Воскресенье, 22 мая 2022

Якая сітуацыя з насіллем над дзецьмі ў раёне і як абараніць ад яго падлеткаў? Расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч

573

У Беларусі дзейнічае шматграннае заканадаўства, у якім адлюстраваны ўсе аспекты паўсядзённага жыцця грамадства. Значная ўвага надаецца і абароне правоў непаўналетніх. Здаецца, у наш талерантны і гуманны час насілле над дзецьмі павінна стаць анахранізмам. Аднак, як сведчыць крымінальная статыстыка, і ў гэтым наша грамадства далёкае ад ідэалу. У тым ліку ў плане сексуальнага насілля над непаўналетнімі.

— Уцягненне дзіцяці ў прамыя ці ўскосныя дзеянні сексуальнага характару дарослымі з мэтай атрымання выгады або задавальнення ў любым выпадку разглядаецца заканадаўствам як насілле, — зазначае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віктар Клімашэвіч. — І не важна, ці рабілася гэта са згоды непаўналетняга, — за падобныя ўчынкі давядзецца адказваць перад законам.

Варта дадаць, што такія правапарушэнні адназначна трактуюцца толькі як крымінальныя злачынствы, за што прадугледжваецца адпаведнае пакаранне. І даволі сур’ёзнае. Напрыклад, летась жыхар раёна за дзеянні сексуальнага характару ў стаўленні да дзіцяці быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі. У бягучым годзе, як паведамляе Віктар Мікалаевіч, таксама ўзбуджана дзве крымінальныя справы за сужыцельства дарослага з непаўналетняй. І хаця іх узаемаадносіны склаліся па згодзе, усё роўна мужчына з’яўляецца фігурантам крымінальнага расследавання.

Па словах начальніка інспекцыі, заканадаўства строга карае не толькі прамыя ўчынкі, але і ўскосныя. Напрыклад, распаўсюджанне або дэманстрацыя выяў парнаграфічнага характару. Малалетняя жыхарка раёна пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы з дарослым карыстальнікам. Іх «сяброўства» дайшло да таго, што мужчына папрасіў дзяўчынку даслаць адкрытыя фотаздымкі. На што яна пагадзілася і хутка стала ахвярай шантажу. Добра, што ў падлетка хапіла розуму звярнуцца па дапамогу да дарослых, і зараз асоба зламысніка ўстанаўліваецца праваахоўнымі органамі.

Асноўнай праблемай з’яўляецца тое, што часцей падобныя выпадкі становяцца вядомымі міліцыянерам або настаўнікам. І толькі зрэдку трывогу пачынаюць біць бацькі. Часцей за ўсё гэта адбываецца з-за адсутнасці даверу паміж дзецьмі і бацькамі, асабліва, калі апошнія мала цікавяцца, як выхаванцы бавяць вольны час. Што самае трывожнае, падобныя ўзаемаадносіны практычна заўсёды складваюцца ў няўдалых сем’ях.

— Грамадскім арганізацыям, настаўнікам і нам, праваахоўнікам, трэба самастойна браць да ўвагі становішча дзяцей, якія выхоўваюцца ў падобных умовах. Дакладна сачыць за зменамі іх паводзін, інтарэсаў, а таксама іх асяроддзя.

У дадатак варта нагадаць і тым, хто ўсё-такі парушае правы непаўналетніх: падобныя злачынствы, як падкрэслівае начальнік інспекцыі, у большасці выпадкаў разглядаюцца як асабліва цяжкія. Па іх прадугледжаны максімальныя тэрміны зняволення, адсутнічае магчымасць амністыі і датэрміновага вызвалення. Пасля адбыцця пакарання па многіх крымінальных артыкулах прадугледжана забарона працаваць у сферы адукацыі ці іншых, дзе дапускаецца кантакт з дзецьмі.

Алег Сідарэнка. Фота з адкрытых крыніц