Понедельник, 23 мая 2022

Спартыўнае свята падарылі пружанцам праваахоўнікі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей

554

У мінулую суботу ў Лядовым палацы нашага горада адбыўся таварыскі турнір па хакеі паміж зборнымі ўпраўленняў унутраных спраў Брэсцкага і Гродзенскага аблвыканкамаў.

Падобныя матчы сталі традыцыйнымі з 2011 года, сёлетняя сустрэча стала юбілейнай, дзясятай, вось толькі дагэтуль яны ладзіліся ў Кобрыне. Чаму было вырашана змяніць адрас правядзення спартыўнага мерапрыемства? Прычыны патлумачыў начальнік Брэсцкага УУС Алег Шулякоўскі.

— Бягучы год абвешчаны Годам гістарычнай памяці, а на Пружаншчыне нямала матэрыяльных напамінаў пра тыя выпрабаванні, што перанёс наш народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, — зазначыў Алег Мікалаевіч. — У перыяд акупацыі гітлераўцы спалілі больш за 9 тысяч беларускіх вёсак, у тым ліку і на Пружаншчыне. Аб чым сведчыць помнік спаленым вёскам, устаноўлены ў райцэнтры.

Менавіта каля яго з мітынгу-рэквіема пачалася афіцыйная частка спартыўных спаборніцтваў. Арганізатары і ўдзельнікі мерапрыемства разам з прадстаўнікамі мясцовай улады ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяла, а потым наведалі ў палацыку выставу, прысвечаную раскрытым органамі пракуратуры дадатковым доказам гітлераўскага генацыду ў часы акупацыі.

Трэба адзначыць, што арганізатары вырашылі надаць спартыўна-сямейнаму мерапрыемству даступнасць. Таму для ўсіх жадаючых уваход у Лядовы палац ў гэты дзень быў свабодны. І тыя, хто прыйшоў на турнір, не пашкадавалі. Падчас адкрыцця да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які расказаў пра цікавыя прапановы: выставы народных умельцаў, тэматычныя пляцоўкі з экспанатамі ваенных часоў, работа аніматараў з рознымі конкурсамі. Таксама можна было выпіць гарачы чай і пакаштаваць смачную салдацкую кашу. І, безумоўна, захапляючым быў сам турнір, мяркуючы па азарце, што панаваў на лядовай пляцоўцы і сярод гледачоў.

Літаральна з самага пачатку першага перыяду брэсцкія хакеісты атакавалі вароты праціўніка, напады чаргаваліся кожную мінуту. Трэба адзначыць, што тэхнічна і па напоры яны былі на галаву вышэй за гасцей з Гродзеншчыны. Як вынік — першая шайба апынулася ў сетцы гродзенцаў на 4-й мінуце. Другі перыяд таксама пачаўся з чарговай шайбы ў вароты гродзенскай зборнай. Вось толькі запалу брастаўчанам да канца турніру не хапіла — і ў выніку перамагло сяброўства: таварыская сустрэча закончылася з лікам 3:3. Удзельнікі турніру былі адзначаны памятнымі падарункамі. Нямала сувеніраў дасталося і гледачам, асабліва юным, якія ўдзельнічалі падчас перапынкаў у розных конкурсах на спрыт і трапнасць.

У цэлым і арганізатары, і ўдзельнікі спаборніцтваў засталіся задаволенымі прыёмам і падрыхтоўкай спартыўнай пляцоўкі. Са свайго боку начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Алег Шулякоўскі зазначыў, што гэты таварыскі турнір будзе першым у бягучым годзе са спіса запланаваных мерапрыемстваў. Сярод іх — легкаатлетычныя і іншыя спаборніцтвы, якія, магчыма, таксама будуць праведзены ў нашым райцэнтры.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Відэарэпартаж тэлерадыёкампаніі «Брэст»

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283536909