Четверг, 18 апреля 2024

Праект «Бацькаўшчына»: гісторыя Лінова звязана з вакзалам

426

Развіццю Пружанскага павета ў ХІХ стагоддзі садзейнічала ў тым ліку і будаўніцтва чыгункі. У лістападзе 1871 года адбылося адкрыццё лініі Смаленск – Брэст Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. На яе будаўніцтве працавала нямала мясцовых сялян.

Існуе легенда, нібыта чыгуначныя шляхі павінны былі ісці праз Пружаны, але мясцовыя купцы адмовіліся будаваць на свае сродкі вакзал. Так і з‘явілася ў дзясятку кіламетраў ад горада станцыя Лінёва (Лінова), якая пазней атрымала назву па суседняй вёсцы Аранчыцы.
Будынак вакзала спачатку быў драўляным, ды і наогул цагляных пабудоў у наваколлі было небагата. Хіба толькі гэты дом на цяперашняй вуліцы Вакзальнай? На фотаздымку часоў Першай Сусветнай вайны вуліца называецца Вясковай і складаюць яе літаральна некалькі дамоў. Цяпер яна, бадай, самая доўгая ў аграгарадку. У цагляным будынку шмат гадоў размяшчаўся сельскі Дом культуры, а калі нарэшце тут пабудавалі новы сучасны СДК, старая пабудова была перададзена пад жыллё.

Дарэчы, гадоў з дзясятак таму жыхар аднаго з дамоў на вуліцы Вакзальнай рабіў рамонт і ўбачыў, што ў якасці пліты падмурка выкарыстаны вялізны камень з надпісам на нямецкай мове. Тэрмінова сабралі «савет краязнаўцаў». Патрабавалася прачытаць, што напісана, вырашыць, ці не надмагілле гэта, бо ў такім выпадку давялося б камень выцягваць, разбураць сцяну. Аказалася, што гэта — памятны знак, устаноўлены з нагоды прыезду ў 1916 годзе нямецкага генерала Войрша, які камандаваў групай армій на цэнтральным участку фронта.

Падрыхтавала Ірына Сядова

Фота «да» — зроблена ў 1916-1918 гг. і ўзята з сайта fotopolska.eu, фота «пасля» зрабіла Кацярына Масік у 2022 г.