Понедельник, 23 мая 2022

Анёлам дабрыні называлі сябры Лізавету Шылаву — жанчыну, якая прайшла праз пекла фашысцкай няволі

327

11 красавіка мы адзначым Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў смерці. Праз іх прайшло больш за 18 мільёнаў чалавек, у тым ліку з Пружаншчыны.

Лізавета Шылава (крайняя злева) падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасці. 2016 год.

Праз пекла фашысцкай няволі прайшла і Лізавета Пятроўна Шылава.

Яе называлі анёлам дабрыні, які па поклічу свайго сэрца ўсё сваё жыццё дапамагаў бяздольным і няшчасным, дарыў людзям любоў і цяпло. Два месяцы таму гэты анёл паляцеў туды, дзе няма слёз, няма гора і смутку. І нам вельмі не хапае яго ўсмешкі…

Нарадзілася Лізавета Пятроўна ў 1930 годзе на Міншчыне ў шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей. З пачаткам акупацыі і арганізацыяй партызанскага руху яе бацька стаў сувязным атрада імя Ленінскага камсамола. У сакавіку 1943 года з-за даносу паліцаяў у лес вымушана была сысці ўся сям’я. Старэйшыя дзеці сталі падрыўнікамі і разведчыкамі. Адзін брат Лізаветы быў цяжка паранены пры падрыве цягніка і да апошняга патрона адстрэльваўся, забяспечваючы адыход групы; другі загінуў ужо на фронце —пры вызваленні Усходняй Прусіі. Малодшыя жылі ў сямейным лагеры…

У маі 1944 года немцы сталі бамбіць лес, дзе знаходзіўся лагер. Жанчыны з дзецьмі былі вымушаны хавацца на балоце. Калі па ім ланцужком пайшлі карнікі з сабакамі, людзі кінуліся назад у лес, але і там іх сустрэлі аўтаматныя чэргі. Так 13-гадовая Ліза патрапіла ў палон.

Усіх палонных, як жывёлін, пагрузілі ў таварныя вагоны і адправілі на захад. Першым прыпынкам стаў Асвенцім. У канцлагеры прыбыўшых апрацавалі нейкім растворам і, паўторна загнаўшы ў вагоны, адправілі далей, у Германію. Невядома, чаму іх не пакінулі ў Асвенціме, але, як успамінала пазней Лізавета Пятроўна, аднаго дня хапіла, каб у яе памяці застаўся жудасны чорны дым, які валіў з труб крэматорыя…

Наступным прыпынкам стаў г. Брандэрбург. Тут пасля чарговай апрацоўкі палонным выдалі па порцыі смярдзючай баланды. Неўзабаве прыехалі баўэры — адбіраць сабе рабоў. Маленькая Ліза вымушана была стаяць на «рынку працы» тры дні: худзенькі, невысокага росту падлетак быў нікому не патрэбны.

Яе адправілі ў лагер Фалькензее, дзе прымушалі працаваць нароўні з дарослымі і з любой нагоды бязлітасна білі цяжкімі дубінкамі. У голадзе і холадзе, з драўлянымі калодкамі на нагах, дзяўчынка працавала з 7 раніцы да 10 гадзін вечара. І здавалася, што гэтаму пеклу не будзе канца…

У студзені 1945 года Лізавету і яшчэ адну дзяўчыну перавялі на працу ў падземны ваенны завод, замацавалі за чатырма станкамі. Умовы працы былі такія, што адзіным збавеннем ад невыносных, нечалавечых здзекаў ім здавалася смерць. Яны малілі аб гэтым…

У канцы красавіка 1945 года Чырвоная Армія вызваліла лагер. Лізавета ўладкавалася ў шпіталь санітаркай, каб дапамагаць параненым, там жа захварэла на тыф і некалькі месяцаў лячылася. Дадому вярнулася толькі ў жніўні 1945 года.

Скончыла школу, паступіла ў Мар’іна-Горскі тэхнікум сельскай гаспадаркі. Пасля яго заканчэння ў 1952 годзе была накіравана на працу ў Пружанскі раён — на пасаду начальніка міжраённай дзяржінспекцыі па якасці насення. Завочна адвучылася ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

У 1975 годзе Лізавету Пятроўну прызначылі галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, на гэтай пасадзе яна шчыравала да 1990 года. Яе руплівасць і адданасць справе заўважылі на самым высокім узроўні. Галоўны камітэт Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі адзначыў заслугі жанчыны бронзавым медалём. А Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР тройчы ўзнагароджваў яе медалём за доблесную працу.

Пружаншчына падарыла Лізавеце вернага мужа, з якім пражыла больш за паўстагоддзя і выхавала дваіх дачок. Тут жанчына знайшла адданых сяброў, якія ўмелі парадавацца за яе і падтрымаць ва ўсіх пачынаннях.

Лізавета Шылава ўражвала навакольных сваёй мудрасцю, справядлівасцю і актыўнасцю. Яна была адным з першых валанцёраў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Шмат гадоў узначальвала раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму». З’яўлялася актыўнай удзельніцай клуба «Залатая восень». Разам з аднадумцамі шэфствавала над пацыентамі Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, займалася патрыятычным выхаваннем моладзі.

Нават калі пераехала да дачкі з прычыны цяжкай хваробы, Лізавета Пятроўна заўсёды цікавілася жыццём раёна, турбавалася аб родных і сябрах. Часцінка яе багатай душы назаўжды застанецца з намі.

Ляці, наш анёл, ляці…

Сябры.

Фота Сяргея Талашкевіча