Понедельник, 23 мая 2022

Наша апытанне з нагоды Міжнароднага дня шчасця: Што значыць для пружанцаў быць шчаслівымі?

422

Аказваецца, сёння, 20 сакавіка, адзначаецца Міжнародны дзень шчасця. Як кажуць, шчасця не можа быць шмат. У больш глабальным значэнні гэта, вядома ж, мір, стабільнасць, эканамічная і экалагічная бяспека, адсутнасць пандэмій, нарэшце…

Але ж у кожнага з нас ёсць сваё маленькае шчасце, якое і робіць жыццё цудоўным. Мы спыталі ў жыхароў горада: а што для іх значыць быць шчаслівымі?

Жанна:

— Шчасце для мяне — гэта напоўненасць: энергіяй, клопатам, каханнем, радасцю — усімі тымі пазітыўнымі якасцямі, якія ўласцівы чалавеку. Прычым усе гэтыя эмоцыі абавязаны працаваць у абодва бакі: паміж людзьмі павінен адбывацца гарманічны абмен. Лічу, што шчасце часта заключаецца ў звычайным добрым дні. Можна ім напоўніцца, пабыўшы на прыродзе, асабліва са сваімі каханымі і роднымі людзьмі.

Іван:

— У першую чаргу шчасце для мяне заключаецца ў дабрабыце сям’і. А каб быў гэты дабрабыт, неабходна добрая праца з высокім узроўнем заработнай платы. Тады сям’я не будзе ні ў чым мець патрэбу. Няўжо гэта дрэнна? А ў дадзены момант шчасце — гэта каб было хоць +10 на вуліцы і вясна, якая сагравае сонейкам.

Валерыя:

— Для мяне шчасце на дадзены момант — гэта паспяхова здаць ЦТ, экзамены і стаць студэнткай ВНУ. Я збіраюся паступаць у БДЭУ у Мінск, хачу звязаць сваё жыццё з маркетынгам і менеджментам. А ў паўсядзённым жыцці адчуваю сябе шчаслівай, калі гатую розныя смачныя стравы. Мне вельмі падабаецца чараваць у пліты і частаваць блізкіх нечым смачненькім.

Таццяна:

— Я шчаслівая, калі ўсе мае родныя здаровыя, а над галавой — мірнае неба. Увогуле — калі ўсё добра. А паколькі працую ў дзіцячым садку, то для мяне шчаслівы кожны дзень, калі ўсё на працы не адбылося якіх-небудзь няштатных здарэнняў. Дзеткі ў парадку — і свае, і чужыя.

Юрый:

— Для мяне шчасце — гэта мая сям’я: жонка, сын, бацькі. Самае галоўнае іх здароўе і дабрабыт. Калі ў сям’і ўсё добра, няма сварак і спрэчак, калі ўсе клапоцяцца адзін пра аднаго, ці ж гэта не падстава для шчасця? Асабліва шчаслівымі для мяне з’яўляюцца моманты дзіцячай радасці. Заўсёды імкнуся парадаваць сваё дзіця. А яшчэ, як гаворыцца, патрэбны мір ва ўсім свеце. Без гэтага таксама ніяк.

Віталь:

— Можа, прагучыць банальна, але я лічу, што шчасце — гэта мірнае жыццё і здароўе блізкіх. Бо галоўнае, каб не было вайны, якая прыносіць толькі гора. А яшчэ для мяне шчасце — гэта калі на небе свеціць сонейка, ёсць праца, якая прыносіць задавальненне, з дзецьмі ўсё ў парадку, а каханая жонка побач.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярына Масік