Понедельник, 23 мая 2022

Сумкі і кашалькі з лагатыпам «theABBVs». Сям’я Абубакіравых з Шарашэва стварыла ўласны брэнд, на які бацькоў натхніла… дачка Муза!

1 042

Падчас прыезду ў Шарашэва я забегла па справах на пошту і там звярнула ўвагу на стос невялікіх пасылак з лагатыпам «theABBVs», гатовы да адпраўлення. «Відаць, хтосьці расшчодрыўся на падарункі да 8 Сакавіка», – пажартавала ўслых, не здолеўшы схаваць сваю цікавасць.

І мела рацыю.

Аказваецца, побач з поштай, у будынку КБА, некалькі месяцаў таму мясцовая сям’я адкрыла вытворчасць па пашыве сумак і кашалькоў. А лагатып з’яўляецца манаграмай іх прозвішча — Абубакіравы.

Праз некалькі мінут мы ўжо заходзілі ў невялікі, але вельмі светлы і ўтульны цэх, дзе некалькі чалавек чаравалі над дэталямі модных аксэсуараў. А маленькая дзяўчынка па імені Муза іх натхняла.

— А як жа! Само імя да гэтага абавязвае, назвалі дачку ў гонар грэчаскіх багінь, якія ахоўвалі мастацтва і навукі, — смяюцца шчаслівыя бацькі, якія трымаюць марку ў прамым і пераносным сэнсе (на абодвух, звярнула ўвагу, фірмовыя футболкі). І пачынаюць знаёміць з гісторыяй іх вытворчасці.

— Музе і месяца не было, калі я прапанавала мужу заняцца якім-небудзь сямейным бізнесам, — успамінае Крысціна. — Захацелася працаваць на сябе, а галоўнае — больш часу праводзіць з сям’ёй. І ён пагадзіўся. Я надумала шыць такія важныя аксэсуары, як торбы і кашалькі. Максім, інжынер па адукацыі, хутка знайшоў ужыванне сваім ведам: у інтэрнэце падгледзеў нюансы вырабу лякал і асаблівасці кройкі. Аформіліся як рамеснікі і запусцілі… швейныя машынкі. Хаця вялікі аб’ём працы рабілі і робім уручную.

— У якасці сыравіны выкарыстоўваем толькі натуральную скуру, якую закупляем на гарбарным заводзе пад Мінскам, — актыўна падтрымлівае размову мужчына. — Разам з жонкай малюем узоры для мужчынскіх і жаночых сумак і кашалькоў, затым я чарчу шаблоны, выкройваем дэталі, афарбоўваем і шыем.

У цэху было нямала гатовай прадукцыі, таму мы змаглі разгледзець вырабы ва ўсёй красе. Мадэлі розныя — ад міні да максі, але ўсе іх аб’ядноўваюць стыльная лаканічная форма, модная каляровая гама і вельмі зручныя зашпількі.

Пакуль Максім Абубакіраў дэманстраваў нам прадукцыю, Крысціна расказала сямейную перадгісторыю.

Маладая жанчына родам з Шарашэва, а яе муж — з Гродна. Пазнаёміліся дзякуючы інтэрнэту. Згулялі вяселле і вырашылі звіць сваё гняздо ў Шарашэва. Да таго часу Крысціна паспела скончыць Брэсцкі музычны каледж, адвучыцца завочна ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Псіхалогія» і папрацаваць псіхолагам у Шарашэўскай СШ. Максім уладкаваўся на пілараму.

— А потым па маёй просьбе змяніў сферу дзейнасці. Сёння наша прадукцыя карыстаецца нядрэнным попытам у пакупнікоў. І мы гэтаму рады. Не ведаем, што будзе ў будучым. Магчыма, з лёгкай рукі нашай маленькай Музы ўзнікнуць новыя ідэі. Але ў любым выпадку «theABBVs» застанецца нашым сямейным брэндам, — кажа жанчына.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік