Понедельник, 23 мая 2022

«Катарына» прынесла на Пружаншчыну моцныя снегапады, якія сталі прычынай адключэння святла, вады і ДТЗ

523

Цыклон «Катарына» зноў вярнуў зіму ў наш рэгіён. Як паведамляе раённая метэастанцыя, за два дні, 1 і 2 красавіка, у выніку моцных снегападаў таўшчыня снежнага покрыва дасягнула 21 сантыметра. Гэта з’яўляецца абсалютным рэкордам за апошнія чатыры гады. Трэба адзначыць, што цыклон прайшоў «выбарачна», закрануўшы толькі некалькі раёнаў вобласці. Найбольш моцныя снегапады зарэгістраваны на Пружаншчыне і Камянеччыне.

Снежная анамалія прывяла да шэрагу аварыйных сітуацый. У цэнтры аператыўнага кіравання райаддзела па надзвычайных сітуацыях зарэгістравана каля дзясятка зваротаў грамадзян з просьбай дапамагчы — па прычыне адключэння святла, вады, а таксама падзення аварыйных дрэваў. Апошнія і сталі прычынай адключэння святла ў больш чым у 30 населеных пунктах раёна. Таксама ствалы, якія не вытрымалі снегавую нагрузку, перакрылі дарогі ў раёне вёсак Каплі, Гута, на шэрагу ўчасткаў трас Р-78 Пружаны-Поразава і Р-85 Слонім-Высокае. Вечарам 2 красавіка дапамога спатрэбілася нават кацельні ў в. Крыніца, у якой з-за адключэння электраэнергіі спынілася водазабеспячэнне.

Каб перамагчы стыхію, былі задзейнічаны аварыйныя брыгады камунальнай службы, энергетыкаў, а таксама дарожных упраўленняў. Як адзначаюць кіраўнікі адпаведных арганізацый, у экстраным рэжыме на працягу двух дзён працавалі і людзі, і тэхніка. У выніку абышлося без цяжкіх наступстваў і пацярпелых.

Аварыйная сітуацыя склалася і на дарогах раёна. На закругленні дарогі каля аг. Шчарчова вадзіцель не справіўся з кіраваннем велікагруза, з-за чаго фура перакулілася. Таксама на пакрытай снегам дарозе каля аг. Стараволя занесла малакавоз. А ў раёне в. Далкі сутыкнулася два легкавыя аўтамабілі. Ва ўсіх выпадках абышлося без чалавечых ахвяр.

Пераважная частка наступстваў цыклону была ліквідавана на працягу 3 красавіка, на некаторых участках экстранныя брыгады працавалі ў панядзелак, 4 красавіка.

Паводле папярэдніх прагнозаў, у бліжэйшыя дні чакаецца рэзкае пацяпленне і масавае раставанне снежнага покрыва. Магчымы падтапленні нізкіх участкаў і склепаў.

Алег Сідарэнка. Фота з групы РУП «Брэстэнерга» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» і Уладзіслава Шпарлы