Воскресенье, 22 мая 2022

«Жанчына-мара», «жанчына-элегантнасць», «жанчына-шык»! Паэтка Ніна Дыдышка адзначыла сваё 75-годдзе!

639

Так павялося ў грамадстве, што ў жанчын не прынята пытацца пра ўзрост, каб не паставіць іх у няёмкае становішча. Але гэтая жанчына свайго веку не хавае. Яна заўсёды ўпэўнена ў сабе, бо ведае, што вельмі прыгожая. І старэць яна імкнецца таксама прыгожа.

10 сакавіка сваё 75-годдзе адзначыла Ніна Васільеўна Дыдышка.

«Жанчына-мара», «жанчына-элегантнасць», «жанчына-шык» – менавіта такімі эпітэтамі ўсхвалялі юбілярку сябры і калегі, якія сабраліся ва ўтульнай гасцёўні раённай бібліятэкі імя М.Засіма, каб павіншаваць віноўніцу ўрачыстасці.

Але спачатку вядучая імпрэзы коратка нагадала гасцям пра віхуры лёсу вядомай на Пружаншчыне паэткі і педагога. Ніна Дыдышка нарадзілася ў Ляхавіцкім раёне. Бацькі былі высокадухоўнымі, адукаванымі і працавітымі людзьмі і зрабілі ўсё магчымае, каб прывіць гэтыя якасці чатыром сваім дзецям. У кожнага з іх свой талент: хто вышываў, хто маляваў, а Ніна спявала так, што ўсе заслухоўваліся. Нядзіўна, што пасля школы без праблем паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча. Але потым рэзка змяніла планы: захацела стаць педагогам…

Пасля заканчэння ў 1969 годзе Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, Ніна Васільеўна некаторы час настаўнічала ў родным раёне. Калі выйшла замуж, па сямейных абставінах вымушана была шмат пераязджаць, нарэшце ў 1976-м прыехала на Пружаншчыну. Тут і засталася назаўсёды.

Працавала ў розных школах раёна, займалася з дзецьмі ў Доме піянераў і школьнікаў, шчыравала ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі. У 1984-м пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў СШ № 3, потым перайшла ўСШ № 5, дзе працавала да выхаду на пенсію. Карысталася павагай калег, вучняў і іх бацькоў. За сваю дзейнасць на ніве адраджэння роднай мовы настаўніца атрымала шмат падзяк ад розных устаноў адукацыі і культуры раёна.

Настаўніцкая справа – сэнс жыцця Ніны Дыдышка, таму пасля дзесяцігадовага перапынку, ужо будучы на пенсіі, жанчына-педагог пачала вучыць паэтычнаму слову членаў аб’яднання «Магія слова» пры ЦТДМ. Дарэчы, сама яна захапілася вершаскладаннем яшчэ ў студэнцкія гады. Паступова яе творы пачалі друкавацца ў газетах «Раённыя будні», «Заря», «Літаратура і мастацтва», «Народная трыбуна», «Настаўніцкая газета», а таксама ў часопісах «Родная мова» і «Алеся».

Жанчына ўжо выдала пяць аўтарскіх паэтычных зборнікаў, два з якіх знаходзяцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Адметна, што Ніна Васільеўна праяўляе актыўную грамадзянскую пазіцыю. Доўгі час яна была членам прэзідыума раённага савета ветэранаў, прымала ўдзел у стварэнні кнігі «Успомнім усіх пайменна», прысвечанай ветэранам Вялікай Айчыннай вайны раёна. Акрамя таго, яна стала сааўтарам літаратурна-мастацкага праекта «Тэксты», накіраванага на ўшанаванне памяці беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Тадэвуша Рэйтана (яго радавы маёнтак знаходзіцца на малой радзіме паэткі, у в.Грушаўка Ляхавіцкага раёна).

Увогуле Ніна Дыдышка вельмі любіць беларускую гісторыю і мастацтва, таму неаднаразова станавілася ганаровай госцяй творчых сустрэч у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», раённай бібліятэцы і іншых установах культуры і адукацыі раёна. Шмат гадоў жанчына з’яўляецца актыўнай удзельніцай клуба «Сяброўка» пры бібліятэцы.

Уласна, і ў яе шмат сяброў і аднадумцаў. У жанчыне струменіць жаданне жыць, ствараць і… падарожнічаць па свеце. Падарожжы для Ніны Васільеўны, як сама прызнаецца, станавіліся лепшай крыніцай натхнення.

— Аўстрыя, Германія, Францыя, Іспанія, Бельгія, Андора пакінулі незабыўны след у маёй душы. Там, за мяжой, многія з’явы выклікалі культурны шок, штосьці па-сапраўднаму смяшыла да слёз. Але для мяне нічога няма даражэй за нашу беларускую зямлю, за нашых шчырых і працавітых людзей, — прызналася падчас імпрэзы Ніна Васільеўна.

У гэты дзень яна прымала шчырыя віншаванні ад старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміра Яцкевіча, члена прэзідыума РСВ Таццяны Капіцы, старшыні гарадскога савета ветэранаў Аляксея Радзівончыка, загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольгі Сахарук і многіх іншых людзей. Усе разам потым сабраліся за святочным сталом, на якім красаваўся духмяны каравай, як сімвал сонца, якое вось ужо 75 гадоў «шчодра ззяе» над галавой таленавітай прыгажуні Ніны Дыдышка. Жанчына кожнага адарыла сваёй цудоўнай усмешкай і шчыра падзялілася галоўным сакрэтам маладосці і шчаслівага жыцця:

— Так, ззяе сонейка! Усміхаецца рэчка, луг, ракіты вецце. Жывіце, сябры, як лёсам ужо пайшло. Радуйцеся усяму на гэтым свеце!

Алеся Смайлік. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/937284964744