Понедельник, 23 мая 2022

Меркаванні: Наколькі важнымі з’яўляюцца гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Расіяй?

276

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі — важная дата для абедзвюх дзяржаў. Вось ужо чвэрць стагоддзя беларуска-расійскія адносіны паспяхова развіваюцца ва ўсіх сферах, даючы магчымасць нашым народам плённа супрацоўнічаць і ўзнімацца на больш высокую ступень развіцця. Як гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі паміж народамі Саюзнай дзяржавы ацэньваюць пружанцы?

Ірына Ліхтаровіч, начальнік аддзела эканомікі Пружанскага райвыканкама:

— Развіццё добрасуседскіх адносін паміж нашымі краінамі будуецца на прынцыпах даверу, раўнапраўя, уліку інтарэсаў адна адной. У эканоміцы нашых дзяржаў усё цесна ўвязана. Мы спрадвеку гандлявалі з Расіяй. 70% нашага экспарту тавараў — гэта экспарт на расійскі рынак. Мы пастаўляем сваім суседзям свае якасныя прадукты харчавання. Асноўная экспартная пазіцыя на рынак Расійскай Федэрацыі — малочная прадукцыя (сыры, масла, сухая малочная сыроватка).

У той жа час мы выкарыстоўваем расійскі прыродны газ. Без расійскага металу не вырабляецца ні адзін від прадукцыі ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей». Саюз нашых дзяржаў — гэта эканамічна выгаднае супрацоўніцтва для абодвух бакоў.

Аляксандр Момлік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама:

— Гістарычна так склалася, што народы Беларусі і Расіі разам пераадольвалі ўсе эвалюцыйныя этапы развіцця свайго грамадства. Нашы народы ішлі па адной лесвіцы, дружна, крок за крокам. Разам змагаліся са знешнімі праціўнікамі, вырашалі ўнутраныя задачы. У розных дзяржаўных утварэннях, пачынаючы з часоў Кіеўскай Русі і да сённяшняга дня, мы — разам.

Падзеі, якія адбываюцца ў нашай краіне, паказваюць, што галоўным саюзнікам Беларусі была і застаецца Расійская Федэрацыя. Мы разам выстаялі ў 2020 годзе, разам дапамагалі Казахстану пераадольваць крызіс 2022-га. Большасць з нас маюць сувязі як роднасныя, так і праз знаёмых з рознымі рэгіёнамі Расіі. Гэта забяспечвае яднанне нашых народаў: мы гаворым на роднасных мовах, думаем аднолькава, мы — славяне, расцем ад аднаго кораня. За многія гады нашы народы настолькі цесна перапляліся адзін з адным, што адрозненняў паміж намі менш, чым падабенстваў. Таму беларускі народ і пачаў будаванне Саюзнай дзяржавы менавіта з Расіяй.

Таццяна Гуторкіна, дырэктар Пружанскай раённай бібліятэкі імя М. Засіма

— Паміж нашымі двума народамі існуюць непарыўныя культурныя сувязі. Нашы традыцыі і звычаі, дзейнасць бібліятэк, тэатраў, клубаў, розныя культурныя мерапрыемствы вельмі падобныя. Мы працуем у адных і тых жа напрамках. Адбываецца пастаянны абмен вопытам. Былі б няпоўнымі фонды бібліятэк Беларусі без рускай класікі, а фонды расійскіх бібліятэк — без твораў В.Быкава, А.Адамовіча, перакладной літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа.

У рамках культурных праектаў наша бібліятэка працуе з Расійскім цэнтрам навукі і культуры г. Брэста, так званым «Рускім домам». У нас праходзяць сумесныя мерапрыемствы: па прадухіленні фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычным выхаванні, культурным абмене, робяцца выставы на розную тэматыку.

Падрыхтавала Вольга Вадзяновіч.