Прызнацца, спалохалася. Але нечаканыя госці паводзілі сябе спакойна, культурна, праз перакладчыка папрасілі выклікаць таксі. І патлумачылі, што бягуць ад вайны, — успамінае Ірына Рубель.

Пра кожнага мігранта жанчыны-кантралёры своечасова паведамлялі на заставу, за што пазней атрымалі падзякі ад яе кіраўніцтва.

Алена Зялевіч, фота аўтара